БА́РЛАХ ((Barlach) Эрнст) (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),
нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),
французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра, «Працэс» Ф.Кафкі, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СНЫК ((Asnyk) Адам) (11.9.1838, г. Каліш, Польшча — 2.8.1897),
польскі паэт і драматург. Удзельнік паўстання 1863—64, чл. «вераснёўскага ўрада». У час эміграцыі (г. Гейдэльберг, Германія) атрымаў ступень д-ра філасофіі (1866). Выдаў 4 кн. «Паэзіі» (1869, 1872, 1880, 1894). У ранніх творах спалучэнне традыцый рамантызму з праблематыкай польскага пазітывізму, матывы журбы, песімізму, супрацьпастаўленне мінулага сучаснасці (цыклы вершаў «Кветкі», «Мазаіка», паэма «Сон магіл», 1865—67). Пазнейшая лірыка адметная філас. зместам, медытатыўнай скіраванасцю, жанравай разнастайнасцю, ускладненнем паэт. формы (цыкл санетаў «Над глыбінямі», 1883—94, і інш.). Аўтар бытавых камедый «Сябры Іова» (1879), «Камедыя для конкурсу» (1888), гіст. драм «Кола Рыенцы» (1873), «Жыд» (1875), «Кейстут» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр.Эбершт; Eberscht) Жак
(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),
кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЛА-ВАЛО́ (Алексантэры) (Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),
мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.Коласа «Новая зямля», А.Александровіча «Угрум», П.Труса «Ветры буйныя», А.Вольнага «Табе», М.Нікановіча «Вясновы прамень», К.Чорнага «Хвоі гавораць» і інш.Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.
Л.Дз.Налівайка.
А.Ахола-Вало. Вокладка кнігі П.Труса «Ветры буйныя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ШКЕРЦ ((Aškerc) Антон) (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),
славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы на гіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). На бел. мову яго творы перакладаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ-ЦІШЫ́НСКІ ((Bart-Ćišinski) Якуб) (сапр.Барт; 20.8.1856, в. Кукаў, Германія — 16.10.1909),
сербалужыцкі паэт, драматург. Прадстаўнік нац.культ. руху лужыцкіх сербаў. Садзейнічаў фарміраванню сучаснай верхнялужыцкай мовы, распрацоўваў новыя для лужыцкай л-ры жанры. Аўтар «Кнігі санетаў» (1884), зб-каў «Формы» (1888), «Сербскія гукі» (1897), «Кроў і край» (1900), «Святло з вышыні» (1911), драм «Стары Серб» (1878), «У крэпасці» (1880). Эпічная паэма «Жаніх» (1876, выд. 1926) пра ролю сялянства ў адраджэнні Лужыцы. Перакладаў з польскай, рус., чэшскай моў. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Зарыцкі, М.Танк, А.Траяноўскі.
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;
Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),
бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ.ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),
адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАНЬКО́Ў (Арцём Яфімавіч) (н. 29.1.1924, в. Саламір’е Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1986), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1955). У 1960—92 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры бел. мовы пры прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы ў галіне лексікі, дыялекталогіі, гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфіі «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс» (1982). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994); «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 1988—89), тлумачальных слоўнікаў бел. і рус. моў для сярэдняй школы.