апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямёнднепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Н (Cato),
адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым.літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц.плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.
Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час.грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЫ (лац. Gothi, Gothones),
плямёны ўсх. германцаў, якія ў пач. 1-га тыс.н.э. перасяліліся са Скандынавіі на паўд. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У сярэдзіне 1 ст. ў ніжнім цячэнні Віслы з удзелам готаў утварылася вельбарская культура. У апошняй чвэрці 2 ст. готы пачалі перасяленне на ПдУ (у т. л. праз ПдЗ Беларусі). У 3 ст. яны дасягнулі Паўн. Прычарнамор’я, дзе прынялі ўдзел у стварэнні чарняхоўскай культуры. У саюзе з інш. плямёнамі готы неаднаразова ўрываліся ў межы Рым. імперыі, захапілі Дакію. У 3 ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 саюз плямён остготаў на чале з конунгам Эрманарыхам разбіты гунамі, пасля чаго б.ч. готаў пакінула Паўн. Прычарнамор’е і пайшла на З. Пасля шэрагу міграцый вестготы апынуліся ў Іспаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі. На тэр.ПдЗ Беларусі вядомы помнікі вельбарскай культуры Вялічкавічы, Дружба, Брэсцкі бескурганны могільнік і інш.
Літ.:
Иордан О. О происхождении и деяниях гетов: Пер. с лат.М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЭТНІЗА́ЦЫЯ,
страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове і побыце этнасу; згортванне або выцясненне нац. форм грамадскага жыцця. З’яўляецца вынікам змяненняў, якія адбываюцца ў ходзе этнічных працэсаў, укаранення або добраахвотнага засваення адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет другога народа. Гіст. прыклады Д. — пашырэнне грэч. культуры на краіны Усх. Міжземнамор’я ў эпоху элінізму, насаджэнне Рымам сваіх законаў і звычаяў на падуладных тэрыторыях Зах., Паўд.-Усх. Еўропы і М.Азіі, асіміляцыя немцамі зах.-слав.плямён у бас. Эльбы і Одэра ў 10—12 ст.; слав. каланізацыя і асіміляцыя балцкага насельніцтва ў 6—8 ст., польскае культ.-моўнае ўздзеянне на бел. этнас у Рэчы Паспалітай і рускае — у Рас. імперыі і СССР. Суправаджаецца ўпадкам нац. культуры, дэфармацыямі менталітэту, самасвядомасці нацыі, аслабленнем механізмаў яе самазахавання як самаст. этнасу. У гэтым сэнсе Д. азначае адмаўленне ад нац. моў і культур, традыцый, звычаяў і нац. самабытнасці ў цэлым. Д. нельга атаясамліваць з аб’ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі, які мае на мэце не адмову ад нацыянальнага, а яго захаванне і развіццё, уздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),
у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс. да н.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст. да н.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 да н.э., гл.Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 да н.э. Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 да н.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 да н.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 да н.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст.н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст.тэр. Н. захапілі арабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎ ПАХАВА́ЛЬНЫХ У́РНАЎ КУЛЬТУ́РЫ,
агульная назва шэрагу археал. культур паводле характэрнай прыкметы — могільнікаў без насыпаў, што ўтрымлівалі рэшткі крэмацыі, звычайна пахаваныя ў гліняных пасудзінах на дне магілы. Узніклі ў раннім бронзавым веку і існавалі больш за 1700 гадоў. Былі пашыраны па ўсёй Еўропе. У раннім жал. веку ў могільніках трапляюцца таксама пахаванні ў ямках без урнаў і трупапалажэнні. У 15—4 ст. да н.э. ад Балтыйскага ўзбярэжжа да р. Дунай і ад р. Шпрэ да Валыні была пашырана самая стараж. з П.п.у.к. — лужыцкая культура. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў далінах рэк Дунай і Рэйн у паўн.-зах. частцы Швейцарыі і Усх. Францыі ўзніклі паўд.-германская і парэйнская П.п.у.к. У пач.жал. веку носьбіты гэтых культур праніклі далей на тэр. Францыі, у 8 ст. да н.э. — на Пірэнейскі п-аў (Каталонія, Кастылія), у 9—8 ст. да н.э. з’явіліся ў Брытаніі. Пашырэнне палёў пахаванняў не звязана з экспансіяй аднаго народа ці генетычнымі сувязямі плямён. Лічаць, што гэты абрад быў успрыняты этнічна разнастайнымі групамі насельніцтва Еўропы. На Беларусі да П.п.у.к. належыць зарубінецкая культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, Эгейская культура,
умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб.стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл.Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямёнахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.
Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямёндарыйцаў.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;
Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;
Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.
М.С.Корзун, К.А.Равяка.
Да арт.Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 × 15 × 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс.г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.