ДЫЯКЛЕТЫЯ́Н (Гай Аўрэлій Валерый) (Gaius Aurelius Valerius Diocletianus; каля 240, Дыяклея, каля сучаснага г. Шкодэр, Албанія — 3.12.316),
старажытнарымскі імператар [284—305]. Прафес. ваенны. Абвешчаны імператарам пасля смерці правіцеля Нумерыяна. Ліквідаваў паўстанне багаудаў у Галіі (285—286), маўрытанскіх плямён у Афрыцы (290—295) і інш. З мэтай паляпшэння кіруемасці Рым. імперыяй падзяліў яе на 4 часткі (тэтрархіі; складаліся з 12 дыяцэзаў), прызначыў 3 суправіцеляў (293), аддзяліў ваен. ўладу ад цывільнай, павялічыў армію, устанавіў фіксаваныя цэны і памер заработнай платы, увёў новую сістэму падаткаабкладання. У 303—304 праследаваў хрысціян. У 305 добраахвотна адмовіўся ад улады, жыў у сваім маёнтку ў Салоне (сучасны г. Спліт, Харватыя), дзе і памёр. Гл. таксама Дамінат.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 243—248.