АДЭНА́ЎЭР (Adenauer) Конрад (5.1.1876, Кёльн — 19.4.1967),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Германіі, першы федэральны канцлер ФРГ. Юрыст. У 1917—33 і маі—крас. маі—кастр. 1945 обер-бургамістр г. Кёльн. У 1918—19 і 1923 выступаў за аддзяленне Рэйнскай правінцыі ад Прусіі і стварэнне Рэйнскай рэспублікі. У 1920—33 прэзідэнт прускага Дзярж. савета. Пры нацыянал-сацыялістах пазбаўлены пасады обер-бургамістра, у 1944 зняволены. З 1946 старшыня створанага ім Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у брыт. акупац. зоне, у 1950—66 федэральны старшыня ХДС. У 1948—49 старшыня Парламенцкага савета. У 1949—63 федэральны канцлер, адначасова міністр замежных спраў (1951—55). Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся прынцыпаў прававой дзяржавы. Урад Адэнаўэра падпісаў Парыжскія пагадненні 1954, ажыццявіў уступленне ФРГ у НАТО (1955), устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (1955).

К.Адэнаўэр.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́БІЧ Вячаслаў Францавіч (н. 10.6.1936, в. Канюшаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Канд. эканам. н. (1990). Засл. машынабудаўнік Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1958), Мінскую ВПШ (1984). З 1978 ген. дырэктар Мінскага вытв. аб’яднання імя Кірава па выпуску працяжных і адразных станкоў. У 1980—85 2-і сакратар Мінскіх гаркома, абкома КПБ, заг. аддзела цяжкай прам-сці ЦК КПБ. У 1985—90 нам. старшыні СМ, старшыня Дзяржплана БССР. У 1990—94 Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994 прэзідэнт Бел. гандл.-фін. саюза. Нар. дэп. СССР у 1989—91, дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Чл. ЦК КПБ у 1986—91, чл. ЦК КПСС у 1990—91. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

В.Ф.Кебіч.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-МАГО́Н (Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў у палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАС (Marcos) Фердынанд Эдралін (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДО́М СІЯНУ́К (н. 31.10.1922, Пнампень),

дзяржаўны дзеяч Камбоджы. Вучыўся ў В’етнаме і Францыі. У 1941—55 кароль Камбоджы, у сак. 1955 адрокся ад прастола на карысць бацькі Нарадома Сурамарыта. У 1955—60 прэм’ер-міністр Камбоджы, пасля смерці свайго бацькі (1960) кіраўнік дзяржавы. У 1970 скінуты ваеннымі. Узначальваў у Пекіне Каралеўскі ўрад нац. саюза Камбоджы. Пасля захопу ўлады ў крас. 1975 «чырвонымі кхмерамі» вярнуўся ў Камбоджу, дзе лічыўся ў 1975—76 кіраўніком дзяржавы, але фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. У студз. 1979 вызвалены. Асудзіў у 1979 увод в’етн. войск у Камбоджу, у 1982—88 узначальваў Нар. нац. вызв. фронт, які вёў узбр. барацьбу супраць урада Нар. Рэспублікі Кампучыя. У кастр. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, у 1991—93 старшыня Вярх. нац. савета. З вер. 1993 кароль Камбоджы.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯ́ЗАЎ Сапармурад Атаевіч (н. 19.2.1940, Ашгабат),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Туркменістана. Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1967). Ў 1959—65 на прафс. рабоце. З 1970 інструктар, нам. заг. аддзела ЦК Камуніст. партыі Туркменістана (КПТ). З 1980 1-ы сакратар Ашгабацкага гаркома КПТ, з 1984 інструктар аддзела Арганізац.-парт. работы ЦК КПСС. У 1985 старшыня Савета Міністраў Туркм. ССР. У 1985—91 1-ы сакратар ЦК КПТ. У студз.—ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета, з кастр. 1990 прэзідэнт Туркм. ССР. З ліст. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Туркменістан, з чэрв. 1992 адначасова і кіраўнік Кабінета міністраў. Старшыня Дэмакр. партыі Туркменістана. У 1993 парламент Туркменістана прысвоіў Н. найменне Туркменбашы (Бацька туркм. народа), а 28.12.1999 прыняў закон, які даў Н. паўнамоцтвы знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта краіны без абмежавання тэрміну.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́Н (perrón) Хуан Дамінга (8.10.1895, г. Лобас, Аргенціна — 1.7.1974),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Аргенціны. Скончыў Вышэйшую ваен. школу, выкладаў у ёй. З 1934 ваен. аташэ ў Чылі, у 1939—41 у Еўропе, вывучаў вопыт ваен. дзеянняў. Чл. групы афіцэраў, якая ажыццявіла ў чэрв. 1943 ваен. пераварот у Аргенціне. З 1943 ваен. міністр, міністр па пытаннях працы і сац. забеспячэння, віцэ-прэзідэнт. У 1945 арыштаваны, вызвалены ў выніку масавай кампаніі. У лют. 1946 абраны прэзідэнтам Аргенціны. Ажыццявіў праграму эканам. і сац. рэформ (нацыяналізацыя шэрагу прадпрыемстваў, стварэнне сістэмы сац. гарантый і г.д.). Вялікі ўплыў на П. аказвала яго жонка Э.​М.​Дуартэ Перон («Эвіта», 1919—52), якая фактычна кіравала яго сац. палітыкай, не займаючы афіц. пасад. Скінуты ваеннымі ў вер. 1955, жыў у эміграцыі. У 1973 вярнуўся на радзіму і абраны прэзідэнтам Аргенціны.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТУ́Н Антон Мартынавіч (13.11.1896, в. Амлынцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1938),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1931). Вучыўся ў Нясвіжскім гар. вучылішчы. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1920—27 на парт. і сав. рабоце ў Мазыры, Барысаве, Слуцку. З 1927 старшыня Цэнтр. праўлення прафсаюза працаўнікоў асветы БССР і рэдактар час. «Прафесійны рух Беларусі». У 1929—33 нарком асветы БССР, 7.3.1933 зняты з пасады. З 1933 на парт. рабоце ў Зах. Сібіры. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—33. Чл. ЦВК БССР у 1927—33, Прэзідыума ЦВК у 1931—33. Неабгрунтавана асуджаны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў БССР. Мн., 1930;

За культурную рэвалюцыю. Мн., 1931;

Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. М.; Л.;

1931.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян

(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),

дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.​Р.​Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАКІ́ Нур Мухамед (14.7.1917, прав. Газні, Афганістан — 8.10.1979),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Афганістана. З канца 1930-х г. журналіст, аўтар празаічных і паэтычных твораў. З канца 1940-х г. у грамадска-паліт. руху «Віш зальміян» («Абуджаная моладзь»). На ўстаноўчым з’ездзе Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) у 1965 абраны яе ген. сакратаром. Пасля расколу НДПА у 1967 узначаліў яе фракцыю «Хальк», з 1977 — зноў ген. сакратар аб’яднанай НДПА. Арышт Т. і яго паплечнікаў выклікаў 27.4.1978 паўстанне кабульскага гарнізона, якое скінула рэжым М.Дауда і прывяло да ўлады НДПА. З мая 1978 Т. — старшыня Рэв. савета Дэмакр. Рэспублікі Афганістан, адначасова яе прэм’ер-міністр. Спроба адхіліць ад пасады свайго намесніка ў партыі і ўрадзе Х.Аміна ў вер. 1979 скончылася арыштам Т. і яго забойствам у турме.

Тв.:

Рус. пер. — Повести: Сб. М., 1987.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)