НЕАРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

плынь у філасофіі і метадалогіі навукі, якая сфарміравалася ў Францыі і Швейцарыі ў 1930-я г. Прадстаўлена «Саюзам рацыяналістаў» (А.​Ражэ, П.​Ланжэвэн) і «Саюзам логікі, метадалогіі і філасофіі навукі» (Г.Башлар, Ф.​Гансет, Ж.​Дэтуш і інш.); прыхільнікамі Н. былі таксама Ж.Піяжэ і Н.​Мулуд, Ж.​Ульмо і інш. Неарацыяналісты вырашаюць праблему станаўлення і развіцця тэарэт. ведаў, пераважна прыродазнаўчых. Іх не задавальнялі апрыёрныя, застылыя схемы абгрунтавання ведаў, характэрныя для класічнага рацыяналізму, бездапаможнасць якога пацвердзілася «крызісам» прыродазнаўства. Прадстаўнікі Н. зрабілі стаўку на «абноўленае» рацыянальнае асэнсаванне карціны свету. Навука прадстаўлена ў Н. як сапраўдны сінтэз метафізічных процілегласцей (Башлар). Некаторыя дыялектычныя палажэнні, здагадкі не пераадолелі агульнага эклектычнага характару тэарэт. пабудоў Н.

Літ.:

Башляр Г. Новый рационализм: Пер. с фр. М., 1987;

Визгин В.П. Эпистемология Гастона Башляра и история науки. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСТАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.

Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карана́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае тоўстыя, моцныя карані. [Петрык] недалёка перад сабой убачыў самы сапраўдны дуб — каранасты, разгалісты, з рэдкім пажоўклым лісцем на магутнай кране... Якімовіч.

2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каржакаваты. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́зрух, ‑у, м.

Разм.

1. Тое, што і разруха. Хіба.. гэта першыя пасляваенныя гады, калі .. [Іваненка], вярнуўшыся з партызанаў, зноў працаваў трактарыстам, а вакол былі рэзрух, .. нястачы? Хадкевіч.

2. Беспарадак. [Сын] пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Тут быў сапраўдны рэзрух. Чорны. Нават у хаце ўсё было параскідана, стаяў рэзрух. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

real [ˈri:əl,ˈrɪəl] adj.

1. які́ рэальна існуе́; сапра́ўдны, рэа́льны;

real events рэа́льныя падзе́і;

in real life у рэа́льным жыцці́

2. натура́льны;

real silk натура́льны шоўк

3. непадро́блены, непрытво́рны, шчы́ры;

a real friend сапра́ўдны ся́бар;

He has a real interest in art. Ён па-сапраўднаму цікавіцца мастацтвам;

She is such a real person. У ёй няма ні кроплі прытворства.

♦

for real не на жарт;

the real thing сапра́ўдная рэч; першакла́сны твор; то́е, што трэ́ба

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

gentleman [ˈdʒentlmən] n. (pl. -men) джэнтльме́н, пан;

a true/perfect gentleman сапра́ўдны джэнтльме́н;

He is a gentleman. Ён прыстойны чалавек;

Good evening, ladies and gentlemen! Добры вечар, спадарыні і спадары!;

a gentleman’s agreement джэнтльме́нскае пагадне́нне

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),

праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.​Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.​К.​Лукашэвіч.

Геракліт.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,

аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)