назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.—лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.Р.Салавей (старшыня), Л.Я.Адзінцоў, М.А.Ляўкоў, М.Ф.Ус, Н.Я.Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.Дз.Малаковіча, Ц.К.Валадзько, А.К.Паланейчыка і інш.
У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас.р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб.шыр. 3,73 км, найб.глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.
палітычная партыя левага кірунку, якая ў 1949—89 была кіруючай у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Засн. 21—22.4.1946 у Берліне (Усх.) на аб’яднаўчым з’ездзе Камуністычнай і С.-д. партый Германіі, якія дзейнічалі ў сав.акупац. зоне краіны, пад старшынствам В.Піка і О.Гротэваля. У 1948—50 пераўтворана ў кадравую партыю на ўзор КПСС. Яе праграма (мянялася некалькі разоў) прадугледжвала «пабудову антыфаш.-дэмакр. ладу ва ўсёй Германіі», асобы ням. шлях да сацыялізму, у т. л. праз прымусовую поўную калектывізацыю сельскай гаспадаркі (1960), утварэнне ў ГДР «сацыяліст. нацыі» (з 1963) і інш. Вышэйшы парт. орган — з’езд (з 1971 склікаўся раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі — ЦК партыі (меў і права склікаць парт. канферэнцыі), які выбіраў Палітбюро і Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (у 1953—76 наз. 1-ы сакратар; у 1950—71 В.Ульбрыхт, у 1971—89 Э.Хонекер, у кастр.—снеж. 1989 Э.Крэнц). Цэнтр. друкаваны орган — штодзённая газ. «Neues Deutschland» («Новая Германія»). У ходзе масавага руху за рэформы ў ГДР (восень 1989) перастала быць кіруючай (заканадаўча з 1.12.1989), страціла каля 95% сваіх членаў, пераўтворана ў САПГ — Партыю дэмакр. сацыялізму (паміж 8 і 17.12.1989), потым у Партыю дэмакр. сацыялізму (люты 1990), якая захавалася ў аб’яднанай Германіі (ФРГ).
Літ.:
История Социалистической единой партии Германии: Очерк: Пер. с нем. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́БАЛЬ Спірыдон (? — каля 1645),
бел. друкар. З сям’і бургамістра г. Магілёва. У пач. 17 ст. настаўнік, потым рэктар Магілёўскай брацкай школы. З 1624 настаўнік Кіеўскай брацкай школы і Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1628 у Кіеве адкрыў друкарню і выдаў некалькі кніг маральна-павучальнага і рэліг. зместу. Вярнуўся на Беларусь і ў 1630 прыняў удзел у заснаванні Куцеінскай друкарні, узначальваў яе да 1632. Выдаў там кірыліцай «Брашна духоўнае», «Малітвы паўсядзённыя», «Буквар» («Бꙋкварь сирѣчь, начало ꙋченіѧ дѣтем начинающим чтенію извыкати», 1631) і «Часаслоў» (1632). С. упершыню ўжыў назву «буквар», а яго кніга па навучанні першапачатковай грамаце наз. «Азбука». У адкрытай ім друкарні ў Буйнічах (пад Магілёвам) выдаў «Псалтыр» (1635), у Магілёўскай брацкай друкарні — «Буквар» («Бꙋкварь ѩзыка славеньска», 1636), «Псалтыр» (1637), «Тастамент» (1638). Падтрымліваў цесныя сувязі з рус., укр., польскімі друкарамі, У 1637 маскоўскі друкар В.Бурцаў набыў у С. друкарскія прылады.
Літ.:
Зернова А.С. Белорусский печатник Спиридон Соболь // Книга: Исслед. и материалы. М., 1965. Сб. 10;
Мацюк О.Я. Новые документы о типографе Спиридоне Соболе // Федоровские чтения, 1973. М., 1976;
Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;
Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983;
Ботвинник М.Б. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУМАЧЭ́ННЕ ЗАКО́НА,
дзейнасць органаў дзяржавы, арганізацый, устаноў, службовых асоб і грамадзян, накіраваная на асэнсаванне і тлумачэнне сэнсу і зместу норм права. Ажыццяўляецца ў працэсе праватворчасці, рэалізацыі юрыд. норм суб’ектамі права, у навук. дзейнасці і выкладанні юрыд. дысцыплін. Мэта Т.з. — дакладнае і аднастайнае выкарыстанне законаў, выдаленне малазразумелых месц і магчымых памылак пры іх рэалізацыі. Т.з. падзяляюць на; тэкставае (аналіз знешняй формы нормы і яе тэксту), сістэматычнае (устанаўленне сувязей і ўзаемазалежнасцей тлумачанай нормы з блізкімі паводле зместу нормамі, вызначэнне месца, якое яна займае ў структуры нарматыўнага акта), гісторыка-палітычнае (даследаванне сац. значэння нормаў, іх мэт, намераў заканадаўцаў, грамадска-паліт. абставін, якія абумовілі выданне нормы). Пры ўзнікненні разыходжанняў паміж зместам нормы і яе вонкавым афармленнем, выкарыстоўваюць пашыранае Т.з., калі сапраўдны змест нормы некалькі шырэйшы, чым яго слоўны выраз, або абмежаванае, калі ён разумеецца вузей, чым гэта прама выказана ў фармулёўцы нормы. Вылучаюць Т.з. афіцыйнае (робіцца спец. ўпаўнаважанымі органамі ў афіц. акце і з’яўляецца абавязковай дырэктывай для выканаўцаў) і неафіцыйнае, або дактрынальнае (у форме рэкамендацый і парад, што даюцца грамадскімі арг-цыямі, навук. ўстановамі, вучонымі і практыкамі). Афіцыйнае Т.з. ў сваю чаргу падзяляецца на нарматыўнае і казуальнае. Нарматыўнае Т.з. абавязковае для ўсіх асоб і органаў і пашыраецца на ўсе выпадкі, прадугледжаныя нормай; казуальнае — афіц. тлумачэнне нормы, якое даецца судовым або інш. кампетэнтным органам у сувязі з разглядам пэўнай справы і абавязкова выключна пры яе разглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. ў г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана на гарадзішчы стараж. Турава. Рэшткі царквы адкрыты і абследаваны М.Каргерам у 1963. Царква ўяўляла сабой 4-слуповы 3-нефавы храм з нартэксам і апсідамі. Падмуркі складзены з валуноў насуха. Сцены ўзведзены ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі (захаваліся на выш. ад 0,3—0,5 да 2 м). Агульныя памеры царквы 28,2×16,5 м. Асаблівасць разбіўкі плана ў тым, што спачатку былі распланаваны межы храма па правым баку, а потым па левым (паўн.). У выніку гэтага была зроблена памылка ў адмеры модуляў на 1 локаць (0,43 м), што адбілася ў перакошанасці плана. Лапаткі, якія адпавядаюць усх. пары падкупальных слупоў, змешчаны на У з такім разлікам, каб павялічыць плошчу ўспрыняцця вагі ад барабана з купалам і распор скляпенняў. Аналагічны канстр. прыём выкарыстоўваўся ў гродзенскім дойлідстве 12 ст. (Ніжняя царква ў Гродне). Будынак меў канструкцыі, узведзеныя пазней за асн. аб’ём. Падлога царквы была выкладзена паліванымі пліткамі. Храм разбурыўся (дата невядома) у выніку моцнай дэфармацыі і значнага нахілу сцен. Зроблена некалькі варыянтаў графічных рэканструкцый Т.ц. (арх. Г.А.Лаўрэцкі і інш.).
Літ.:
Каргер М.К. Новый памятник зодчества XII в. в Турове. М., 1965;
Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.
Г.А.Лаўрэцкі.
Тураўская царква. Фрагмент падмурка.Тураўская царква. Графічная рэканструкцыя Г.А.Лаўрэцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАФІ́ЛЫ (ад грэч. chlōros зялёны + phyllon ліст),
зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Аснова малекулы Х. — складанае цыклічнае злучэнне — Mg-парфірынавы комплекс. У клетках Х. знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах. Фізіялагічна Х. актыўныя толькі ў звязанай з бялком форме. Існуе некалькі тыпаў Х. (a, b, c, d), якія адрозніваюцца сістэмай спалучаных сувязей і намеснікамі (спектрамі паглынання). У вышэйшых раслін і водарасцях асн. пігментам з’яўляецца Х. a, дадатковымі — Х. b (вышэйшыя расліны, зялёныя водарасці), Х. c (бурыя і дыятомавыя водарасці), Х. d (чырв. водарасці). Большая ч. малекул Х. паглынае энергію святла (што суправаджаецца ўзбуджэннем малекул Х. — назапашваннем энергіі ўнутры малекул) і перадае яе рэакц. цэнтрам фотасінтэзу (міграцыя энергіі), меншая ч. ўключана ў склад рэакц. цэнтраў і ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыях. У рэакц. цэнтры Х. за кошт энергіі кванта, што паглынаецца, адбываецца міжмалекулярны перанос электрона, т.зв. элементарны акісляльна-аднаўленчы акт. У выніку першасных працэсаў фотасінтэзу ўтвараюцца адноўленыя прадукты (НАДН, НАДФН) і АТФ. Энергія, назапашаная ў гэтых злучэннях, выкарыстоўваецца для біяхім. ператварэнняў вугляроду, які ўваходзіць у цыкл Калвіна. Т.ч., святло, што паглынаецца Х., ператвараецца ў патэнцыяльную хім. энергію арган. прадуктаў фотасінтэзу. У фотатрофных бактэрый у фотасінтэзе ўдзельнічаюць аналагі Х. — бактэрыяхларафілы.
Літ.:
Vernon L.P., Seely G.R. The chlorophylls. New York;
London, 1966;
Белл Л.Н. Энергетика фотосинтезирующей растительной клетки. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛО́Н (ад грэч. kyklōn які круціцца),
вобласць паніжанага атмасфернага ціску. Разам з франтамі атмасфернымі і антыцыклонамі — асн. прычына змен надвор’я і фарміравання асаблівасцей клімату. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна Ц., да якіх належыць большая ч. Ц. зямнога шара.
Уласна Ц. ўяўляюць сабой буйныя віхры дыяметрам ад 1 тыс.км (у пачатку развіцця) да 2—3 тыс.км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў пераважна на палярных і арктычных атм. франтах. У Паўн. паўшар’і цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана супраць, а ў Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем ад цэнтра Ц. ў ніжніх слаях атмасферы. На ўзроўні мора атм. ціск паніжаецца да 950—960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках Ц. адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Перамяшчаюцца пераважна ўздоўж франтоў з З на У. Скорасць руху Ц. 30—40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар’ем за год бывае некалькі соцень Ц. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1—2 тыдняў.
Выклікаюць утварэнне вял. і магутных воблакаў, выпадзенне ападкаў, рэзкую перамену надвор’я. На Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з Ц., у снеж.—лютым і маі—ліп. каля 50%, у сак. і крас. — каля 30%, у вер. каля 15%.
Цыклон. Ізабары і прыземныя лініі току паветра: а — Паўночнае паўшар’е, б — Паўднёвае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПА́ХІ (Testudines, або Chelonia),
атрад паўзуноў. Вядомы з трыясу, узніклі ад катылазаўраў. Вылучаюць 2 (зрэдку 5) падатр.: бакашыйныя чарапахі з 2 сям. (змеяшыйныя чарапахі і пеламедузавыя) і скрыташыйныя чарапахі з 8 сям. (марскія чарапахі, сухапутныя чарапахі, Ч. кайманавыя, мяккацелыя, прэснаводныя, скурыстыя і інш.). Каля 250 сучасных відаў. Іх падзяляюць на марскіх і наземных (сухапутныя і прэснаводныя). Марскія пашыраны ў трапічных і субтрапічных зонах акіянаў, наземныя — паўсюдна (акрамя Антарктыды). Жывуць у пустынях, трапічных лясах, у азёрах, рэках, балотах, на марскіх узбярэжжах, у акіянах і г.д. 38 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.
Даўж. панцыра ад 10 см да 2,4 м, маса да 865 кг. Панцыр касцёва-рагавы або касцёва-скурысты, складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. У многіх Ч. пад панцыр уцягваюцца галава, хвост і канечнасці. Зубоў няма, сківіцы ўкрыты рагавымі пласцінкамі ў выглядзе дзюбы. Размнажаюцца на сушы яйцамі. Наземныя Ч. кормяцца пераважна расліннасцю, водныя — жывёльным кормам. Жывуць некалькі дзесяткаў (зрэдку да 150) гадоў. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Іл.гл. таксама да арт.Бакашыйныя чарапахі, Балотныя чарапахі, Марскія чарапахі, Пеламедузавыя, Сухапутныя чарапахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЖОЎ,
назва эпохі ў гісторыі Стараж. Кітая і кіт. дынастыі, якая правіла ў 11—3 ст. да п.э. Падзялялася на Зах. Ч. (1122—771 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Сіянь) і Усх. Ч. (770—221 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Лаян).
Першапачаткова стараж.-кіт. племя Ч. залежала ад дзяржавы Інь. У 1122 да н.э. (паводле сучаснай гістарыяграфіі 1137—911 да н.э.) правадыр Ч. У-Ван разграміў Інь, аб’яднаў усе плямёны і стварыў дзяржаву на тэр.бас. рэк Хуанхэ і Янцзы. Зах. Ч. была нетрывалым дзярж. утварэннем. Яе правіцелі раздавалі ўдзелы сваякам, прыхільнікам і саюзнікам вана (цара). Удзелы мелі аўтаномію, а вярх. правіцелю плацілі даніну і аказвалі ваен. дапамогу. Барацьба ўдзелаў з цэнтр. уладай і паміж сабою прывяла ў 8 ст. да н.э. да распаду дзяржавы. Усх. Ч. дзялілася на перыяды: Чуньцю (770—481 да н. э.) і Чжаньго (481—221 да н.э.). У перыяд Чуньцю ўлада ванаў была аслаблена барацьбой за гегемонію паміж асобнымі ўладарамі (чжухоў), якія толькі намінальна прызнавалі вяршэнства цара. У перыяд Чжаньго ўзнікла некалькі буйных царстваў, якія змагаліся за панаванне над усім Кітаем. Апошні цар Ч. пазбаўлены ўлады ў 256/255 да н.э., але фактычна перыяд Ч. завяршыўся ў 221 да н.э., калі краіна аб’яднана пад уладай дынастыі Цынь. Пры Ч. пачалося пашырэнне жалеза, развівалася ірыгацыйнае земляробства, аформіліся асн.філас.-рэліг. школы: канфуцыянства, даасізм, легізм (фацзя) і інш.