ПЕРО́Н ((perrón) Хуан Дамінга) (8.10.1895, г. Лобас, Аргенціна — 1.7.1974),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Аргенціны. Скончыў Вышэйшую ваен. школу, выкладаў у ёй. З 1934 ваен. аташэ ў Чылі, у 1939—41 у Еўропе, вывучаў вопыт ваен. дзеянняў. Чл. групы афіцэраў, якая ажыццявіла ў чэрв. 1943 ваен. пераварот у Аргенціне. З 1943 ваен. міністр, міністр па пытаннях працы і сац. забеспячэння, віцэ-прэзідэнт. У 1945 арыштаваны, вызвалены ў выніку масавай кампаніі. У лют. 1946 абраны прэзідэнтам Аргенціны. Ажыццявіў праграму эканам. і сац. рэформ (нацыяналізацыя шэрагу прадпрыемстваў, стварэнне сістэмы сац. гарантый і г.д.). Вялікі ўплыў на П. аказвала яго жонка Э.М.Дуартэ Перон («Эвіта», 1919—52), якая фактычна кіравала яго сац. палітыкай, не займаючы афіц. пасад. Скінуты ваеннымі ў вер. 1955, жыў у эміграцыі. У 1973 вярнуўся на радзіму і абраны прэзідэнтам Аргенціны.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)