тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),
парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб.пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́КТУСЫ,
кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.
Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.
Літ.:
Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),
інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб.пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб.пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНГУРО́ВЫЯ (Macropodidae),
сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст.пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ,
нематоды (Nematoda), клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн.Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.
Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Да арт.Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).