прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.
Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст. Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.
Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯНО́К»,
бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4 або 4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл.Расіі, у Эстоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Ігар Міхайлавіч) (н. 22.10. 1927, г. Саратаў, Расія),
расійскі вучоны ў галіне аўтам. кіравання. Акад.Рас.АН (1987). Замежны чл. Вашынгтонскай АН (1997). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1950). З 1949 у Ін-це аўтаматыкі і тэлемеханікі АНСССР, з 1962 у ЦККПСС і СМСССР, у 1988—96 гал. вучоны сакратар прэзідыума Рас.АН. Навук. працы па сродках аўтаматыкі лятальных апаратаў, мікраэлектроніцы, інфарматыцы, робататэхніцы, тэхніцы штучнага інтэлекту. Дзярж. прэмія СССР 1984, Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Тв.:
Робототехника. М., 1984 (у сааўт.);
Робототехника и гибкие автоматизированные производства. [Кн.] 1. Системные принципы создания гибких автоматизированных производств. М., 1986;
Время-импульсные системы автоматического управления. М., 1991 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],
мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).
Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс.км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз.М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАНІ́Н (ад італьян. mezzanino),
надбудова над цэнтр.ч. жылога, звычайна невял., дома. Уключаецца ў агульную кампазіцыю будынка, узбагачае яго сілуэт і стварае верт. акцэнт. На Беларусі вядомы ў грамадз., сядзібнай і палацавай архітэктуры 18—20 ст. У Расіі пашыраны ў 19 ст. ў драўляных, зрэдку у мураваных малапавярховых будынках. У познабарочных пабудовах М. вырашаўся пластычным аб’ёмам, завершаным фігурным франтонам і насычаным арх. дэкорам, звычайна меў выхад на балкон ці тэрасу. У класіцыстычных збудаваннях М. быў кампазіцыйным цэнтрам гал. фасада ў выглядзе порціка або ратонды. Часам дваровая ч. М. выкарыстоўвалася для верхняга асвятлення параднай залы. Спрошчаную трактоўку меў М. у невял. драўляных сядзібных дамах. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым жыллёвым буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Валерый Уладзіміравіч) (16.3.1923, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 16.2.1997),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1940—43). Апавяданні і аповесці «Гусяня трэцяга сорту» (1960), «Баранкін, будзь чалавекам!» (1962; аднайм. мультфільм 1963), «Воўка Вяснушкін ў краіне завадных чалавечкаў» (1964), «Працяжнік — працяжнік — кропка» (1965), раман «Вясельны марш» (1974), п’есы «Жах-жах — жахлівая гісторыя» (1966), «Двайнік чэмпіёна» (1978) і інш. пра жыццё дзяцей і падлеткаў, іх маральнае фарміраванне, юнацкае каханне і сяброўства. Аўтар вершаў, казак, інтэрмедый, клаунад, сцэнарыяў маст. і мультыплікацыйных фільмаў і інш.Дзярж. прэмія Расіі імя Н.К.Крупскай 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕў вайну 1812,
дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр.Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс.чал. уваходзіла ў т. зв.ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км². Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах.ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр.Расіі і Сібіры, у Башкортастане.