ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,
адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Літ.:
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
А.М.Булыка.
т. 9, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап. эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер. эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
т. 10, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бор 1, ‑у, М у бары; мн. бары, ‑оў; м.
Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. □ Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.
•••
Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.
бор 2, ‑у, м.
Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.
[Ад лац. borax.]
бор 3, ‑а, м.
Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.
[Ад ням. Bohrer — свердзел.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязме́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае бачных межаў, бяскрайні. Тайга — гэта бязмежны зялёны акіян, у якім свае няпісаныя законы, прыкметы, не ведаючы якіх можна і душой загавець. Дубоўка. Беларусь, твае далі бязмежныя Ускалыхнуць сваёй песняй хачу! Танк. // Нічым, ніякімі рамкамі не абмежаваны. Хай славіцца век, чалавек, бязмежная веліч твая! Панчанка.
2. перан. Надзвычайны, моцны, глыбокі (пра пачуцці). Пусціўшы гэтак сумным думам павады, Бязмежны жаль паплыў у душу крыніцай, І я таксама, як яна тады, шаптаў: «Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!» Купала. — Дзяўчынка мая любая... Шчасце маё. [Андрэй] не знаходзіў больш слоў, каб выказаць сваё пачуццё, сваё бязмежнае каханне і шчырасць. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́маўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.
1. Агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу. Вандруючы па беларускіх землях, Федароўскі адразу заўважыў, што ў мове беларусаў вельмі часта сустракаюцца дасціпныя слоўцы, яркія прыказкі, прымаўкі, мудрыя выслоўі. Саламевіч. [Бародзіч:] — У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Чорны.
2. Фраза, словы, якія часта кім‑н. паўтараюцца; прыгаворка. Любімай прымаўкай кожнага стычынца было: «Барані божа!». Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. Чарнышэвіч. — Далі прыкурыць немцам як належыць, — скончыў капітан прымаўкай камбрыга. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траскатня́, ‑і, ж.
1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.
2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарту́х, ‑а, м.
1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.
[Ням. Vortuch.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаго́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны?, чаму?, навошта? Але чаго яна [Мальвіна] марудзіць? Чаму не выйдзе да стала? Колас. Чаго хмурыцца неба сіняе? Купала. [Міколу] рабілася млосна і ён злаваўся: чаго.. [Зося] маўчыць ды сумуе? Гартны.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучнікавага слова ў даданых дапаўняльных сказах і адпавядае словам: а) з якой прычыны, чаму. Стаіць дзед і на іх [Міколку з бацькам] глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Лынькоў. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я такі худы. Маляўка; б) навошта, з якой мэтай. Расказаў.. [Андрэй] сонцу, чаго прыйшоў. Якімовіч.
чаго́ 2,
гл. што 1 (у 1, 6, 8, 9 і 13 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шрот, ‑у, М шроце, м.
1. зб. Дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльб. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі. Колас. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.
2. зб. Спец. Адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.
3. перан. Пра тое, што сваім знешнім выглядам і ўласцівасцямі нагадвае такія шарыкі. Вадзяны шрот сыпаўся нам на шапкі, на целагрэйкі, сек па каленях. Ермаловіч. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары — Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. Жычка.
[Ням. Schrot.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)