АЕ́Р (Acorus),

род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.

Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.

Аер балотны.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),

род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).

Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.

Ваўчаягада: 1 — звычайная; 2 — баравая.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,

рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.

Т.​А.​Філюкова.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.​Д.​Лабанок.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁН (Acer),

род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).

Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Клён: 1 — вастралісты; 2 — татарскі; 3 — амерыканскі.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),

сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТЫ́КУЛА (ад лац. cuticula скурка),

1) у жывёл — шчыльнае няклетачнае ўтварэнне на паверхні клетак эпітэліяльнай тканкі. У беспазваночных К. — вытворнае клетак аднаслойнага покрыўнага эпітэлію; выконвае пераважна ахоўную і апорную функцыі. Можа цвярдзець (напр., у членістаногіх), таму на працягу росту арганізма час ад часу скідаецца (гл. Лінька). Складаецца з хіціну, які разам з мінер. рэчывамі і бялкамі надае мех. трываласць, і ліпідаў, што спрыяюць яе воданепранікальнасці. У пазваночных К. — сукупнасць мікраварсінак на паверхні эпітэліяльных клетак, што высцілаюць унутр. органы (напр., кішэчнік, ч. мачавых канальцаў нырак і інш.). Удзельнічае ў функцыянаванні органа. 2)У раслін — слой тлушчавага рэчыва (кутыну), што пакрывае суцэльнай плеўкай паверхню надземных (пераважна лісця, сцёблаў, некат. пладоў) органаў многіх раслін. Малапранікальная для водных раствораў, газаў, патагенных арганізмаў. Будова К. вызначае ахоўныя ўласцівасці эпідэрмы і залежыць ад умоў асяроддзя і ўзросту расліны Напр., гладкая і бліскучая К. лісця трапічных раслін ахоўвае іх ад празмернага выпарэння вады і перагрэву. Моцная К. — характэрная прыкмета ксерафітаў.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).

Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́САК,

кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫЯ ГЛЕ́БЫ,

фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы, звязаныя з колькасцю іонаў H​+ і OH​− у яе цвёрдай і вадкай частцы. Вызначаецца вадародным паказчыкам (pH), характарызуе кіслотнасць глебы. Адрозніваюць Р.г. кіслую (пераважаюць іоны H​+), шчолачную (пераважаюць іоны OH​−) і нейтральную (аднолькавая канцэнтрацыя іонаў H​+ і OH​−). Для колькаснай ацэнкі Р.г. выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі, найчасцей pH суспензіі глебы ў вадзе ці ў растворы хлорыстага калію (KCl). Р.г. істотна ўплывае на міграцыю прадуктаў выветрывання; міграцыйная здольнасць злучэнняў жалеза, марганцу, стронцыю, медзі (Fe, Mn, Sr, Cu) павялічваецца ў кіслым асяроддзі, а злучэнняў крэмнію (Si), алюмінію (Al) — у шчолачным. Пры кіслай Р.г. многія расліны прыгнечваюцца ад павышанай канцэнтрацыі іонаў H​+ і Al​3+, таму кіслыя глебы неабходна вапнаваць (гл. Вапнаванне глебы). Моцнашчолачныя глебы таксама неспрыяльныя для с.-г. культур; іх паляпшаюць гіпсаваннем глеб і ўнясеннем арган. угнаенняў. На Беларусі Р.г. с.-г. угоддзяў ў межах pH у хлорыстым каліі (KCl) ад 3,9 на пераходных тарфяніках да 7,5 на дзярнова-карбанатных глебах.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)