АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ІНФАРМА́ТЫКІНацыянальнай АН Беларусі.
Створаны ў Мінску ў 2002 з мэтай паглыблення даследаванняў па кібернетыцы, аўтаматызацыі, прыкладной матэматыцы, інфарматыцы і ўздзеяння перспектыўных інфарм. тэхналогій на ўсе сферы інфарматызацыі краіны і грамадства. У яго ўвайшлі Ін-ттэхн. кібернетыкі (існаваў з 1965), прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» і праграмна-каардынуючыя аддзелы былога н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» (існавала з 1996) Нац.АН Беларусі. Асн.навук. кірункі: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм, мадэліраванне тэхнал. працэсаў, лагічнае праектаванне дыскрэтных прылад; апрацоўка і распазнаванне сігналаў, відарысаў і вуснай мовы; геаінфарм. і лічбавыя картаграфічныя сістэмы, аўтаматызацыя картаграфічнай вытв-сці; камп’ютэрныя сеткі, базы даных і тэлематычныя дапасаванні; увод і вывад відэаінфармацыі; даследаванне аперацый і дыскрэтная аптымізацыя; прагназіраванне і прыняцце рашэнняў у надзвычайных сітуацыях; эрганоміка, бія- і медінфарматыка; ахова інфармацыі. У ін-це тры н.-д.аддзяленні (мадэліравання інтэлектуальных працэсаў; мадэліравання працэсаў фарміравання і распазнавання вобразаў; інфарм. тэхналогій і сістэм), 23 лабараторыі і аддзелы, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Ін-т ажыццяўляе функцыі галаўной арг-цыі па праграме фундаментальных даследаванняў па навук. асновах новых інфарм. тэхналогій, якая накіравана на развіццё інфарм.-вылічальных сістэм і сетак, метадаў сістэмнага аналізу, матэм. мадэліравання, выліч. і прыкладной матэматыкі і іх масавага выкарыстання ў розных галінах ведаў. Ін-т з’яўляецца вядучым у выкананні буйных навук.-тэхн. праграм: перадавыя інфарм. і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; камп’ютэрныя тэхналогіі праектавання і вытв-сці новай прадукцыі; распрацоўка і асваенне ў серыйнай вытв-сці сям’і мадэлей высокапрадукц. выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай (кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ») і стварэнне на іх аснове магутных прыкладных праграмна-апаратных комплексаў для машына- і прыладабудавання, медыцыны, дзейнасці банкаўскай сістэмы, метэапрагнозаў, рашэння трансп. і інш. навукаёмістых задач; распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касм. інфармацыі. З удзелам ін-та ствараецца Бел.касм. сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дазволіць аператыўна вырашаць праблемы прыродакарыстання, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пытанні картаграфіі. Праведзены Першы бел.касм. кангрэс (28—30.10.2003), на якім абмеркаваны асн. кірункі развіцця касм. даследаванняў і тэхнікі ў Беларусі. З 2004 выпускае штоквартальны час. «Інфарматыка». Распрацаваныя ў ін-це сістэмы, метады, спосабы і сродкі адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1985 і Дзярж. прэміямі Беларусі 1978, 1986, 1998. За цыкл даследаванняў «Распазнаванне і аналіз стахастычных даных і лічбавых відарысаў» і ўкараненне важных прыкладных сістэм на іх аснове прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 2002 групе вучоных (С.У.Абламейка, Р.Х.Садыхаў, В.В.Старавойтаў, А.В.Тузікаў, Ю.С.Харын). У ін-це працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі С.У.Абламейка, А.Дз.Закрэўскі; працавалі акад. В.С.Танаеў, чл.-кар. Г.К.Гаранскі, Е.С.Кавалёў, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІЯ
Як асобная навука вылучылася ў 1950-я г. з неўралогіі і хірургіі. Першае на Беларусі аддзяленне нейрахірургіі заснавана ў 1949 прэзідэнтам АН Беларусі М.І.Грашчанкавым у 3-й клінічнай бальніцы Мінска з навук. базай у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. У ліку першых яго супрацоўнікаў былі Э.І.Злотнік, З.М.Кастрыцкая, Н.Я.Красільнікава, Р.А.Купрыяненка, З.А.Лапотка, М.В.Паўлавец, І.А.Склют. Пазней па ініцыятыве Злотніка нейрахірургічныя аддзяленні арганізаваны ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. З 1965 у 6-й гар. клінічнай бальніцы Мінска адкрыта 2-е аддзяленне нейрахірургіі, а ў Мінскім мед. ін-це арганізаваны курс нейрахірургіі (В.І.Лерман). Супрацоўнікі НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі з’яўляліся піянерамі ў былым СССР у хірургіі ўнутрычарапных анеўрызм, аклюзавальных пашкоджанняў сасудаў галаўнога мозга і ўнутрымазгавых кровазліццяў (Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач). Вяліся даследаванні па кіруемай артэрыяльнай гіпатаніі (Злотнік, Дзярж. прэмія 1985) і дэгідратацыйным дзеянні ліяфілізаванай мачавіны (І.З.Столкарц), вынікі якіх выкарыстоўваліся ў нейрахірургічнай практыцы. Распрацаваны і ўкаранёны ў практыку методыкі татальнага выдалення неўрыном слыхавога нерва з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі (А.Ф.Смеяновіч), мікрахірургічнага лячэння пашкоджанняў перыферычных нерваў (Я.А.Караткевіч), праведзены даследаванні па электрарэнтгенадыягностыцы нейрахірургічных захворванняў (У.Т.Пуставойценка).
У Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (кіраўнік Смеяновіч) распрацаваны эфектыўныя методыкі мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і стэнозу паяснічнага аддзела пазваночніка. У 1984 І.П.Антонаву, С.Д.Бяззубіку, Б.У.Дрывоцінаву, В.Я.Латышавай, Г.К.Недзьведзю, Смеяновічу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Праводзяцца навуковыя даследаванні і распрацаваны методыкі лячэння траўматычнага пашкоджання плечавога спляцення, пухлін асновы галаўнога мозга і ўнутрымазгавой лакалізацыі, артэрыя-вянозных мальфармацый мазжачка і артэрыяльных анеўрызм. У 1989 у Мінскім мед. ін-це засн. кафедра нервовых і нейрахірургічных хвароб (Ф.В.Аляшкевіч) з лабараторыяй псіханейрахірургіі (А.С.Фядулаў), дзе распрацаваны метады хірургічнага лячэння траўматычных і сасудзістых пашкоджанняў галаўнога мозга, укаранёны ў практыку антыаксідантны прэпарат эмаксіпін і нейрапратэктар дыявітол, вывучаны магчымасці карэкцыі перакіснага акіслення ліпідаў пры чэрапна-мазгавой траўме і сасудзістых захворваннях галаўнога мозга. Адпрацаваны методыкі адбору эмбрыянальнага матэрыялу, яго далучэння ў розныя аддзелы галаўнога мозга, культывавання эмбрыянальнай нервовай тканкі і яе падрыхтоўкі да трансплантацыі; выкарыстоўваюцца новыя метады лячэння дыскагенных паяснічна-крыжавых радыкулітаў, вывучаюцца праблемы прагназіравання неўралагічных і нейрахірургічных захворванняў. Праводзяцца даследаванні па выкарыстанні фетальнай (эмбрыянальнай) нервовай тканкі пры нейрадэгенератыўных захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н НДІМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
навукова-даследчае рэсп. унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1958 на базе Мінскага праектнага бюро, створанага на аснове СКБ Мінскага з-да ЭВМ; у 1969 пераўтвораны ў Мінскі філіял Н.-д. цэнтра ЭВТ (Масква), з 1972 сучасная назва. У структуру ін-та ўваходзяць аддзяленні: навук.-тэхн. ЭВМ, ПЭВМ і выліч. комплексаў; н.-д. матэматычнае; н.-д. электроннае; інж.навук.-вытв.; навук.-вытв. мікраэлектронікі; а таксама цэнтр камп’ютэрнай бяспекі і сертыфікацыі сродкаў вылічальнай тэхнікі (СВТ); цэнтр стандартызацыі і менеджменту якасці; доследная вытв-сць.
Асн. кірункі навук. даследаванняў і дзейнасці: стварэнне сучасных ЭВМ, у т. л. суперЭВМ з кластэрнай арганізацыяй, ЭВМ універсальных шырокага выкарыстання, ахаваных, персанальных і інш., вылічальных комплексаў і ўстройстваў спец. прызначэння, мікраэлектронных устройстваў, сістэмных і прыкладных праграмных сродкаў, прыкладных сістэм апрацоўкі даных, сістэм кантролю доступу і шматузроўневай аховы аб’ектаў; распрацоўка метадаў і сродкаў аховы інфармацыі; удасканаленне метадаў і сістэм праектавання і кіравання стварэннем СВТ. Вынікам н.-д. і доследна-канструктарскіх работ стала стварэнне і ўкараненне ў вытв-сць: шэрагу ЭВМ серыі «Мінск» («Мінск-1», «Мінск-2», ... «Мінск-32»), у 1960—75 выраблена больш за 4 тыс.ЭВМ; больш за 10 мадэлей адзінай сістэмы і комплексаў на іх базе (ЕС-1020, ЕС-1021, ЕС-1130 і інш.), у 1971—84 — больш за 9 тыс. машын і комплексаў, або 70% камп’ютэрнага парка СССР; шэрагу персанальных ЭВМ (ЕС 1840, ЕС 1841 ... ВМ 2002 і інш.), з 1984 больш як 30 мадэлей забяспечвалі поўную праграмную сумяшчальнасць з персанальнымі камп’ютэрамі лініі Intel і былі найб. масавымі ў СССР (да 1991 выраблена 150 тыс. машын). Яны падрыхтавалі аснову для шырокага і хуткага авалодання сучаснымі СВТ карыстальнікамі розных прафес. груп. Створаны: знешнія ўстройствы і сістэмы, устройствы тэхн. дыягностыкі, камп’ютэрныя сістэмныя і партатыўныя касавыя апараты і інш. За апошняе дзесяцігоддзе ў ін-це распрацаваны: ахаваныя СВТ для апрацоўкі сакрэтнай інфармацыі для выкарыстання ў дзярж. установах і арг-цыях, ва ўзбр. сілах і сілавых ведамствах; ЭВМ рознага базіравання (стацыянарныя, аўтамаб., пераносныя); універсальныя ЭВМЕС 1230 і інш.; тры пакаленні ўстройстваў пасаж. аўтаматыкі для Мінскага метрапалітэна; першы рад суперкамп’ютэраў у адпаведнасці з рас.-бел. праграмай «СКІФ»; аўтаматызаваная сістэма пагранічнага кантролю АСПК-Дазор і інш.
У ін-це працуюць (працавалі) Ю.Р.Бастанджан (гл. Дадатак), Э.В.Кавалевіч, Г.П.Лапато, М.А.Мальцаў, В.У.Пржыялкоўскі, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.Ф.Чалайдзюк, Л.Т.Чупрыгіна, Л.І.Шунякоў і інш. Выдадзены творы ў галіне ЭВМ, праграмных сістэм і сістэм апрацоўкі інфармацыі: «Электронная вылічальная машына «Мінск-32» (1972), «Арыфметычныя і лагічныя асновы лічбавых аўтаматаў» (2-е выд. 1980), «Лагічнае праектаванне ВІС» (1984), «МікраЭВМ. Кн. 5. Персанальныя ЭВМ» (1988), «Паралельная апрацоўка інфармацыі. Т. 4» (1988), «Фартран 77 для ПЭВМ АС» (1991) і інш. На камп’ютэрных сайтах размешчаны 2 гіст. даведкі пра ін-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),
уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².
Нас. 104 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс.ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ваўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.
Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, 2/3тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш.Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс.чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс.чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн.т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс.т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.
Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс.рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРУ́НЗЕ Міхаіл Васілевіч (2.2.1885, Бішкек, Кыргызстан — 31.10.1925),
рэвалюцыянер, сав.ваен. і дзярж. дзеяч. З 1904 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх і рабочых рэв. гуртках). У 1904 уступіў у Іванава-Вазнясенскую с.-д. арг-цыю; адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Іванава-Вазнясенскай забастоўкі 1905, чл. аднаго з першых у Расіі Іванава-Вазнясенскага Савета рабочых дэпутатаў. На чале дружыны іванаўскіх і шуйскіх рабочых удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905 рабочых Масквы. Не раз арыштаваны, двойчы прыгавораны да пакарання смерцю, замененых пажыццёвай катаргай; 8 гадоў зняволены ў турмах і на катарзе. У 1914 сасланы на пажыццёвае пасяленне ў Сібір, адкуль уцёк. З крас. 1916 на Зах. фронце. Пад псеўданімам М.А.Міхайлаў уладкаваўся вольнанаёмным артыл. часці ў мяст. Івянец, потым статыстыкам к-таЗах. фронту Усерасійскага земскага саюза ў Мінску. Стварыў у Мінску с.-д. групу, якая стала адным з цэнтраў рэв. дзейнасці ў Мінскай губ., мела аддзяленні ў 3-й і 10-й арміях і ваен. майстэрнях. Ф. вёў рэв. агітацыю на фронце, выступаў на мітынгах і сходах, арганізоўваў братанні салдат. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін са стваральнікаў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, чл. яго выканкома. З 4(17) сак. да 12(25).10.1917 нач.нар. міліцыі г. Мінска, чл. Мінскага к-таРСДРП(б). На 1-м з’ездзе ваен. і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Зах. фронту выбраны чл. Франтавога к-та, на 1-м з’ездзе сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. — старшынёй выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. Быў старшынёй Мінскага губ. сялянскага к-та, кіраўніком дэлегацыі ад Беларусі на 1-м Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў, рэдактарам «Крестьянской газеты», адным з рэдактараў газ. «Звезда» (гл.«Звязда») — органа Мінскага к-таРСДРП(б). У час барацьбы супраць карнілаўшчыны (гл.Карнілава мяцеж 1917) узначальваў рэв. войскі Мінскага р-на. 12(25).10.1917 накіраваны ў г. Шуя, потым у Іванава-Вазнясенск [старшыня губ.к-таРСДРП(б) і выканкома губ. Савета]. Са студз. 1919 камандуючы 4-й арміяй, потым Паўд. групай войск Усх. фронту, камандуючы Усх., Туркестанскім, Паўд. франтамі. У 1920—24 упаўнаважаны Рэўваенсавета рэспублікі на Украіне, камандуючы ўзбр. сіламі Украіны і Крыма. З 1922 нам. старшыні СНК УССР і Укр.Эканам. Савета. З 1924 нам. старшыні РВССССР і наркома па ваен. і марскіх справах СССР, адначасова нач. штаба РСЧА, нач.Ваен. акадэміі. Са студз. 1925 старшыня РВССССР і нарком па ваен. і марскіх справах СССР, чл. Савета працы і абароны СССР. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася ваен. рэформа 1924—25. Аўтар прац па праблемах ваен. навукі і ваен. дактрыны. З 1924 канд. у чл. Палітбюро ЦК РКП(б). Яго імем названы вуліцы і плошчы ў многіх гарадах, у т. л. у Мінску. Помнік у Мінску, мемарыяльныя дошкі ў Мінску і г.п. Івянец.
Тв.:
Избр. произв.М., 1965.
Літ.:
М.В.Фрунзе: Жизнь и деятельность. М., 1962;
Казеко И.И. М.В.Фрунзе: Рев. деятельность в Белоруссии. Мн., 1983;
Лебедев В.А., Ананьев К.В. Фрунзе. М., 1960;
Хаўратовіч І.П. Фрунзе ў Мінску // Маладосць. 1965. № 2.
Першыя звесткі пра хім. навуку на Беларусі адносяцца да 2-й пал. 18 ст. Сістэматычная н.-д. работа пачалася пасля адкрыцця Горы-Горацкай земляробчай школы (1840), асабліва пасля пераўтварэння яе ў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1848). Тут працавалі К.Д.Шміт, які ў 1845 арганізаваў першую на Беларусі хім. лабараторыю, і І.А.Цютчаў. Пасля закрыцця ін-та (1863) развіццё хіміі на Беларусі спынілася і аднавілася толькі ў 1920-я г. У 1926 пасля рэарганізацыі структуры Ін-та бел. культуры была зацверджана прыродазнаўчая секцыя, якая мела падсекцыю хіміі, створана хім. лабараторыя; у 1928, напярэдадні рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук, створана кафедра хіміі. У 1930 адкрыты Ін-т хіміі АН Беларусі (першы яго дырэктар акад. У.В.Шкатэлаў). Да 1932 у ім праводзіліся аналітычныя работы для Геалагічнага ін-та АН Беларусі. З 1933 вяліся хім. даследаванні мінер. і арган. сыравіны, вывучаліся пытанні арган. каталізу, адсорбцыі, кінетыкі хім. рэакцый і будовы высокамалекулярных злучэнняў. Хім. даследаванні вяліся таксама на кафедрах арган. і неарган. хіміі БДУ, на базе якіх у 1930 створана хім. аддзяленне пед. ф-та, рэарганізаванае ў 1931 у хім. факультэт.
У 1963 створана Аддзяленне хім. (з 1970 хім. і геал.) навук, у склад якога ўвайшлі Ін-т фіз.-арган. хіміі, Ін-т агульнай і неарган. хіміі, Лабараторыя геахім. праблем АН Беларусі (з 1964 акад.-сакратар М.Ф.Ярмоленка, з 1969 М.І.Міцкевіч, з 1982 У.С.Камароў, з 1992 І.І.Ліштван, з 2002 Ф.А.Лахвіч). На 1.1.2004 у Аддзяленні хіміі і навук аб Зямлі Нац.АН Беларусі працуюць 1044 чал., у т. л. 707 навук. супрацоўнікаў: 15 акад. і 15 чл.-кар.АН Беларусі, 71 д-р і 293 канд.навук. Аддзяленне аб’ядноўвае Ін-т фіз.-арган. хіміі (в.а. дырэктара А.В.Більдзюкевіч; працавалі акад.АН Беларусі А.А.Ахрэм, Б.В.Ерафееў, М.С.Казлоў, К.М.Караткоў, С.М.Ліпатаў, М.І.Міцкевіч, Я.М.Павушкін, М.М.Паўлючэнка, М.А.Прыляжаеў, У.В.Шкатэлаў, М.Ф.Ярмоленка, чл.-кар. Ю.А.Альдэкоп, І.І.Бардышаў, П.І.Бялькевіч, М.А.Майер; працуюць акад. У.С.Салдатаў, У.Я.Агабекаў, чл.-кар. У.І.Поткін), Ін-т агульнай і неарган. хіміі (дырэктар чл.-кар.АН Беларусі М.П.Круцько; працавалі акад. М.А.Безбародаў, У.С.Салдатаў, І.М.Ярмоленка, акад.АН Украіны Ю.С.Ліпатаў, чл.-кар.АН Беларусі А.Я.Продан, Р.Л.Старобінец; працуюць акад. У.С.Камароў, чл.-кар. Ф.Ф.Мажэйка, А.І.Рацько), Ін-т біяарган. хіміі (дырэктар акад.АН Беларусі Ф.А.Лахвіч; працавалі акад. А.А.Ахрэм, А.А.Стральчонак; працуюць чл.-кар. І.А.Міхайлопула, С.А.Усанаў, У.А.Хрыпач), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (дырэктар акад.АН Беларусі У.Я.Агабекаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́М (Guam),
уладанне ЗША у зах.ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).
Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).
Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.
Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер.ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц.аддзяленніРэсп. і Дэмакр. партый ЗША.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА Уладзімір Іванавіч (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),
расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар.арт.СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас.сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К.Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм.аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз.т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз.т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Тв.:
Из прошлого. М., 1936;
Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Пьесы. М., 1962;
Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;
Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;
Рождение театра. М., 1989;
Святые горы. Донецк, 1990.
Літ.:
Марков П.А. Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;
Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;
В.И.Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАКАРТЫ́Я (ад філа... + лац. carta, charta ад грэч. chartēs папера, спісаны ліст, кніга),
калекцыяніраванне, як правіла ілюстраваных, паштовых картак (паштовак). Зарадзілася ў канцы 19 ст., калі пачаўся масавы выпуск паштовак, якія атрымалі міжнар. пашырэнне як самы танны від паштовага адпраўлення. Першая паштоўка выпушчана ў 1869 у Аўстра-Венгрыі (у Расіі ў 1872); першая ілюстраваная — у 1870 у Германіі і Францыі (у Расіі ў 1895).
У 1878 на 1-м Сусв. паштовым кангрэсе ў Парыжы прыняты міжнар. стандарт паштоўкі: 9 × 4 см; у 1925 — 10,5 × 4,8 см. Першапачаткова адваротны бок прызначаўся для адраса (спец. месца для пісьма не прадугледжвалася), з 1904 яе левая палова адведзена для пісьма. Сучасныя ілюстраваныя паштоўкі падзяляюцца на мастацкія (рэпрадукцыйныя і арыгінальныя) і дакументальныя (фотапаштоўкі). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі першыя арг-цыі філакартыстаў, пачалі выдавацца спец. часопісы і каталогі, адбыліся міжнар. выстаўкі і кангрэсы калекцыянераў і выдаўцоў паштовак. У б.СССР штогод выдавалася 7—8 тыс. сюжэтаў паштовак агульным тыражом 2,5—3,5 млрд.экз. Матэрыялы па Ф. друкаваліся (да 1992) у зб. «Савецкі калекцыянер» і час. «Филателия СССР».
На Беларусі першыя ілюстраваныя паштоўкі з’явіліся ў 1890-х г. — у Мінску, Гродне, Брэсце. З 1900-х г. паштоўкі пачалі выдаваць прыватныя выд-вы, кніжныя магазіны, фотаатэлье Ліды, Слуцка, Кобрына, Рагачова і інш.Найб. значным быў выпуск паштовак у 1905—10 (друкаваліся ў губернскіх, павятовых і нават заштатных гарадах). У гады 1-й сусв. вайны ням.акупац. ўлады выдалі пэўную колькасць паштовак з відамі гарадоў Беларусі для патрэб армейскай палявой пошты. Шэраг паштовак быў надрукаваны ўрадам БНР. У 1923 створана Усерас.т-ва філатэлістаў, у якім існавала секцыя Ф. Аддзяленніт-ва існавалі ў Мінску, Гомелі, Рагачове, Віцебску, Мазыры. Да канца 1930-х г. дзейнасць т-ва заняпала ў сувязі з арыштамі яго членаў органамі АДПУ—НКУС. У 1925 Нар. камісарыят пошт і тэлеграфаў СССР выдаў бел. неілюстраваныя паштоўкі для міжнар., а ў 1926 для ўнутр. карэспандэнцыі. У канцы 1920-х г. невял. серыі паштовак выпусціла Дзярж.выд-ваБССР тыражамі па 5 тыс.экз., а ў пач. 1930-х г. — Дзярж.выд-ва мастацтва. У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. існавалі групы, т-вы, клубы калекцыянераў, у т. л. філакартыстаў, у Вільні, Брэсце, Гродне, Беластоку, Лідзе, Лунінцы, Кобрыне, Баранавічах, Слоніме, Пінску і інш., паштоўкі выпускалі Беларускае выдавецкае таварыства, выд-ва Ф.Аляхновіча і інш. выд-вы ў Вільні, Гродне, Брэсце, Слоніме, Навагрудку. У Вял.Айч. вайну шматлікія калекцыі бел. філакартыстаў загінулі ці вывезены ў Германію. У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі друкавалася мала паштовак, але ў 1961 Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 «Беларусь») надрукавала 77 відаў паштовак агульным тыражом больш за 3,5 млн.экз., а ў 1966—136 відаў агульным тыражом 23 млн.экз. У 1966 у СССР створана Усесаюзнае т-ва філатэлістаў, пры якім дзейнічала секцыя Ф. Аддзяленне т-ва створана і на Беларусі. У 1992 створаны Саюз філатэлістаў Беларусі, пры якім існуе секцыя Ф. Секцыя Ф. існуе і пры Мінскім т-ве калекцыянераў. З 1990 выдаецца газ. «Беларускі калекцыянер», якая змяшчае матэрыялы пра Ф.
Літ.:
Подлипский А.М. Белоруссия на почтовых открытках. Мн., 1988;
Целеш В. Мінск на старых паштоўках. Мн., 1984;
Яго ж. Гарады Беларусі на старых паштоўках. 2 выд.Мн., 2001.