горад, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл. Расіі, на р. Каменка. 12,1 тыс.ж. (1996). Прам-сць: харч. (малочны з-д, хлебакамбінат), лёгкая (швейная ф-ка). Адзін з цэнтраў турызму. НДІ сельскай гаспадаркі.
Узнік у 9—10 ст. на месцы паселішча фіна-угорскага племя мера. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1024; як горад-крэпасць вядомы з 1096. У 1-й пал. 12 ст. сталіца Растова-Суздалькага княства, потым у складзе Уладзіміра-Суздальскага княства. З 13 ст. сталіца Суздальскага княства. У 1238 спалены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 паўсталі жыхары С. У 1392 падпарадкаваны Маскве. У 1565 горад уключаны Іванам IV Грозным у апрычніну. У 14—15 ст. адзін з цэнтраў Суздальска-Ніжагародскага княства. У 1608 горад 8 мес. знаходзіўся ў руках прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У 1634 спалены крымскімі татарамі. Адзін з рэліг. цэнтраў (у канцы 17 — пач. 18 ст. тут знаходзілася мітраполія, да 19 ст. — епархія). З 1708 у складзе Маскоўскай правінцыі, з 1778 павятовы горад, з 1796 ва Уладзімірскай губ.
Помнікі на тэр. крамля: сабор Раства Багародзіцы (1222—25, не раз перабудаваны, фрэскі 13,15, 17 ст., іканастас 17 ст.; узор Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства), архірэйскія палаты (15—18 ст.), шатровая званіца (1635). У цэнтры і на ўскраінах С. манастыры: Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр, Рызапаложанскі (16—19 ст., сабор 16 ст., галерэя; цвінтар і 2-шатровыя «Святыя вароты», 1688) і Пакроўскі (16—19 ст., сабор 1510—18, надбрамная Дабравешчанская царква 1518); прыходскія цэрквы: Лазараўская (1667), Барысаглебская (17—18 ст.), Цараканстанцінаўская (1707), Косьмадзям’янская (1725) і інш. Захаваліся каменныя і драўляныя дамы 18—19 ст. з ажурнай разьбой, гандл. рады (пач. 19 ст.). У 1950—80-я г. праведзены рэстаўрацыйныя работы, у С. перавезена некалькі драўляных цэркваў 18—19 ст. Многія помнікі і ўсе музеі С. ўваходзяць у склад Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 4 км ад С. — с. Кідзекша з арх.-маст. помнікамі 12—18 ст. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Варганов А.Д. Суздаль: Очерки по истории и архитектуре. Ярославль, 1971;
Суздаль: Путеводитель. М., 1985.
Суздаль. Комплекс Пакроўскага манастыра.Суздаль. Сабор Раства Багародзіцы.