каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́сці ​1, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. замёў, ‑мяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Падмятаючы, сабраць у адно месца; змесці. Замесці смецце ў вугал. // Падмесці на скорую руку. Замесці падлогу.

2. Занесці, засыпаць (снегам, пяском і пад.). Замяла дарогу лютая зіма. Бядуля. / у безас. ужыв. — Нашу хату аднойчы перад вайной за адну ноч зусім замяло. Алешка.

•••

Замесці сляды (след) — знішчыць, утаіць тое, што можа быць доказам віны. Пажар учынілі самі паліцэйскія: раскраўшы і прапіўшы збожжа, яны хацелі замесці сляды свайго злачынства. Шамякін.

заме́сці ​2, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. замёў, ‑мяла, ‑ло; зак.

Разм. Пачаць месці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.

1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.

2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць што‑н. вельмі старанна, рупліва. Ля адной платформы завіхаліся людзі на чале з Ваўчком — яны прыладжвалі з бярвення і дошак сход[ы] для машын. Хадкевіч. Зімою ў гэтым пакоі вучыліся чацвёрты і пяты класы, а летам завіхаліся служанкі: мылі, сушылі і прасавалі настаўніцкую бялізну. Лобан.

2. каля каго-чаго. Горача выяўляць сваю прыхільнасць, адданасць каму‑, чаму‑н. Завіхацца каля сям’і. □ Пантагрыні ж вельмі патрэбна была дапамога, таму ён і завіхаўся каля свайго заакіянскага госця. Маўр. // Заляцацца да каго‑н., упадаць за кім‑н. Гэтая прыгажуня з першага ж дня пачала неяк занадта шчыра завіхацца каля ўрача. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

муці́ць, мучу, муціш, муціць; незак., каго-што.

1. Рабіць мутным (у 1 знач.), каламуціць. Мільгалі лускою шчупакі. Здавалася часам, што гэта яны муцілі халодную паводкавую ваду. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Не даваць спакою, непакоіць, трывожыць. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. І душу муціць неспакой, А кожны грук і др[ы]гаценне У сэрцы болем аддаюць. Колас.

3. пераважна безас. Цягнуць на рвоту, быць у стане млосці. Яго муціла ад курэння. □ Назаўтра мяне так муціў голад, што я не ведаў, дзе мне дзецца. Сачанка.

•••

Муціць ваду — тое, што і каламуціць ваду (гл. каламуціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насцяро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад насцеражыць, насцярожыць.

2. у знач. прым. Напружана-ўважлівы і трывожны ў чаканні чаго‑н. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды, новенькім асаблівай веры.. не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя. Ваданосаў. Цяпер трэба было не варушыцца, дыхаць асцярожна і ціха, каб не спудзіць злітую з цемрай насцярожаную птушку. Паслядовіч. // Які выяўляе напружанасць, засцяроджанасць. Лена адсунулася да самай сцяны і не спускала з маці насцярожанага позірку. Шамякін. Аляксей акінуў суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сабе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.

1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.

2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.

2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.

3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак.

1. з кім-чым і без дап. Спыніць спрэчку, дайсці да згоды, пачаць жыць у згодзе. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк. [Іван:] — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў. У дарозе маці мала размаўляла з бацькам, але Люся ведала: скора яны памірацца. Даніленка.

2. на чым. Здаволіцца чым‑н., згадзіцца на што‑н. Урэшце [маці з Колем] памірыліся на тым, што Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́люс, ‑а, м.

1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.

2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.

3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.

•••

Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)