Курапа́тка ’дзікая птушка атрада курыных’ (ТСБМ). Укр. куропатка, куропатва, рус. куропатка, куропатва ’тс’, польск. kuropatwa, чэш. koroptev, славац. kuroptwa, в.-луж. kurotwa ’тс’. Паўднёваславянскія мовы паралелей да гэтага слова не ведаюць Рэканструкцыя дае прасл. kuro‑pъty. Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kurъ, kura (гл. кур, кура), другая — да агульнай назвы птушак pъta (гл. птушка). Такім чынам, першаснае значэнне ’птушка, падобная да курыцы’. Падрабязна з улікам апошняй літаратуры гл. Слаўскі, 3, 407–409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліма́н ’заліў у нізоўях ракі ці салёнае возера паблізу мора’ (ТСБМ) — кніжнае запазычанне з рус. мовы. Тураў. ліма́н ’участак вялікіх памераў’ (ТС), утварылася ў выніку пераносу значэння ’заліў’ > ’заліўны луг’ > ’поле’ > ’участак’. Абодва да рус., укр. лиман ’шырокае вусце ракі’, ’марскі заліў’, якія праз тур., крым.-тат., кыпч. liman ’порт’ узыходзяць да с.-грэч. λιμένι(ον), λιμένας < ст.-грэч. λίμνην ’заліў’ (Фасмер, 2, 497; Кюнэ, 72). Жураўскі (Тюркизмы, 86) лічыць лексему лиманъ экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йка1 ’будан на барцы’ (паўн.-усх., КЭС). Паходзіць з лат. māja ’дом’. Запазычана плытагонамі Зах. Дзвіны.

Ма́йка2 ’маёмасць’ (драг., З нар. сл.) утворана ад таго ж кораня, што і ўкр. майно ’маёмасць’ пры дапамозе суф. ‑к‑а (як жы́тка ’жыццё’).

Ма́йка3 ’трыкатажная сарочка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ). Утварэнне з суф. ‑к‑a ад фр. maillot ’трыко акрабата, танцоўшчыка’ < фр. mailler ’рабіць петлі, вязаць’ (Цыганенка, 253). Запазычана з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маладча́к1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (Мат. Гом.), малатча́к ’тс’ (гом., Кіс.), малайчак ’тс’ (Мат. Гом.). З укр. мовы, параўн. молоча́к ’малачай востры, Euphorbia esula L.’ Паяўленне ‑д‑ або ‑й‑ перад ‑чак абумоўлена распадабненнем ‑чч‑ > ‑тч‑ > ‑дч‑ (пры ад’ідэацыі малады́, малайчы́на). Падвойнае ‑чч‑ з ‑чjак: украінскі гук [ч] больш мяккі, чым беларускі. Гл. таксама малачня́к, малачча́к.

*Маладча́к2, малатча́к, малача́к, малачча́й ’малако ў рыб’ (Мат. Гом.). Да малако. Аб узнікненні ‑дч‑ гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малі́тва ’маленне’, ’тэкст, які чытаюць веруючыя, звяртаючыся да бога ці святых’ (ТСБМ, Яруш.). Укр., рус. молитва, польск., н.- і в.-луж. modlitwa, чэш., славац. modlitva, славен. molítva, molȋtev, molȋdva, molȋdev, серб.-харв. мо̀литва, молатав, макед., балг. молитва. Прасл. modlitva ’звяртанне, просьба да бога, абяцанне’. Да малі́цца. Сюды ж малі́твеннік ’кніга з малітвамі’, якое, відаць, з ц.-слав. мовы, бел. малітоўнік ’тс’, малі́тваваць ’уводзіць маці пасля родаў у царкву з малітвай’ (Нас.), малі́цьвіць ’маліць, упрошваць’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мандалі́на ’музычны шчыпковы інструмент з чатырма парамі струн’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 84), запазычана з рус. мовы, якое з ням. Mandoline ці франц. mandoline < італ. mandolina. Апошняе з’яўляецца дэмінутывам да mandola ’мандаліна-альт’ (Фасмер, 2, 568) < ст.-італ. mandora < лац. pandūra ’трохструнны музычны інструмент’ (Голуб-Ліер, 301). Варш. сл. (2, 871) польск. mandolina (з якога магло быць запазычана і бел. слова) выводзіць з mando(r)la ’міндаль’ — паводле падабенства да яго быў названы музычны інструмент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́чта, машта ’слуп ці збудаванне на суднах для мацавання ветразей, назірання, сігналізацыі; вежа для мацавання правадоў, антэн’ (ТСБМ; Бяльк.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой праз польск. мову прыйшло з гал. або н.-ням. mast ’тс’ < лац. mālus < *mazdos ’мачтавае дрэва’ (Фасмер, 2, 586; Васэрцыер, 148; Вальдэ, 363). Аднак яшчэ ст.-бел. маштъ (1500 г.), якое са ст.-польск. maszt < с.-в.-ням. mast (Машынскі, Geogr., 65; Булыка, Лекс. запазыч., 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пакт1 ’міжнародны дагавор, пагадненне, які мае звычайна вялікае палітычнае значэнне’ (ТСБМ). З рус. пакт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), дзе праз еўрапейскія мовы (параўн. ням. Pakt) з лац. pactum ’дагавор’.

Пакт2 ’арэндны гандаль малочнай гаспадаркай’ (Мядзв.), ’малочная гаспадарка’ (Яруш.), ’малачарня’ (Сл. ПЗБ), пакта́р ’арандатар памешчыцкай скаціны для гандлю малочнымі прадуктамі’ (Шн. 2). З ням. Pacht, Pächter ’тс’ праз польскае пасрэдніцтва (гл. Шн. 2, 288). Ням. з лац. pactum (гл. пакт1) (Брукнер, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасрэ́днік ’той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы, дапамагае наладзіць кантакт’ (ТСБМ). Укр. посеред́ник ’тс’, ’міравы пасрэднік’, рус. посре́дник ’пасрэднік’, польск. pośrednik, pośrzednik, postrzednik, н.-, в.-луж. posrědnik, чэш. prostřednik, славац. prostredník, славен. posrédnik, серб.-харв. по̀средник, макед., балг. посредник. У слав. мовы трапіла рознымі шляхамі. У бел., паводле Жураўскага (Матэр. IV Міжнар. з’езда слав. Мн., 1958, 51), прыйшло з ц.-слав. праз рус. Да ст.-слав. посреѣдьнъ ’які знаходзіцца пасярэдзіне’, прасл. serdъ > сярэдзіна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)