падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.
1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.
2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.
3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.
4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.
•••
Камар носа не падаткне гл. камар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наблізіцца. Да ног Каваля падкацілася пустое вядро, ён адкінуў яго. Савіцкі. // Закаціцца куды‑н., пад што‑н. Мячык падкаціўся пад ганак.
2. перан. Разм. Хутка падысці, падбегчы да каго‑, чаго‑н. Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч. Сабаленка. Да.. [Шыковіча] падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар. Шамякін.
3. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу. Колас. Слёзы бяссілля падкаціліся да горла. Шахавец.
4. перан. Разм. Лісліва звярнуцца да каго-небудзь, дамагаючыся чаго‑н. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, .. [Халуста] хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Чарнышэвіч. // Падлашчыцца да жанчыны. [Матушка:] — [Панна Людміла] цяпер тут, у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Колас.
•••
Ком падкаціўся да горла гл. ком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Памагчы каму‑н. сесці, узабрацца на што‑н. высокае. Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ўскочыць каню на спіну. Дамашэвіч. Падсадзіла [бабка] Віцю на воз,.. перахрысціла ўнука і доўга выцірала вочы ражкамі падвязанай пад бараду хусткі. Нядзведскі.
2. Пасадзіць разам, у адно месца з кім‑н. Цяпер.. [Максім] клаўся спаць адзін і, засынаючы, думаў: каго ж, якога таварыша падсадзяць да яго ў камеру? Машара. // Разм. Узяць на воз, у машыну і пад. падарожнага. — Сюды мяне прывёз інвалід з пратэзам замест правай нагі. Па дарозе падсадзіў знаёмую. Лужанін.
3. і чаго. Пасадзіць дадаткова. Падсадзіць капусты на градзе.
4. Разм. Змясціць, падсунуць пад што‑н. ці ў што‑н. [Алена і Міхась] падсадзілі насілы пад капу і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.
2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.
3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.
1. што, у чым. Уступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Я свайго не папушчу. □ Для Паходні касьба была першым сур’ёзным іспытам. Не дагледзець чаго, папусціць у дысцыпліне, пра якую вядзе размову штодня, — пойдзе так і ў жніво, і далей. Хадкевіч. // Разм. Тое, што і папусціцца (у 2 знач.). — О, як вы законы добра ведаеце, — сярдзіта крыкнуў Язэп, — скулу вам, а не штраф.. Гэта здзекі з мяне. Я не папушчу. Чарот.
2. што. Адпусціць, аслабіць, зрабіўшы даўжэйшым. Папусціць канцы вяроўкі. □ Я асцярожна ўзяў у рукі вудзільна і папусціў.. Але варта мне было аслабіць вуду, як паплавок кульнуўся і пайшоў на дно. Ляўданскі.
3. чым. Кінуць з размаху; запусціць. Папусціць каменем. □ [Чалавек] папусціў ламачынаю і якраз ўцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Чорны.
•••
Не папусціць у крыўду каго — тое, што і не даць у крыўду каго (гл. даць).
Папусціць лейцы — паслабіць увагу, патрабаванне, пільнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́ць, ‑стаю́, ‑стаі́ш, ‑стаі́ць; зак.
1. Стаяць некаторы час. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Чорны. — З тыдзень яшчэ восень пастаіць. Якімовіч. Пастаяў [Макарчык] у парозе і раптам пасунуўся да мяне. Адамчык.
2. за каго-што. Абараніць, засцерагчы ад чаго‑н.; ахаваць каго‑, што‑н. Пастаяць за волю. □ — А ты не клапаціся, мы то ўжо адзін за аднаго пастаім. Лынькоў. Селянін Багушэвіча — пакутнік, пакутуе і селянін Купалы, але ў той жа час ён гатовы пастаяць за сябе, нават пайсці на смерць дзеля сваёй свабоды. Навуменка.
3. заг. пасто́й(це). Ужываецца ў значэнні: пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся). — Пастойце! — гукнуў Панця і рушыў следам. Кулакоўскі. — Гэй, ты, пастой! — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека. Лынькоў. // Ужываецца для перадачы нязгоды. — Ты нездаволены, як бачу, Але пастой, Міхал, даслухай, Тагды ты ўжо глуздом парухай. Колас.
•••
Пастаяць галавой за каго‑, што‑н. — абараніць каго‑, што‑н., не шкадуючы свайго жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праня́ць, прайму, праймеш, пройме; пр. праняў, ‑няла, ‑няло; заг. праймі; зак.
1. каго-што. Прабраць, пранізаць (пра мароз, холад, вецер і пад.). Пракосы ляжалі як горы, і іх трэба было варочаць некалькі разоў на дзень, каб сонца і вецер пранялі іх наскрозь. Паслядовіч. Праходзячы ля хаты Галаўнёва, [Горбікаў] раптам адчуў, што ледзяныя дрыготкі пранялі і без таго халоднае яго цела. Дудо. А я ляжу ўвесь мокры, і такі мяне холад праняў, што я ўскочыў на ногі ды даў такога драла, што і ваўкі, напэўна б, не дагналі. Каваль.
2. каго. Глыбока, моцна падзейнічаць, зрабіць вялікае ўражанне на каго‑н. І так .. [Мешчаракоў] праняў нечым на сходзе людзей, што прывялі яны потым не толькі коней, узятых у іх раней, а і тых, што хавалі да гэтага ў лесе. Мехаў. / у безас. ужыв. — Нічога, Арынка, дармо... Так, выпіў трошкі лішняга, яно і праняло да слёз... Хадкевіч.
3. безас. каго. Разм. Пранесці (аб паносе).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’е́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’язджаць; паездка. Калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Чорны. На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. Броўка.
2. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. раз’язджацца — раз’ехацца (у 1 знач.).
3. ‑у. Невялікая конная часць (не болей эскадрона), якая высылаецца для разведкі, аховы або сувязі з другімі часцямі. Міхалка ўзіраўся ўдаль, ці не едзе з маёнтка Глухі Бор раз’езд польскіх жаўнераў. Бядуля. [Рыгор:] — У канцы лістапада нямецкі раз’езд схапіў мяне каля горада Рамадан. Краўчанка.
4. ‑а. Раздваенне аднакалейнага пуці, якое дае магчымасць разысціся двум сустрэчным паяздам, вагонам і пад. // Прыпыначны пункт на месцы такога раздваення. Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Васілёнак. Штовечар на раз’ездзе Ціхі Лес спыняецца прыгарадны цягнік, і кожны раз з прыступкаў вагонаў саскокваюць правадніцы. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самазабыццё, ‑я, н.
1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.
2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак.
1. каго-што. Пхаючы, ссунуць, скінуць адкуль‑н., куды‑н. Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном. Чорны. [Баба Варка:] — Не скінь мне лямпу са стала. Локцем сапхнеш... Пташнікаў. Кінуўшы ў лодку тонкі, выслізганы рукамі шост,.. [Толя] палажыў туды і мяшок, падкасаў да калень штаны, адвязаў чайку ад вярбы і сапхнуў яе на ваду. Брыль.
2. перан.; каго. Разм. Прымусіць вызваліць пасаду. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сам пхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва. [Якім:] — Якім жа макарам ты [Сцяпан] думаеш сапхнуць мяне з пасады? Пянкрат.
3. перан.; каго-што. Перакласці на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Сапхнуць работу на другога. // Зваліць на каго‑н. адказнасць за сваю правіннасць, учынак. Сапхнуць віну за недагляд на зменшчыка.
4. перан.; каго-што. Разм. Пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. (часцей непрыемнага). [Алесь] рыхтаваў коней на буславіцкі «бяссенны» кірмаш. Даводзілася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагаліся сапхнуць розную здыхляціну. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)