далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́са, ‑ы, ж.

1. Цела ва ўсім сваім аб’ёме, колькасць матэрыі, якая складае цела; мера інерцыі цела ў адносінах да сілы, якая дзейнічае на яго. Маса атамнага ядра. Маса планеты.

2. Вялікая колькасць, мноства чаго‑н. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні, гліну і пясок. В. Вольскі. Вільготнасць залежыць ад тэмпературы паветра і ўласцівасцей паветраных мас. Прырода Беларусі.

3. Цестападобнае рэчыва, якое не мае пэўнай формы; густая або студзяністая сумесь чаго‑н. Паблізу агрэгата ўжо роўнымі стосікамі ляжаць дзесяткі арматурных каркасаў, якія на наступных аперацыях запаўняюцца бетоннай масай і ў залежнасці ад форм прасуюцца пад розныя жалезабетонныя канструкцыі. «Беларусь».

4. Пра вялікі прадмет, прадметы, якія выступаюць у агульных рысах і ўспрымаюцца як цэлае. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. Цемра ўсё згушчалася і згушчалася, зліваючы дрэвы ў адну суцэльную масу. Сіняўскі.

5. Шырокія колы працоўнага насельніцтва; народ. Народныя масы. // Пра групы, калектывы людзей, для якіх характэрны асаблівыя прыметы. Студэнцкая маса. □ Усе [хлопцы] набіраліся новых, свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу. Нікановіч.

•••

Зялёная маса — травяністая расліннасць, якую выкарыстоўваюць у свежым выглядзе як корм для хатняй жывёлы і птушак.

Пластычная маса — сінтэтычны або прыродны матэрыял, які пры награванні добра фармуецца, а потым устойліва захоўвае сваю форму.

[Ад лац. massa — кавалак, камяк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Варыць што‑н. у закрытай пасудзіне пры дапамозе пары. Маці капала на яду нейкае карэнне, таўкла, малола ў жорнах, парыла, варыла — уся сям’я глытала. Бядуля. — Во, гароху нашчыпаў, — паказваю адтапыраную кашулю, — у чыгунчыку будзем парыць. Бялевіч.

2. што. Апрацоўваць парай, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). Парыць бочку. □ [Ігнась] нагнуўся і абмацаў кучу камення. Іх падрыхтавалі на зіму парыць бялізну. Чарнышэвіч. // Праграваць парай, гарачай вадой з лячэбнымі мэтамі. Парыць ногі.

3. Апякаць, прыпякаць (пра што‑н. вельмі нагрэтае). Нагрэтыя, як у печы, тратуарныя пліты парылі ногі. Гартны.

4. каго. Разм. Вельмі цёпла апранаць. [Бацька:] — Што ў цябе за любоў да малых, — дзікая нейкая! Парыш, парыш іх .., а пасля — абы трошкі на холад, дык і гатова. Брыль.

5. што. Кіпяціць (пра малако). Паверыла старая. Прывезла малако і парыць пачала, Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан. // Заліваць кіпнем (зёлкі, траву і пад.) для атрымання адвару.

6. каго. Мыць у лазні з парай. Толькі што.. [Алеся] з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хвасталі венікам і аблівалі мятнай вадою. Караткевіч.

7. перан.; каго. Разм. Біць, лупцаваць.

8. безас. Пра вельмі гарачае вільготнае надвор’е. Увесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. На другі дзень пад поўдзень стала вельмі парыць. Мележ.

9. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла. Было душна, парыла зямля, шчодра напоеная ўчарашнім дажджом. Шамякін.

•••

Парыць зямлю (косці) — не жыць, ляжаць у магіле.

пары́ць, ‑ры́ю, ‑ры́еш, ‑ры́е; зак., што.

1. Зрыць усё, многае (пра жывёл).

2. і без дап. Рыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жарало́

1. Адкрытая, цёмная і вялікая адтуліна ў зямлі (БРС).

2. Яма на агародзе для бульбы, аплеценая ў сярэдзіне лазой (Ветк.).

3. Упадзіна з вадой карставага паходжання на высокім месцы, з якой б'е крыніца і выцякае рачулка (Слаўг.).

4. Крыніца, струмень; адтуліна ў зямлі, у ваданосным пласце, адкуль б'е струмень вады (Кап., Кобр., на поўдзень ад Нароўлі Палессе Талст.). Тое ж жэрло́ (Сал., Ст.-дар.).

5. Вокнішча ў балоце, у незарослым вадаёме; грузкае месца (Ветк., Слаўг.).

6. Яма, якую выбіў паток вады вясной (Ст.-дар.).

7. Вірыстае месца на рацэ, дзе не замярзае вада зімой (Рэч.).

8. Праход у прасле (Крыч.).

9. Паток, ручай (Нас. АУ). Параўн.: Зъ Довгушки (озера) жереломъ въ Сребрній колъ (Нас. АУ 1693, 102).

в. Жаролы, р. Жарало Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

круг, ‑а, М крузе; мн. кругі, ‑оў; м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Вылічыць плошчу круга. // Шлях руху каго‑, чаго‑н., падобны на акружнасць. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // Шлях аратага або сельскагаспадарчай машыны па ўсяму полю і назад да месца адпраўкі. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарам. Бялевіч.

2. Круглы ўчастак якой‑н. паверхні. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Бядуля. // Такі ўчастак, абмежаваны замкнутым ланцужком людзей. [Хруцкі] выходзіў на цесны круг і так выбіваў барыню, што неўзабаве ў яго на спіне выступала потная пляма. Парахневіч.

3. Прадмет, падобны па форме да круга або кола. Выратавальны круг. □ [Шашура] палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас[ы]. Мележ. // Прыстасаванне спецыяльнага прызначэння ў выглядзе пляцоўкі круглай або авальнай формы. Паравозны круг. Ганчарны круг. // Замкнуты ланцужок людзей, размешчаных адзін каля аднаго. Стаць у круг. □ Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч. // Хвалі, якія разыходзяцца па акружнасці ад цэнтра. Кінеш камень, знікне ў вадзе, а кругі ідуць і заміраюць... Дубоўка.

4. перан.; чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі вычэрпваецца што‑н. Першы круг шахматнага турніра. // Пералік, аб’ём чаго‑н. Круг абавязкаў. Круг ведаў.

5. перан.; чаго. Тое, што і кола (у 6 знач.). Круг дзейнасці.

6. перан.; каго або які. Тое, што і кола (у 7 знач.). Увайшоў у дом, у круг сямейны, Як ўваходзяць сваякі. Пысін.

•••

Квадратура круга гл. квадратура.

Круг кровазвароту — замкнуты шлях руху крыві ў арганізме.

Палярны круг — паралель, якая праходзіць на 66″ 33′ ад экватара на Поўнач або на Поўдзень і лічыцца граніцай халоднага кліматычнага пояса.

Даць круг гл. даць.

Зрэзаць круг гл. зрэзаць.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго‑н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — у вачах у каго‑н. цямнее (пацямнела) ад стомы, слабасці і пад.

На круг — у сярэднім, па прыблізных падліках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)