ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),

вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл. Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.

Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галу́шка 1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка 2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.

2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.

3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.

4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.

•••

Разумная галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганча́рка 1 ’анучка, якой бяруць з печы гаршкі’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. паўд. ганчи́рка ’тс’, гончи́рка, гончу́рка, гонча́рка (гл. СРНГ, 6, 136; 7, 13). Даль прыводзіць (пад ганчи́рка) і форму гарнчи́рка, але няправільна параўноўвае з гарнец ’гаршчок’. Укр. ганчі́рка. Этымалогія слова спрэчная. Можна звязаць гэта слова з бел. ганча́р, укр. ганча́р, гонча́р (у Грынч.: ганча́рь, гонча́рь), рус. гонча́р (ст.-рус. гърньчаръ, горъчарь), што добра звязваецца і семантычна. Наўрад ці можна прыняць этымалогію Цімчанкі, 1, 508: магчыма, гэта запазычанне з ням. Handscheure. Для такой версіі няма ніякіх падстаў. Няясна, якая матывацыя ў слова ганча́рка (гынча́рка — Бяльк.) ’гатунак махоркі’, якое, бясспрэчна, уваходзіць у сямейства лексем ганча́р, ганча́рка.

Ганча́рка 2 ’гатунак махоркі’ (Бяльк.). Няяснае слова. Відаць, звязана з ганчар, ганчарка 1 (гл.), але матывацыя застаецца незразумелай (няма дадатковых даных аб самой рэаліі і яе гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ КІБЕРНЕ́ТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі (існаваў з 1959). У 1995 да ін-та далучаны Выліч. цэнтр АН Беларусі. З 1996 ін-т уваходзіць (як галаўная арг-цыя) у н.-д. аб’яднанне «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. З ін-та вылучаны навук.-інж. прадпрыемствы «Геаінфарм. сістэмы», «Інфарм. тэхналогіі», інж. прадпрыемства «Навук. прыладабудаванне» (1996). У ін-це 2 аддзяленні (19 лабараторый), інж. цэнтр (3 аддзелы), аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм; мадэляванне інтэлектуальных працэсаў і распрацоўка новых інфарм. тэхналогій; распазнаванне і апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы; матэм. кібернетыка Распрацаваны: тэорыя і сістэмы аўтам. праектавання для машына- і прыладабудавання, мікраэлектронікі; спосабы і сродкі ўводу, вываду, захоўвання і адлюстравання трафічнай інфармацыі; геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі; аўтаматызаваныя сістэмы лічбавай картаграфіі, апрацоўкі сігналаў, відарысаў, у т. л. касм. здымкаў і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; новыя інфарм і сеткавыя тэхналогіі, аналізатары і сінтэзатары мовы, паралельныя структуры і нейракамп’ютэры; метады аптымізацыі, дэкампазіцыі экстрэмальных задач, тэорыі раскладаў, аналізу, сінтэзу і дыягностыкі дыскрэтных прылад, кіравання паралельнымі працэсамі, рашэння лагічных ураўненняў, штучнага інтэлекту і распазнавання вобразаў, аналізу і мадэлявання самаарганізавальных сістэм, экасістэм; сродкі аховы інфармацыі. Выдадзены зборнік «Мадэляванне і аўтаматызацыя інфармацыйных працэсаў» (1995); выдаюцца штогод «Лагічнае праектаванне», «Мадэляванне і інфармацыйныя тэхналогіі праектавання», «Комплексная ахова інфармацыі», «Лічбавая апрацоўка відарысаў», «Інтэлектуальныя сістэмы». Ін-т узнаг. ордэнам Прац Чырв. Сцяга (1984). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.К.Гаранскі, А.​Дз.Закрэўскі, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі, В.С.Танаеў (дырэктар з 1987); працаваў чл.-кар. АН Беларусі І.С.Кавалёў.

В.​С.​Танаеў, М.​П.​Савік.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМА́ТЫКА (ад грэч. systēmatikos упарадкаваны, які адносіцца да сістэмы) у біялогіі, раздзел біялогіі, які займаецца апісаннем, пазначэннем і класіфікацыяй усіх існуючых і вымерлых арганізмаў, устанаўленнем роднасных сувязей паміж іх асобнымі групамі (таксонамі) — відамі, родамі, сямействамі і інш. Грунтуецца на даных усіх раздзелаў біялогіі, асабліва на эвалюцыйным вучэнні. Дазваляе арыентавацца ў мностве існуючых відаў жывёл (каля 1,5 млн.), раслін (каля 350—500 тыс. відаў) і мікраарганізмаў, а таксама вымерлых відаў. Складае базу для генетыкі, біяхіміі, біягеаграфіі, экалогіі, палеанталогіі і інш. біял. навук. С. асн. груп арган. свету (пракарыёт і эўкарыёт) маюць адны асновы, задачы і шмат агульнага ў метадах даследавання, аднак розным раздзелам С. ўласцівы шэраг асаблівасцей, звязаных са спецыфікай розных груп арганізмаў. Як асн. раздзелы вылучаюць С. жывёл і С. раслін (вывучаюць разнастайнасці жывёльных і расл. арганізмаў). Асн. задачы С. — вызначэнне шляхам параўнання індывід. і спецыфічных асаблівасцей кожнага віду і надвідавых таксонаў, іх месца ў эвалюцыі арган. свету, выяўленне агульных уласцівасцей у розных таксонах.

С. імкнецца стварыць усеагульную і натуральную (філагенет.) класіфікацыйную сістэму арган. свету, падпарадкавання таксонаў рознага рангу — ад віду да сістэм. царства і надцарства, вызначыць месца кожнага віду арганізма ў гэтай сістэме. С. часта падзяляюць на таксаномію, разумеючы тэорыю класіфікацыі арганізмаў, і ўласна С. ў шырокім сэнсе. Зрэдку тэрмін «таксаномія» выкарыстоўваюць як сінонім С.

Асновы С. як навукі закладзены працамі англ. прыродазнаўца Дж.​Рэя і асабліва К.​Лінея. Вучэнне Ч.​Дарвіна надало С. эвалюц. змест.

Літ.:

Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ. М., 1971;

Тахтаджян АЛ, О состоянии и перспективах развития систематики в СССР // Успехи совр. биологии. 1972. Т. 73, вып. 2;

Меликян А.П. Цели и задачи современной систематики растений. М. 1984.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апсі́к, псік ’вокліч для адгону катоў’ (РБС, Касп., Бесар., Нас.), псікаць (Нас.). Рус. дыял. (зах.) псик, укр. дыял. (лемк.) псик, польск. a psik ’вокліч для адгону катоў; гукапераймальнае пра чыханне’, разм. apsik, dać apsik ’даць па носе’ (Вечаркевіч), славен. psîk ’шыпенне’. Літ. дыял. apsìk ’вокліч для адгону катоў’. Пашырэнне ў асноўным на польскай і беларускай тэрыторыі робіць малаверагодным дапушчэнне Бесар., 40, аб паходжанні апсік з цюркскай назвы кошкі пшик (бышык, пышык, мышык). Няма пэўнасці і ў этымалогіі, якую прыводзіць Германовіч, Междометия, 63, аб сувязі слоў апсік, псік з назвай сабакі пёс (*pьsъ), таму што гэты вокліч ужываецца па наяўных даных толькі для адгону катоў. Магчыма, трэба тлумачыць як гукапераймальнае слова, якое перадае гук, які быццам вымаўляе кошка для выражэння незадаволення; на гукапераймальны характар указвае фіксацыя гукакомплексу прынамсі ў двух выпадках (славенскім і польскім) у яўна гукапераймальным значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,

оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.

Найбольш стараж. астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.

Літ.:

Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;

Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.

М.​М.​Міхельсон.

Астранамічныя інструменты і прылады: 1 — вялікі азімутальны тэлескоп з дыяметрам люстэрка 6 м; 2 — антэна радыётэлескопа дыяметрам 22 м; 3 — цэласная ўстаноўка гарызантальнага сонечнага тэлескопа; 4 — вялікі вертыкальны круг; 5 — падвойны астрограф Тэпфера.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)