ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САР,
пасада (урад) у ВКЛ у 14—18 ст.П. вялікі — кіраўнік справаводства канцылярыі ВКЛ. Загадваў зборам дзярж. падаткаў, Метрыкай Вялікага княства Літоўскага, выконваў дыпламат. даручэнні. П. дэкрэтавы з 17 ст. загадваў дэкрэтавымі кнігамі Метрыкі, куды заносіліся рашэнні задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. П. двароў і валасцей загадвалі ў 16 ст. зборам падаткаў з дзярж. уладанняў. П. палявы з 16 ст. праводзіў рэгістрацыю войска ВКЛ і загадваў выдачай жалавання. П. скарбовыя з 16 ст. вялі ўлік прыходаў і расходаў скарбу (падзяляліся на прыходавых і расходавых). П. земскія з 14 ст. вялі справаводства земскіх судоў у паветах. Прызначаліся манархам з 4 кандыдатаў, абраных на павятовых сойміках. Захоўваў пячатку павета, якую прыкладаў да позваў. П. гродскія (замкавыя) з 16 ст. вялі справаводства гродскіх судоў, выконвалі натарыяльныя функцыі. П. месцкія загадвалі гар. канцылярыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАЎ (Buchow) Данііл Прынтц фон [14.9-1546, г. Львоў або Лемперк (Чэхія) — 1608], дыпламатгерм. імператара, пісьменнік. Як пасол Максіміляна II і Рудольфа II у 1576 і 1578 ездзіў у Маскву. Дамагаўся садзейнічання Івана IV у абранні на трон Рэчы Паспалітай аўстр. эрцгерцага Эрнста, сына Максіміляна II; прапаноўваў цару вывесці войскі з Інфлянтаў. У 1577 склаў на лац. мове справаздачу аб пасольстве, якая фактычна стала апісаннем Масковіі ў час Інфлянцкай вайны 1558—82. У ёй ёсць звесткі пра баявыя дзеянні, у т. л. на Беларусі, узяцце рус. войскам у 1563 Полацка. Пры напісанні карыстаўся рус. рукапісамі. Твор лічыцца праўдзівым па верагоднасці і дакладнасці звестак. Упершыню выдадзены ў 1668 у Нейсе.
Тв.:
Рус.пер. — Начало и возвышение Московии // Чтения в имп. о-ве истории и древностей Российских. 1876. Кн. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,
караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст.н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НШЭР ((Genscher) Ганс Дзітрых) (н. 21.3.1927, г. Гале, Германія),
палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ, дыпламат. Адвакат. У 1945 служыў у вермахце, быў у амер. і брыт. палоне. З 1946 чл. Ліберальна-дэмакр. партыі Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскім (да 1949) і Гамбургскім ун-тах. Пасля расколу Германіі (1949) жыў у ГДР, у 1952 перасяліўся ў ФРГ. З 1952 чл. Свабоднай дэмакр. партыі (СвДП), у 1974—85 яе федэральны старшыня. У 1969—74 міністр унутр. спраў ва ўрадзе В.Бранта. У 1974—92 міністр замежных спраў і нам. федэральнага канцлера (віцэ-канцлер) ва ўрадах Г.Шміта і Г.Коля. Дыпламатычна садзейнічаў палітыцы разрадкі ў адносінах паміж Усходам і Захадам, аб’яднанню Германіі ў 1990, прызнанню ў 1991—92 новых незалежных еўрап. дзяржаў (краін Балтыі, б. рэспублік Югаславіі) і інш.Дэп. бундэстага (з 1965). Ганаровы старшыня СвДП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,
нарады прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ў г.Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К.к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц.К-танац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К.к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),
бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял.кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
аўстрыйскі дыпламат.Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКДО́НАЛЬД ((Macdonald) Джэймс Рамсей) (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл.Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз.К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв. вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.