КНІ́ГА,

пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл. Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл. Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл. Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.

Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст. н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб. стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб. стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.

Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.​Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.​Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Літ.:

Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;

Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;

Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);

Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт. Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.

В.​М.​Герасімаў.

Да арт. Кніга. Выданні Ф.​Скарыны. 16 ст.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,

апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст. н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.

На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб. стараж. жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст. н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр. бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст. н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл. Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;

Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;

Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.

В.​С.​Вяргей, А.​В.​Іоў, М.​І.​Лашанкоў, А.​Р.​Мітрафанаў.

Да арт. Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.
Да арт. Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я (ваен.),

устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч. ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл. Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл. Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш. бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).

З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.

Літ.:

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие. СПб., 1994;

Жук А.Б. Стрелковое оружие. М., 1992;

Современное стрелковое оружие: Справ. пособие. Мн., 1997;

Разин Е.А. История военного искусства. (СПб.], 1994;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​М.​Сацута.

Некаторыя віды зброі (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — старажытнае кап’ё; 2 — каменная сякера; 3 — па́ліца; 4 — пума; 5, 6 — наканечнікі крамянёвы і бронзавы; 7 — рускі дроцік (суліца); 8 — лук усходні (мангольскага воіна); 9 — сякера вікінгаў; 10 — жалезная булава (пачатак н.э.); 11 — баявы молат (клявец) рыцара; 12 — грэчаскі меч; 13, 14 — рыцарскія меч і булава; 15 — рапіра; 16 — шпага; 17 — ручная бамбарда канца 14 ст.; 18 — куляўрына 15 ст.; 19 — еўрапейскі мушкет 16—17 ст. з кнотавым замком (унізе апора для стральбы); 20 — нямецкі мушкетон 1480 (прататып пісталета); 21 — рускі самапал (ручніца) 16—17 ст.; 22 — ручная марціра 1712; 23 — руская фузея 1723; 24 — багінет да фузеі; 25 — рускі трохгранны штык; 26 — драгунская вінтоўка Бердана 1870; 27 — капсульны рэвальвер Кольта 1835; 28 — вінтоўка Вінчэстэра 1895.
Некаторыя ўзоры стралковай зброі 20 ст.: 1 — рэвальвер Нагана 1910 (Бельгія); 2 — пісталет «Парабелум» 1908 (Германія); 3 — пісталет Маўзера 1920 (Германія); 4 — рэвальвер Сміта і Весана 1955 (ЗША); 5 — пісталет Берэты 1960-я г. (Італія); 6 — пісталет Браўнінга 1983 (Бельгія); 7 — пісталет-кулямёт «Узі» (Ізраіль); 8 — снайперская вінтоўка Драгунова 1963 (СССР); 9 — аўтаматычная вінтоўка «Галіл» (Ізраіль); 10 — аўтамат АКС-74У (Расія).

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.

Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз. Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).

Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.

Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.

Рэлігія стараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.

Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял. маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.

У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г. Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.

Літ.:

Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;

Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э. М., 1961;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;

Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;

Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;

Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;

Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.

т. 3, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГЕСТА́Н, Рэспубліка Дагестан,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх. ч. Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м. Пл. 50,9 тыс. км². Нас. 2067 тыс. чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г. Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.

Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-ра студз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.

Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст. н.э. Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст. паўн. ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл. Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л. Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. Савет Даг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сць буд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн. прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.

Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.​Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц. нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.​Асманаў, З.​Гаджыеў, Н.​Батырмурзаеў, З.​Батырмурзаеў, А.​Гафураў, Э.​Капіеў, Р.​Нураў, А.​Аткай, А.​Магамедаў, А.​Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.​Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.​Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.​Салаватаў (гераічная драма), М.​Бахшыеў (раман), С.​Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял. Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.​Хапалаева, Гафурава, Б.​Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасных сац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.​Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.​Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.​Рашыдаў, М.​Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.​Броўкі, А.​Куляшова, Э.​Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.​Колас, Я.​Купала, А.​Астрэйка, А.​Бачыла, У.​Караткевіч, Р.​Няхай, А.​Лойка і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц. арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц. арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.

Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш. Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.​А.​Абдулаеў, А.​Абдурахманаў, Р.​Аліханаў, П.​Амірханава, Г.​Магамедаў, Х.​Мамаева, З.​Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.​Джэмал, Ю.​Малаеў, М.​Юнусілаў, скульпт. Х.​Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.​Аўгустовіч, В.​Гаркоў, Х.​М.​Курбанаў, манументалісты Г.​Камбулатаў, Ш.​Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.​Мурзабекаў, С.​Салаватаў, А.​Шарыпаў, скульпт. Г.​Гейбатаў, А.​Ягудаеў і інш.

Літ.:

Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;

Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.​У.​Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Да арт. Дагестан. Фрагмент вясельнага жаночага ўбрання. 1-я пал. 19 ст.
Да арт. Дагестан. Хунзахскае плато.

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСТЭ́ЧКА,

населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.

Планіровачную структуру вызначалі асн. гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п. Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн. дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс. чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.

Літ.:

Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;

Т. 2);

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.

А.​І.​Лакотка.

Да арт. Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.
Да арт. Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁ,

збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.

Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл. Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн. арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).

На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб. стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст. гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г. буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял. Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял. арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл. буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл. Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.

Літ.:

Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995.

С.​А.​Сергачоў.

Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.
Да арт. Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.
Да арт. Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.
Да арт. Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у Мінску.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс. км². Нас. 13972,5 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г. Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).

Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-ра студз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-ра чэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.

Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс. чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).

Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст. н.э. тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл. Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб. халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).

У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.

У выніку ўзбр. нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар. Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г. ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс. га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс. т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн. т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд. м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн. т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн. т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн. т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд. кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сць буд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс. км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд. дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд. дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст. н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Йемена.
Да арт. Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.
Да арт. Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ (Монгал),

Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс. км². Нас. 2,58 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г. Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр. ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч. тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. ​2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн. га), рэзерваты.

Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас. р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс. ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э. стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст. н.э. тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт. гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял. кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст. б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г. Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч. тэр. Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на З кіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст. б.ч. манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз. Манг. нар. партыя) на чале з С.​Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.​Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.

26.11.1924 1-ы Вял. нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг. Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч. парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946 сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш. сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.​Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг. дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.​Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.​Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял. дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.​Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.​Багабандзі. М. — чл. ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг. с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн. га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс. т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн. га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс. т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс. т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн. т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс. т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн. т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт∙гадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн. прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс. км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс. км, чыгунак 1,8 тыс. км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн. дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн. дол. Грашовая адзінка — тугрык.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс. чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч. г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж. ун-т (з 1942), Дзярж. пед. ін-т (з 1951), політэхн. ін-т (з 1961), пед. ін-т рус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед. ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр. дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.

Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст. л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.​Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.​Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.​Нацагдорж, Ц.​Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.​Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.​Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.​Цэвэгмэда, вершы Ч.​Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.​Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.​Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.​Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.​Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.​Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.​Тудэў), аповесць (С.​Удвал), апавяданне і навела (Э.​Аюун, С.​Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.​Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.​Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс. сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.​Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.​Сакалоўскага і У.​Шахаўца, 1971) і Н.​Банзрагча «Шлях» (пер. М.​Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.​Рабкевіча, В.​Новіка, З.​Прыгодзіча, М.​Паслядовіча, Я.​Крамко, А.​Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.​Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.​Бяганская, М.​Калачынскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, Х.​Чэрня і інш.

Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл. буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г. буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э. метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв. каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш. Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап. рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг. маст. школа (жывапісцы Б.​Шараў, Д.​Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.​Адон, Будбазар, Н.​Цултэм, А.​Цэвэгжаў, Д.​Чойдаг, графікі Д.​Амгалан, Балдан, скульптары Н.​Жамба, С.​Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.

Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш. Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг. муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст. муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.​Ганчыксумла, Б.​Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.​Смірновым, паст. 1942), Л.​Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.​Білегжаргал, Э.​Чойдаг, Д.​Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.​Чулун, Ц.​Намсрайжаў, Ж.​Жамсранжаў, спевакі Ц.​Пурэўдорж, А.​Сурдал, А.​Загдсурэн, Х.​Уртнасан, А.​Хаўлаш; інструменталісты Т.​Цолман, З.​Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.​Луўсанбалдан, Ш.​Дамба, М.​Дашрынчэн, С.​Гомба, Б.​Луўсангампіл, М.​Дугаржаў, Ж.​Дарждагва, Н.​Нараўбанзад, інструменталісты А.​Сандаг, Д.​Ішдулам, О.​Дашдэлэг, У.​Луўсанхурчы, Л.​Цэрэндорж, Г.​Жам’ян, Д.​Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л. Дзярж. т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг. нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л. т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр. дзярж. манг. т-р (з 1942 Дзярж. муз.-драм. т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг. тэатр. форму сінт. т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж. муз.-драм. т-ра створаны Дзярж. т-р оперы і балета і Дзярж. т-р драмы імя Д.​Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап. тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.

Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.​Нацагдорж, Л.​Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.​Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.​Бунтар, Н.​Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.​Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал. сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.​Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.​Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.​Зархі, І.​Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.​Тарыч, Дудсан-Джалел, М.​Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.​Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.​Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.​Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.​Уртнасан, Г.​Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.

Літ.:

История Монгольской Народной Республики. М., 1983;

Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;

Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;

Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;

Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;

Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;

Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;

Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;

Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;

Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;

Черненко М.М. Кино Монголии. М., 1976.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура). Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Міхеева (тэатр).

Герб і сцяг Манголіі.
Да арт. Манголія. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».
Да арт. Манголія. Мангольскія дываны.
Да арт. Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.
Да арт. Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.
Да арт. Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.
Да арт. Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Юрта.
Да арт. Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.
Да арт. Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.
Да арт. Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.
Да арт. Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.
Да арт. Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.
Да арт. Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.
Да арт. Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.
Да арт. Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.
Да арт. Манголія. Б.​Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).
Да арт. Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.
Да арт. Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.​Р.​Плахотны, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).
Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.
Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).
Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).
Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)