АХУ́НДАЎ (Мірза Фаталі) (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),
азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супрацьусх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас.арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),
французскі жывапісец і графік. Лідэр франц.рамантызму. Вучыўся ў П.Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.П.Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, В.Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супрацьням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т [ад лац. immunitas (immunitatis) вызваленне ад чаго-н.) у жывёл і чалавека, сукупнасць ахоўна-адаптацыйных рэакцый, накіраваных на ахову арганізма ад шкоднага дзеяння паразітаў, іншародных рэчываў і клетак антыгеннай прыроды.
Паняцце «І.» вядома са старажытнасці. У 1798 англ. ўрач Э.Джэнер даказаў магчымасць прышчэпак супраць воспы для выпрацоўкі І. Уласцівасць клетак крыві і розных тканак арганізма паглынаць мікробы і іншародныя целы адкрыў рус. мікрабіёлаг І.І.Мечнікаў (гл.Фагацытоз). Гумаральныя фактары І. (бактэрыцыдныя ўласцівасці сывараткі крыві) адкрылі ням. эпідэміёлагі Э.Берынг, Г.Бухнер, П.Эрліх і франц. эпідэміёлаг Э.Ру. Адрозніваюць І. прыроджаны і набыты. Прыроджаны неспецыфічны І. — відавая ўласцівасць, якая перадаецца ў спадчыну. Забяспечваецца імуннымі (фагацыты і інш.) і неімуннымі (бар’ерныя і процімікробныя ўласцівасці скуры і слізістых абалонак, нармальная мікрафлора і інш.) фактарамі. Набыты — індывід. ўласцівасць; выпрацоўваецца на працягу жыцця, характарызуецца інтэграваннем фактараў прыроджанага І. і набыццём дадатковых ахоўных фактараў (антыцел — імунных глабулінаў, антывірусных клетачных злучэнняў). Узнікае пасля інфекц. хвароб, вакцынацыі (актыўны І.), пасля ўвядзення імунных сываратак, пры перадачы спецыфічных антыцел плоду ад маці (пасіўны І.). Паводле механізма перадачы адрозніваюць І. клетачны і гумаральны, па распаўсюджанасці — агульны і мясц., па сувязі з узбуджальнікамі хваробы — постінфекц. і інфекц., па накіраванасці — антытаксічны, антыбактэрыяльны, антывірусны, антыгрыбковы, антыпаразітарны, трансплантацыйны. проціпухлінны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ БЯСПЕ́КА,
супрацоўніцтва дзяржаў па падтрыманні міжнар. міру, прадухіленні ўзбр. канфліктаў, а ў выпадку неабходнасці — ліквідацыі актаў агрэсіі і аказанні калект. дапамогі, у т. л.ваен., яе ахвярам. У наш час сістэма К.б. ажыццяўляецца ў рамках міжнар. арг-цый, напр., Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спец. органаў (Савет Бяспекі ААН і інш.) і на рэгіянальнай аснове. Паводле Статута ААН рэгіянальныя арг-цыі не могуць распачынаць прымусовыя дзеянні без рашэння і агульнага кіраўніцтва Савета Бяспекі (толькі ён мае на гэта права). Для забеспячэння міру і К.б. выкарыстоўваюцца розныя сродкі: скарачэнне ўзбр. сіл, узбраенняў і іх асобных кампанентаў (ядз., хім. і інш.), вырашэнне міжнар. спрэчак і канфліктаў мірным шляхам, у т. л.дыпламат. і пасрэдніцкімі намаганнямі, стварэнне калект. міратворчых сіл, прыняцце прымусовых (у т. л. ваенных) захадаў супраць агрэсара і інш. Рэспубліка Беларусь у сістэме К.б. аддае перавагу заключэнню міждзярж. дагавораў у рамках СНД, Саюза Беларусі і Расіі, а таксама ў рамках рэгіянальных арг-цый (у т. л.Еўрап. Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе Мінскай групы), рэгіянальным пагадненням (праграма «Партнёрства дзеля міру», 27 дзяржаў, 1996) і інш.
Літ.:
Ивашов Л.Г., Булыгин А.Н. Коллективная безопасность в рамках Содружества Независимых Государств: состояние и перспективы обеспечения // Воен. мысль, 1998. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),
ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супрацьфеад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.Петрарка, Ф.Рабле, М.Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.Лесінг, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супрацьКазіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.