ЧЭ́ХАЎ Антон Паўлавіч (29.1.1860, г. Таганрог, Расія — 15.7.1904),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900; у знак пратэсту супраць адмены царом выбрання М.Горкага ганаровым акадэмікам разам з У.Караленкам у 1902 адмовіўся ад звання). Працаваў земскім урачом. Ездзіў на в-аў Сахалін (1890), дзе вывучаў жыццё катаржан і ссыльнапасяленцаў. З 1892 жыў у в. Меліхава пад Масквой, у 1899 па стане здароўя пераехаў у Ялту. Літ. творчасць пачынаў з фельетонаў і гумарыст. апавяданняў. Першае апавяданне — «Ліст да вучонага суседа» (1880), першыя зб-кі — «Казкі Мельпамены» (1884) і «Стракатыя апавяданні» (1886). У ранніх творах тэма «маленькага» чалавека, роздум над прыродай рабскай псіхалогіі («Смерць чыноўніка», «Тоўсты і тонкі», абодва 1883; «Хамелеон», 1884; «Унтэр Прышыбееў», 1885). Матывы драматызму, трагізму жыцця ўзмацніліся ў творах сярэдзіны 1880-х г. («Ванька», 1886, «Спаць хочацца», 1888, і інш.). У апавяданнях «Бабіна царства» (1894), «Мужыкі» (1897), «У яры» (1900) паказаў дзікунства і жорсткасць вясковага жыцця. У сталы перыяд творчасці глыбока аналізаваў уплыў сац. абставін на чалавечыя характары, тонка высвечваў душу чалавека, драматызм і трагізм змякчаў лірызмам і гумарам. Героі многіх яго твораў — самазадаволеныя абывацелі або змучаныя жыццём цёмныя людзі, даведзеныя да душэўнай тупасці («Чалавек у футарале», «Агрэст», «Іоныч», усе 1898). Вял. сілы сац.-псіхал. аналізу і маст. абагульнення дасягнуў у аповесцях «Стэп» (1888), «Палата №6» (1892), апавяданнях «Дама з сабачкам» (1899), «Архірэй» (1902) і інш. Апавяданні «Чорны манах», «Студэнт» (абодва 1894) пра таямнічую сувязь часоў і глыбіні падсвядомасці чалавека. Найвялікшы ўплыў на развіццё сусв. драматургіі зрабілі яго лірычна-псіхал. п’есы «Чайка» (паст. 1896), «Дзядзька Ваня» (паст. 1897), «Тры сястры» (паст. 1901, Грыбаедаўская прэмія), «Вішнёвы сад» (паст. 1904). Унёс новае ў разуменне трагічнага як звычайнага і будзённага, перанёс цэнтр цяжару з сюжэтнай інтрыгі на аналіз душы, на псіхал. сюжэт, спалучыў журбу, іронію і сарказм з лірыкай і сцішанай патэтыкай. Выключны ўплыў Ч. на сусв. л-ру 20 ст. адзначалі многія пісьменнікі свету. Творы Ч. часта перадрукоўваліся ў рус. газетах, што выходзілі на Беларусі («Минский листок», «Витебский голос» і інш.). Газ. «Северо-Западный край» публікавала матэрыялы, прысвечаныя творчасці Ч., «Голос провинции» падкрэсліваў сац.-выхаваўчыя функцыі яго твораў, «Гомельская мысль» прапагандавала літ. спадчыну пісьменніка. З рэцэнзіяй на кн. «Пісьмы А.П.Чэхава» выступіў М.Багдановіч (1916). Першы пераклад Ч. на бел. мову — вадэвіль «Сватанне» (пераклаў Н.Чарноцкі), выдадзены ў 1910 выд-вам «Загляне сонца і ў наша аконца»; у 1913 у гэтым выд-ве выйшаў вадэвіль «Мядзведзь». «Наша ніва» апублікавала пераклады апавяд. «Пераапранутыя», «Мянтуз». На бел. мову творы Ч. перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, І.Грамовіч, А.Звонак, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лужанін, Я.Маўр, П.Пестрак, Я.Рамановіч, Т.Хадкевіч, І.Шамякін, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш. Пра дабратворны ўплыў Ч. на іх творчасць сведчылі Я.Колас, М.Лынькоў, Брыль і інш. П’есы Ч. ставіліся і ставяцца на Беларусі. На прафес. і аматарскай сцэне да 1917 ішлі «Дзядзька Ваня», «Чайка», вадэвілі «Мядзведзь», «Сватанне», «Юбілей», інсцэніроўкі апавяданняў «Хірургія», «Зламыснік» і інш., паст. на рус. мове мясц. і заезджымі трупамі. «Сватанне» доўгія гады было ў рэпертуары трупы І.Буйніцкага. Творы Ч. ставілі т-ры Беларусі: «Ведзьма» БДТ (1923); «Мядзведзь» БДТ-1 (1933); «Дзядзька Ваня» Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі (1949), Бел.т-р імя Я.Купалы (1965), Бел.т-р імя Я.Коласа (1996); «Вішнёвы сад» т-р імя Я.Купалы (1951), Нац.т-р імя Я.Коласа (1981, 2001), рус.драм.т-р (1981), Гродзенскі абл.драм.т-р (1982), Бел.дзярж.т-р лялек (2001, пад назвай «З Парыжам скончана!»); «Чайка» Нац.т-р імя Я.Купалы (1954; пад назвай «Больш, чым дождж», 2001), Брэсцкі абл.драм.т-р (1954), Бел.рэсп.т-р юнага гледача, Гродзенскі абл.драм.т-р (абодва 1977), Гомельскі абл.драм.т-р (1997); «Тры сястры» рус.драм.т-р (1944), т-р імя Я.Коласа (1951), Гродзенскі і Брэсцкі абл.драм. т-ры (абодва 1960), т-р імя Я.Купалы (1992); «Тры жарты» («Вядзьмарка», «Юбілей», «Прапанова») Брэсцкі абл.драм.т-р (1956); «Іванаў» Брэсцкі т-р драмы і музыкі (1996, пад назвай «Іванаў, Сара і Шурачка»), т-р «Дзе-Я?» (2000); «Драма на паляванні» Гродзенскі абл.драм.т-р (1963); «Каштанка» Бел.дзярж.т-р лялек (1941, 1952) і інш. Многія творы Ч. экранізаваны. Кінастудыя «Беларусьфільм» паст. фільмы «Мядзведзь» (1938), «Чалавек у футарале» (1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
*Мядзве́дзіны, кобр.мыдвэдыны, малар.мэдвэдыны ’ажыны, Rubus fructicosus L.’ (Нар. лекс., Бел. хр. дыял., Сл. Брэс.), мазыр.медзьведзі ’тс’ (Бейл.), брэсц.мідвіднык ’зараснік ажыны’ (Сл. Брэс., Жыв. сл.). Рус.медвежьи ягоды ’маліна’, ст.-польск.miedźuiedziny, ст.-чэш.medvezie (nedvezie) janod(in)y, nedvediny, cernė nedvedice, суч. medvedice, якое Махэк (Jména, 101–102) лічыць не надта старым. Да мядзведзь (гл.): яшчэ ў сярэднія вякі бытавала павер’е, што мядзведзі вельмі любяць гэтыя ягады. Некаторыя іншыя назвы таксама ад назваў звяроў: ажынькёж; рус.куманика < комонь ’конь’, укр.веприна < вепр.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс.км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб.глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр.ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс.га, у т. л.р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМА́ТРА (Sumatra, Sumatera),
востраў у зах. частцы Малайскага архіпелага, у складзе Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 435 тыс.км². Нас. каля 40 млн.чал. (2000). Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1700 км. Берагавая лінія слаба парэзаная, уздоўж узбярэжжа трапляюцца каралавыя рыфы. Зах.ч. ’вострава занята сістэмай гор Барысан (выш. да 3805 м, вулкан Керынчы), на У — забалочаныя раўніны. Горы складзены пераважна з палеазойскіх метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі, развіты эфузійна-асадкавыя адклады мезазою і кайназою, латэрыты. Радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю, золата, марганцу. Клімат экватарыяльны. Сярэднегадавая т-ра на раўнінах 25—27 °C, ападкаў 1500—3000 мм (у гарах месцамі больш за 6000 мм) за год. Густая рачная сетка. Асн. рэкі: Мусі, Хары, Індэрагіры, Кампар. Буйное воз. Тоба. Пад лесам каля 70% тэр. На раўнінах шмат’ярусныя трапічныя лясы, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, у гарах — лясы з вечназялёнага дубу, каштану, зараснікі лаўру, буку, хвойных і інш. парод. У фауне трапляюцца двухрогі насарог, інд. слон, малайскі мядзведзь, арангутанг, гібон, чапрачны тапір і інш.Нац. парк Гунунг-Лёсер, запаведнікі. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавых пальмаў, кавы. Асн. гарады: Палембанг, Паданг, Медан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс.км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-растудз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.Т.Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.Паера і К.Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНКСССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (у межах РСФСР).