АТРА́ТА (Atrato),

рака на ПнЗ Паўд. Амерыкі, у Калумбіі. Даўж. 644 км, пл. бас. 16 тыс. км². Пачынаецца на Зах. Кардыльеры, цячэ з Пд на Пн па шырокай (каля 80 км) забалочанай даліне паміж хрыбтамі Серанія-дэ-Баўдо і Зах. Кардыльерай, упадае ў зал. Ураба Дар’енскага зал. Карыбскага м., утварае дэльту. Мнагаводная на працягу года. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Суднаходная ад г. Кібдо (560 км). Па даліне Атраты пралягае тэктанічная мяжа паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБІЯ (Gambia),

рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Сенегале і Гамбіі. Даўж. 1200 км, пл. бас. 180 тыс. км². Пачынаецца на плато Фута-Джалон, у верхнім цячэнні парожыстая, у сярэднім і ніжнім звілістая, цячэ па шырокай даліне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый шыр. да 20—30 км. Паводкі ў перыяд дажджоў (чэрв.кастр.). Сярэдні расход вады 2000 м³/с. Марскія прылівы пранікаюць на 150 км ад вусця. Суднаходная на 350 км ад вусця, дзе знаходзіцца порт Банджул (Гамбія).

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БАСНА, Дабасна, Добысна,

рака ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 81 км. Пл. вадазбору 874 км². Пачынаецца каля пас. Скачок Кіраўскага р-на. Цячэ ў межах паўн. ч. Гомельскага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 700—900 м. Пойма двухбаковая, яе шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с. На рацэ вадасх. Добасна.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ВА (Drava, ням. Drau),

рака ў Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, часткова з’яўляецца мяжой паміж Харватыяй і Венгрыяй; правы прыток р. Дунай. Даўж. 749 км, пл. бас. 40,4 тыс. км². Пачынаецца ў Карнійскіх Альпах, перасякае Клагенфурцкую катлавіну, прарываецца праз паўд. адгор’і Усх. Альпаў і цячэ па Сярэднедунайскай раўніне. Гал. прытокі — Гурк, Мура (злева), Гайль, Карашыца (справа). Сярэдні расход вады 610 м³/с. Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі. Каскад ГЭС. Суднаходная. На Д. — гарады Філах (Аўстрыя), Марыбар (Славенія), Враждзін, Осіек (Харватыя).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЛІНГ (Darling),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток Мурэя. У верхнім цячэнні, да сутокаў з р. Калгаа, паслядоўна наз.: Думерэк, Макінтайр і Баруан. Даўж. 2740 км, пл. бас. 650 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах хр. Нью-Інгленд (сістэма Вял. Водападзельнага хр.), у ніжнім цячэнні працякае па паўпустыні. Сярэдні гадавы расход вады 42 м³/с. Жыўленне дажджавое. Рэжым паводкавы, ваганні ўзроўню вады да 6—8 м. У сухі перыяд года ў нізоўі перасыхае, распадаецца на плёсы. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУ́Л,

рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ВЕРЫ,

рака на Пд Індыі. Даўж. каля 800 км, пл. бас. 82,3 тыс. км. Пачынаецца на схілах Зах. Гатаў, перасякае паўд. ч. Дэканскага пласкагор’я, дзе ў вузкіх цяснінах утварае вадаспады (выш. да 91 м), упадае ў Бенгальскі заліў (пл. дэльты каля 10 тыс. км²). Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Сярэдні гадавы расход вады 550 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, на вадаспадах ГЭС. 2 буйныя вадасховішчы. Суднаходная ў вусці і на асобных участках у сярэднім цячэнні. На К. — г. Тыручырапалі.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДА,

рака на З Манголіі. Даўж. 561 км, пл. бас. каля 50 тыс. км². Вытокі на паўд. схілах горнага вузла Табын-Богда-Ола. У вярхоўях цячэ цераз Кабдоскія азёры, перасякае адгор’і паўн. схілу Мангольскага Алтая, ніжняе цячэнне па катлавінах Вял. азёр, дзе К. ўтварае забалочаную дэльту і разыходзіцца на 3 рукавы. Упадае ў воз. Хара-Ус-Нур. Жыўленне снегава-дажджавое, паводкі ў маі—чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 100 м³/с. Сплаўная.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́Я,

рака, правы прыток р. Алдан, у Хабараўскім краі і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1053 км, пл. басейна 171 тыс. км². Пачынаецца 2 вытокамі (Правая і Левая М.) і цячэ пераважна ў межах Юдама-Майскага нагор’я. У верхнім і сярэднім цячэнні даліна шырокая, забалочаная, у нізоўях больш вузкая. Асн. прыток — Юдама (справа). Сярэдні расход вады каля сяла Чабда 1180 м³/с. Ледастаў з 2-й палавіны кастр. да мая. Суднаходная на 547 км ад вусця.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)