польскі паэт, каталіцкі прапаведнік. Сын мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі. У 1740-я г. жыў у Мінску. Потым вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Паэт.зб. «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго 2-я частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у 19 ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсёмагутнасць смерці блізкая да нігілізму. Стыль Бакі выкарыстоўвалі В.Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У.Сыракомля («Наследаванне Баку»).
Літ.:
Nawarecki A. Czarny karnawał: «Uwagi śmierci niechybney» księdza Baki – poetyka tekstu i paradoksy recepcji. Wrocław etc., 1991.
клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.
Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА (канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),
легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял.кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАКЛІ́П,
жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае свядомыя адносіны сац. груп або асобы да патрабаванняў грамадства, яго нормаў і каштоўнасцяў. У адпаведнасці са сферамі праяўлення адрозніваюць паліт. маральную, юрыдычную і інш. адказнасць; у залежнасці ад яе носьбіта — індывідуальную (асабістую) і калектыўную. У індывіда адказнасць фарміруецца як вынік яго здольнасці вызначаць свой спосаб існавання і паводзін. Перадумовай асабістай адказнасці ў філасофіі лічыцца адзінства чалавечай жыццядзейнасці і неабходнасці апасродкавання ўздзеяння свядомасцю і выбарам самога індывіда. Таму чалавек здольны самавызначацца ў адносінах да свайго сучаснага і мінулага жыцця, быць «аўтарам» сваіх дзеянняў і ўчынкаў, г. зн. браць адказнасць за іх на сябе; ён усталёўвае ў рэальнасці пэўны парадак маральнасці, свабоды і належнага існавання, якія не залежаць ад наяўных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са старажытных германскіх моў (усх.-германская падгрупа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках 4 ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найб. значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах 5—6 ст.Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэч. і лац. алфавітах, а таксама на рунічным пісьме. Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгрывае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў. Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі. У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А.Г.Бусбекам у 16 ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЙНІ́ЗМ,
рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПАБУДАВА́ННІ,
рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.
Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАВАЯ ПРАМА́Я, лікавая вось,
прамая, на якой адлюстраваны сапраўдныя лікі. Кожны такі лік адлюстроўваецца пунктам на Л.п. і тым самым устанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць паміж мноствам сапраўдных лікаў і мноствам пунктаў на Л.п.
На прамой выбіраюць пункт O (пачатак адліку) і з правага боку ад яго — пункт E (адзінкавы пункт), адрэзак OEназ. маштабным (адзінкавым) адрэзкам. Яго даўжыня прымаецца за адзінку вымярэння даўжынь усіх адрэзкаў Л.п. Напрамак ад O да Eлічыцца дадатным, ад E да O — адмоўным. Дадатны сапраўдны лік a адлюстроўваецца адрэзкам OA, узятым у дадатным напрамку і даўжыня якога роўная a адзінкавых адрэзкаў. Калі пункт A з’яўляецца адлюстраваннем ліку a, то лік aназ. дэкартавай каардынатай (ці каардынатай) пункта A.