Абед ’абед, полудзень’, гл. есці, ежа. Прасл. obědъ (параўн. семантычныя разыходжанні серб.-харв. òбјед, славен. obèd ’асноўная, поўная ежа’ ад іншых славянскіх — рус. обед, польск. obiad, чэш. oběd, в.-луж. wobjed, н.-луж. hobʼed ’полудзень’). Пра першаснасць паўднёваславянскай семантыкі сведчыць, апрача лінгвагеаграфіі, адпаведнасць унутранай форме (ob‑ědъ, ob‑ědati sę) і тое, што значэнне ’полудзень’ мела сваю лексемную рэпрэзентацыю ў *pol‑dьnь. Гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 189–190. Параўн. Сцяц., Нар., 15.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пацёхціся ’пачаць расці’ (пух., Сл. ПЗБ). З пух. цёхці ’цягнуць’ (там жа), якое з цесці ’тс’. Да прасл. tęg‑nę‑ti > бел. цягнуць. Форма цёгці ўтварылася паводле ўзору могці ’магчы’, лягці ’легчы’. Спрацаваў у адваротным кірунку закон якання: ‑я‑ (у цягнуць) у I складзе перад націскам і ‑ё‑ пад націскам, хаця гістарычна тут павінна было б быць ‑я‑ (з прасл. ‑ę‑), як пяць, мяса, цягнуць і інш. Развіццё семантыкі: ’цягнуцца’ > ’пачаць расці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́дгур ’доўгая драўляная плашка, якая злучае пярэднюю і заднюю частку воза’ (Сцяшк. Сл.), ’падгерац’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Сцягнутая форма ад падгерац (гл.) ’жалезны прэнт, які злучае шворан з трайнёю калёс’ (параўн. рус. подтройник ’тс’), а таксама падгерц ’тс’ (Стан.). Магчыма, утворана на базе ням. Herzes ’стрыжань’. Такім чынам, пад‑герац ’тое, што трымае асноўны стрыжань (у дадзеным выпадку шворан)’. Параўн. літ. šerdesas ’шворан’ ад šerdis ’стрыжань’. З пункту погляду семантыкі параўн. падпанак!.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́рсткі ’хуткі, жвавы’ (ТСБМ, Некр.), гарачы, прыткі’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’запальчывы’ (калінк., Мат. Гом.), ’які балюча рэагуе на заўвагі ці парады’ (докш., Янк. Мат.; Янк. 1, Шат., Ян.), ’наравісты (пра жывёлу)’ (чэрв., Сл. ПЗБ), по́рскі ’хуткі’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё, да порскаць (гл.) пад уплывам семантыкі ’незадаволена рэагаваць’; ’фыркаць’, што суадносіцца і са значэннем ’пырхаць’, параўн. літ. pùrst ’пырх’, укр. порски́й ’хуткі, жвавы (пра каня)’, порськи́й ’тс’, гл. ЕСУМ 4, 528.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыгада́ць, прыгадва́ць ’узнавіць у памяці; прыпомніць’ (ТСБМ), прыгадава́ць ’гаварыць, лічыць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з далейшым развіццём семантыкі — ’прыдумаць; задумка’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг.), ’адшукаць; знайсці’: пригадай скорей верёвку, штоб взлезци (Нас.), таксама прыга́длівы ’знаходлівы’ (Нас.) і прыгада́ць ’дапамагчы; паспачуваць’: не плачь — мы твоей беде пригадаем (Дабрав., Кросны). Да гада́ць у значэнні (згодна з ТСБМ — размоўным) ’меркаваць’ (гл.), укр. пригада́ти ’ўзгадаць’, пригада́ти ’прыдумаць’. Спецыяльна гл. Булахаў, Развіццё, 43.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Серпарэ́знік ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (гом., Кіс.; Бейл., Мат. Гом., Ян.; паст., лоеў., Сл. ПЗБ, ТС), ‘трыпутнік ланцэталістны, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.), серпарэ́з ‘тс’ (Бейл.; барыс., брасл., Сл. ПЗБ), ‘крываўнік’ (ЛА, 1; Мат. Гом., ТС). Укр. серпорі́з ‘крываўнік звычайны’, рус. серпоре́знік ‘тс’. Ад серп і рэзаць, як сродак, які спыняе кроў пры парэзах (сярпом), параўн. “… як парэжам палец жнучы, дык добра прыкладаць серпарэзнік” (Сл. ПЗБ). Да семантыкі параўн. і крываўнік (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Сугалаўкі́, суголоўкі́ ’канец градак на полі’ (Выг.). Укр. су́голова, су́головок ’папярочныя барозны ў канцы ўчастка’, ’палявая сцяжынка ўздоўж поля, да якой упоперак прылягаюць іншыя ўчасткі’. Бел. (палес.) — укр. ізалекса; гл. Выгонная, Бел.-укр. ізал., 17. Да су- і галава, аформленае рознымі суфіксамі; адносна семантыкі параўн. рус. наўг. головни́к ’палявая дарожка, што ідзе цаліной па мяжы’, у аснове якой, відаць, метафара ’канец (пачатак) чаго-небудзь’, ’галава’, параўн. макед. глава ’вытокі ракі’; інакш гл. ЕСУМ, 5, 466.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́крак 1, сукра́к ’смольны корч са скручанымі слаямі’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ; Нар. сл., ПСл, Сцяшк. Сл.; лельч., Жыв. сл.; ЛА, 5), ’цурка’ (Нар. Гом.), ’палена з мноствам сукоў’ (хойн., Арх. ГУ), сукра́к ’вузел на нітцы’ (Сл. Брэс.; пін., Шатал.; ЛА, 5), су́кырак ’скрутак, завіток, кучаравінка’ (Бяльк.). Гл. сукро, сукарак.
Сукра́к 2 ’лядзяш’ (люб., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга, г. зн. ’скручаны’. Да семантыкі параўн. сукаць свечкі ’матаючы ў гарачы воск, рабіць свечкі’, гл. сукаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухаду́шына ’ўдар кулаком у хрыбет, моцны ўдар’ (Нас., Бяльк.), ’сухотнік’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, утворана на базе прыметніка сухаду́шны ’слабасільны’ (Нас.), што да сухі́ ’слабы, хілы; пусты’, параўн. слабаду́шны, маладу́шны, рус. тщеду́шный ’слабасільны’ і пад., другая частка звязана з дух (гл.), параўн. слабы́ ду́хам ’няўстойлівы, падатлівы’. Значэнне ’ўдар’, відаць, на аснове ду́хам ’мігам, хутка’, адны́м ду́хам (ды́хам) ’раптам, за адзін раз’ (ТСБМ), гл. таксама дыхаць; да семантыкі параўн. польск. suche razy ’біццё без крыві’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Такве́ле ’столькі’ (гродз., ЛА, 5), такве́ля ’тс’ (карэліц., навагр., капыл., Жыв. сл., Скарбы, Сцяшк., Жд. 2, Сл. Брэс.; нясвіж., Жд. 2; стаўб., Нар. сл.), ’столькі (многа), так шмат’ (Сцяц. Сл.), ’ледзьве’ (клец., Жд. 1), такве́ля таго ’хай сабе’ (Марц.), такве́ля бяды́ ’такой бяды’ (узд., Мілк.). Штучны паланізм, утвораны на мясцовай глебе з так і веле (гл.) або на глебе “пальшчызны крэсовай” спалучэннем польск. tak і wiele з развіццём семантыкі: ’гэтак многа’ → ’столькі’. Параўн. такеля, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)