род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).
Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ННЕ,
адзін са спосабаў вегетатыўнага размнажэння. Адбываецца ўтварэннем на мацярынскім арганізме почкі (нарасці), з якой развіваецца новая асобіна. Уласціва некат. грыбам, імхам, беспазваночным жывёлам. У жывёл (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві і інш.) П. бывае вонкавае і ўнутранае. Пры вонкавым почкі ўтвараюцца на целе маці або на сталонах (некат. кішачнаполасцевыя, абалоннікі). Пры ўнутр. П. новая асобіна развіваецца з адасобленага ўнутр. ўчастка цела маці. Напр., у губак і імшанак такія ўтварэнні маюць ахоўныя абалонкі і здольныя перажываць зімовыя або засушлівыя ўмовы, калі мацярынскі арганізм гіне. У шэрагу жывёл П. не адбываецца канчаткова — маладыя асобіны застаюцца злучанымі з мацярынскім арганізмам і ўтвараюць калоніі. Штучнае П. можна выклікаць неспрыяльным уздзеяннем на мацярынскі арганізм (напр., апёкам, парэзам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДЫКУЛЁЗ (ад лац. pediculus вош),
паразітарнае захворванне скуры чалавека, якое выклікаюць укусы вошай. Пашыраны сярод насельніцтва з дрэннымі сан.-гігіенічнымі ўмовамі, нізкім культ. узроўнем, бывае таксама ў час войнаў і прыродных бедстваў. На чалавеку паразітуюць галаўная, плацяная, лабковая вошы. Пры П. валасістай ч. галавы — моцны сверб, ад якога пры расчосах утвараюцца гнойныя пашкоджанні скуры, экзэма, часам павялічваюцца шыйныя, патылічныя, завушныя лімфатычныя вузлы. Плацяныя Адзежныя вошы, якія жывуць і адкладваюць яйцы ў складках адзення (на скуру пераходзяць для смактання крыві), пашкоджваюць скуру ў месцах, дзе адзенне шчыльна прылягае да цела (у падпахавых упадзінах, на спіне і інш.). Лабковымі вошамі заражаюцца пры палавых зносінах, праз пасцельную бялізну. Лячэнне тэрапеўт., санапрацоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ПЫ (Pipinae),
падсямейства бясхвостых земнаводных падатр. без’языкіх. 1 род (Pipa), 6 відаў. Пашыраны ў тропіках Паўд. Амерыкі. Жывуць у прэсных вадаёмах і каля іх.
Даўж. да 20 см; самкі буйнейшыя за самцоў. Цела шырокае, пляскатае. Морда завостраная. Вочы без павекаў. Пярэднія ногі з 4 доўгімі пальцамі без плавальных перапонак, заднія даўжэйшыя, з 5 пальцамі, злучанымі пераполкай. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Размнажэнне найб. вывучана у П. сурынамскай: яйцы (да 114) з дапамогай самца трапляюць у ячэйкі яйцаклада, які самка выварочвае сабе на спіну. Ячэйкі глыб. да 15 мм прыкрыты скурыстымі вечкамі, пад якімі ідзе развіццё яец і фарміраванне апалонікаў, пасля чаго з ячэек выходзяць сфарміраваныя жабяняты, а самка ліняе, мяняючы скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),
няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв.цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),
інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн.г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.
У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-рацела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін
[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],
лактагенны гармон,
гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),
атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн.г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.
Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.