Пужо́к ’схованка для рыбы ў карме лодкі’ (ТС). Няясна, магчыма, да пыж (з мясцовым чаргаваннем ы > ў) ’патаўшчэнне; затычка’, што, на думку Фасмера (3, 417), звязана з пуга ’тупы канец яйка’ і роднаснае лат. pugulis ’уздутае ўзвышэнне’, pauga ’падушка’, грэч. πυγή ’зад’; параўн., аднак, рус. пыж ’нос судна’, што паходзіць з комі, удм. piž ’лодка’ (там жа), відаць, выпадковае супадзенне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пітны́ ’прыгодны для піцця’ (ТСБМ), укр. питни́й, польск. pitny, чэш., славац. pitný, славен. píten, прасл. *pitьnъjь, утворанае ад *piti ’піць’ пры дапамозе суф. ‑ьnъ‑ (< і.-е. ‑ĭnŏ), першапачаткова з герундыўным значэннем ’тое, што належыць, трэба піць’, параўн. аналагічнае літ. im̃tinas ’тое, што трэба ўзяць’; магчыма, сюды ж ад’ектыўны ст.-грэч. суфікс ‑σιμός < ‑timos і балт. ‑tinos (Трубачоў, Праспект, 72–73).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Санда́л ’вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства сандалавых’ (ТСБМ). Ст.-рус. сандалъ ’тс’. З рус. санда́л ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88). Апошняе праз грэч. σάνταλον з араб. s̥andal ад ст.-інд. candanas ’сандалавае дрэва’, candrás ’бліскучы’ (Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 556). Фасмер (там жа) дапускае пасрэднасць тур. sandal (параўн., напрыклад, блізкія формы ў Радлава (4, 305) і Міклашыча (Türk. El. Nachtr., 2, 155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сатра́п ’правіцель у старажытнай Персіі’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. сатра́п ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74). Рус. праз грэч. σατράπης са ст.-пярс. xs̆adrapavan ’даглядальнік страны’ (ССРЛЯ, 13, 202), якое ад xs̆ara ’вобласць, правінцыя’ і pa(y)‑ ’кіраваць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 482). Ст.-бел. сатрапъ ’правіцель у старажытнай Персіі’, паводле Булыкі, Лекс. запазыч., 28, праз грэчаскую мову са ст.-пярс. sitrab.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́тарма ’таўкатня, вялікая колькасць народу; сумяціца’ (Нас., Гарэц.), ’нелады, непарадак’ (Бяльк.), ’мітусня; непарадак’, ’вялікае скопішча людзей’ (Растарг.), ’праява, нейкая жывая істота’ (Косіч). Рус. калым. сутурма́, усх.-рус. су́торма, варонеж. суто́рьма ’тс’. Паводле Фасмера (3, 811–812), з *sǫ‑ ’су’ і *torьma, *toriti, параўн. су́торитъ ’малоць лухту’ (гл. су́тарыца), звязаныя з літ. tarýti, taraũ ’вымавіць’, tarmẽ ’гаворка’, грэч. τορός ’выразны, зразумелы; пранізлівы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыпагра́фія ‘друкарня’ (ТСБМ), ст.-бел. типография ‘тс’ (1633 г., ПГС). Хутчэй за ўсё, у названым значэнні запазычана праз рус. типогра́фия ‘тс’ ці непасрэдна з ням. Typographie або франц. typographie ‘тс’ (з грэч. τύπος ‘адбітак’ і γραφω ‘пішу’), гл. Арол, 4, 72; параўн. польск. typografja ‘майстэрства друку’ (Варш. сл.). Віткоўскі (Зб. Русаку, 241) для рускай мовы дапускае польскае пасрэдніцтва, відаць, праз старабеларускую мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлебача́нне ‘трансляцыя рухомых відарысаў, тэлевізія’, ‘установа, што перадае тэлевізійныя праграмы’ (ТСБМ, Мова Сен.). Калька з рус. телеви́дение ‘тс’, што, у сваю чаргу, з’яўляецца паўкалькай з франц. télévision або англ. television ‘тс’, т. зв. еўрапеізмаў-гібрыдаў, утвораных на аснове грэч. τῆλε ‘далёка’ і лац. visio ‘выява, бачанне’ ў пачатку XX ст. (Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 538). Гл. тэле- і бачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іро́нія. Крыніца запазычання: грэч. εἰρωνεία ’пытанне’, потым ’пытанне, якое ставіць у тупік’, ’тонкая насмешка’, адкуль лац. ironia. У бел. мову слова трапіла праз рус. (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. з 10‑х гадоў XVIII ст. (Біржакова, Очерки, 365) з польск., улічваючы націск (Фасмер (2, 139) не выключае магчымасці французскага ці нямецкага пасрэдніцтва, Шанскі (2, I, 114–115) называе французскую крыніцу).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВА́РНА,

горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс. ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр. Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім. прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.

Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст. балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап. дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст. рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.​М.​Яніцкая.

Дэкаратыўныя вазы. Т.​Пятроўская. 1977.
Да арт. Ваза. Каляровае шкло шклозавода «Нёман» 1920—40-я г.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)