Намі́тусь ’у розныя бакі (галовамі, камлямі і інш.)’ (смарг., Сцяшк. Сл., ТС), ’галовамі ў супрацьлеглыя бакі, «валетам» (легчы)’ (глыб., Сл. ПЗБ), намітуз ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), намытусь ’адзін да аднаго спіной (ляжаць)’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), на‑мітусь ’наадварот’ (Мядзв.), намітусь ’спосаб вязання: вочка направа, вочка налева’ (Жд. 1), намітуські́ ’адна насупраць другой’ (лаг., Сл. ПЗБ). Можна параўнаць з балг. на́мито ’крыва, коса, у розныя бакі’, што звязваюць са ст.-слав. митѣ ’папераменна’; серб.-харв. mitȉti ’прайсці побач’, лат. mitêt ’змяняць’ і інш. (Фасмер, 2, 628; Куркіна, Этимология–1980, 629; Скок, 3, 291), параўн. таксама ўміт́уські: За ім леціць стрэла умітуські ’хвалепадобна’ (Сержп., Прымхі). Усё да мі́тусь ’у розныя бакі’ (гл.), мітусі́цца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Панёва ’спадніца з некалькіх нясшытых удаўжыню полак’ (Нас.), ’суконная саматканая спадніца’ (Бяльк.), ’спадніца з саматканай тканіны ў клетку’ (ДАБМ, 934), ’суцэльная сукня без рукавоў’ (Інстр. I), ’жаночы цёплы пінжак’ (Сцяшк. Сл.). Рус. поня́ва ’пакрывала, накідка; павязка на галаву, хустка’, зах. і паўдн. поня́ва, понёва ’саматканая спадніца’, укр. поня́ва ’від спадніцы’, ст.-рус. понѧва, понева ’кавалак тканіны; пакрывала; завеса; ніжняя спадніца’, ст.-слав. понꙗва, серб.-харв. по́њава ’падсцілка, грубая коўдра’, славен. ponjȃva ’палатно, прасціна, коўдра’. Слова праславянскага паходжання; яно было распаўсюджана ў Паноніі, на што ўказвае яго наяўнасць у вянгерскай і румынскай мовах (Скок, 2, 8). Як мяркуюць даследчыкі (Остэн–Сакэн, SF, 33, 238; Фасмер, 3, 326), звязана з апона, пяць 2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Понт ’бачнасць (памылковая)’ (Мат. Гом.), панто́вы ’добры’ ў выразе: Яна дзеўчына пантовая, што і казаць (Жд. 1) — магчыма, тут маецца на ўвазе ’добры з выгляду’. Найбольш верагодна з рус. жарг. понт ’падман, хітрасць’, для понту ’для выгляду’, понт бить ’выяўляць з сябе чэснага чалавека’, паходжанне якіх не да канца высветленае. Параўн. балг. жарг. пунт ’падман’ ад тур. punt ’падман, хітрасць’ < італ. punto (БЕР, 5, 854), параўн. таксама італ. puntèllo ’хітрасць’; серб.-харв. punta ’падман’. Скок (3, 78) выводзіць з ням. Bund ’узрушэнне ад несапраўднай весткі’ і суадносіць з bunt ’узрушэнне, бунт’, што сумнеўна. Танкоў (Опыт исследования воровского языка, Казань, 1930, 15) звязвае з франц. ponter ’панціраваць, рабіць стаўку ў гульні’, што тлумачыць рус. жарг. пантер ’ігрок-аферыст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спол ‘чарпак для вылівання вады з лодкі’, спо́лік ‘тс’ (ТС; жытк., Нар. словатв.; Мат.), укр. шпол ‘шуфель, драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі’, шпо́ла ‘шуфлік’, польск. spółek, spółka ‘шуфлік, драўляная лапатка для вылівання вады з лодкі’, spułek ‘тс’, каш. spȯłk, špȯl ‘тс’, серб.-харв. дыял. ìspol, ìspō, ìspolac ‘тс’, балг. дыял. и́зпол, ‘тс’, макед. и́спо́л ‘тс’. Прасл. *jьspolъ, варыянт *jьspola ‘драўляная лапатка, шуфлік’ ад дзеяслова *polti ‘прыводзіць у рух, махаць чым-небудзь, падкідваць нешта’, з якога ў выніку спецыялізацыі развіліся значэнні ‘ачышчаць збожжа, правейваць’ (гл. палаць) і ‘выплюхваць, выліваць ваду з чаўна, лодкі’, што дае падставы для рэканструкцыі дзеяслова *jьz‑polti ‘тс’ (Міклашыч, 259; Скок, 2, 594–595; Борысь, Etymologie, 552–557).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сця́га ’нізіна са сцёкам’ (ТС), сця́гліна ’дол, упадзіна, лагчына’ (паст., Сл. ПЗБ); да сцягнуць < цягнуць, г. зн. месца, якое сцягвае ваду або якое цягнецца на пэўную адлегласць.
Сцяга́ ’сцежка’ (Ласт., Рам. 8–9, Касп.; рас., Шатал.), ’дарога, шлях’ (Сл. ПЗБ), сціга́ ’тс’: за гумном ідзець сціга, вы той сцягой ідзіці (рас., ЛА, 4), ’троп’: сцегі́ ваўчыныя (брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. стега́ ’сцежка’. Прасл. *stьga, звязанае чаргаваннем галосных са сцігаць (гл.), параўн. роднасныя лат. stiga ’сцежка, пешаходная дарожка’, ст.-в.-ням. stëg ’тс’, з іншай ступенню вакалізма гоц. staiga ’дарога’, ст.-в.-ням. steiga, алб. shtek ’сцежка, праход’, што да і.-е. *steigh‑ ’крочыць, падымацца’ (Фасмер, 3, 752; Скок, 3, 331; Глухак, 583). Гл. таксама сцежка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́паць ‘біць, трапаць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘брыкаць задняй нагой’ (Нас.): конь тро́пае (бялын., чач., ЛА, 1), ‘варушыцца, рабіць рухі’ (рас., Бел. дыял. 1), тро́пнуць ‘стукнуць, выцяць, ударыць’ (в.-дзв., Шатал., Сцяшк. Сл., Скарбы; карэліц., Нар. сл., Сцяц., Сл. Брэс.; слонім., Нар. словатв.), ‘патанцаваць’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж тро́пацца ‘біцца (пра сэрца)’ (Юрч. СНЛ). Параўн. укр. тропа́ти ‘тупаць; танцаваць, бегчы рыссю’, рус. тропа́ть ‘тупаць, стукаць’, славен. tropati ‘біць’, серб. тропати ‘цяжка ступаць’, тропа̏т ‘стукаць’, балг. тро́пам ‘тупаць, стукаць; вытанцоўваць’, макед. тропа ‘стукаць’. Прасл. *tropati ‘тупаць, стукаць, грукаць’, якое чаргуецца з *trepati (гл. трапаць) і суадносіцца з літ. trapinė́ti ‘тупаць нагамі’, прус. trapt ‘ступаць’, грэч. τραπέω ‘ступаю, выціскаю’ і іншымі дзеясловамі гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 105; Скок, 3, 496).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыглавец, ст.-бел. триглавецъ ‘трохгаловая істота, пачвара’ (1489 г., ГСБМ), сюды ж мікратапонім Трыглаў ‘назва каменнага ідала’ (Дучыц Л. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск 1994, 37, 53). Параўн. у паморскіх славян Trigelawus ‘паганскі бог’, назвы горных вяршынь славен. Triglav, Triglavec, серб. Триглав ‘паганскі бог’: страшног бога Триглава (Петровић С. Систем српске митологије. Београд 199, 190); іншыя фіксацыі няпэўныя. З-за адсутнасці поўнагалосся, хутчэй за ўсё, запазычана з паўднёваславянскіх моў праз пісьмовыя крыніцы, прасл. *tri‑golvъ са спасылкай на Міклашыча падае Сной у Бязлай, 4, 224 (гл. тры, галава), параўн. літ. trigalvis ‘трохгаловы’, што магло паўплываць на захаванне няпоўнагалоснай формы беларускага мікратапоніма ці міфоніма. Гл. яшчэ Скок, 3, 500; Цыхун, Зб. Супруну, 237.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ахля́ць ’аслабець і апусціць рукі, апусціцца, здацца’ (Янк. II), ’аслабець; заняпасці’ (Ян.), охляб ’заняпаў, аслабеў’ (Бесар.), параўн. «стаў худы і больш ахлялы» (КТС), схліялы ’кволы, слабы; стары’, схліяць ’аслабець, састарыцца’ (Яўс.), укр. охлясти і охлянути ’схуднець, аслабець, страціць сілы’; апошняе разам з ц.-слав. (рус.) охлѧдание ’абыякавасць’, ахлѧнѧти ’аслабець’ з *xlęd‑nǫ‑ti ’страціць сілы’, параўн. хлянуты ’страціць сілы, схуднець’ (Клім.), што звязана чаргаваннем галосных кораня з *xlǫditi ’пазбаўляць сілы’, параўн. чэш. chlouditi ’тс’, гл. Бернекер, 388 і наст.; Скок, 1, 672; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94, насуперак Фасмеру, 4, 246. Для некаторых форм і значэнняў магчымы ўплыў утварэнняў з *xlęb‑, параўн. хляблы ’худы, слабы’ (Нік. Очерки), укр. охляб(ну)ти ’аслабнуць’ (пра сувязь частак у чым-небудзь) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вало́га 1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).
Вало́га 2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.
Вало́га 3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяршы́ць ’складваць, канчаць стог, сцірту’ (Выг., КТС), (перан.) ’вырашыць чый-небудзь лёс’ (БРС), укр. вершити ’вяршыць’; ’насыпаць звыш краёў’, рус. вершить ’канчаць складваць стог, снапы (на возе), верх страхі’; ’вырашаць лёс’, польск. wierszyć ’укладваць спадзісты верх, страху’; ’мець першаснасць перад кім-небудзь’, чэш. vršiti ’складваць у вышыню, збіраць у кучу’, славац. vŕšiť ’кідаць, укладваць у кучу’; ’узвышацца’; ’заканчваць’, славен. vršíti ’тс’, серб.-харв. вр́шити ’выконваць, рабіць, вяршыць’, макед. врши ’выконваць, рабіць’; ’малаціць’; ’дамаўляцца на заручынах’, балг. върша ’выконваць, рабіць, прызначаць’, върше́я ’малаціць’. Прасл. vьršiti ’канчаць, завяршаць, рабіць што-небудзь, рабіць верх’, якое мела ў прасл. мове яшчэ значэнне ’малаціць з дапамогай скаціны’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 83–87; Скок, 3, 624; БЕР, 1, 214; Шанскі, 1, В, 71; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 1949, 183).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)