АНДО́РА (каталанскае, ісп. Andorra, франц. Andorre),

Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г. Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.

Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас. р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.

Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн. чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн. дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Андоры.
Горная вёска ў Андоры.

т. 1, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.С.Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДАРАСЦІ (Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.М.Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ РАЁН,

на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 50,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Глыбокае, г.п. Падсвілле, 538 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Падсвільскі пасялковы Савет і 12 сельсаветаў: Абрубскі, Азярэцкі, Галубіцкі, Залескі, Зябкаўскі, Карабоўскі, Ломашаўскі, Пліскі, Празароцкі, Псуеўскі, Удзелаўскі, Узрэцкі.

Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—170 м (агульны нахіл тэр. з Пд на Пн); у цэнтр. ч. і на Пд узвышаная — з ПдЗ на ПнУ цягнуцца Свянцянскія грады. На Пн і ПнЗ Дзісенская нізіна, на ПнУ заходзіць Верхнебярэзінская нізіна. Найвыш. пункт 226,4 м (каля в. Кавалі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сут. Па тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў (рэкі Зах. Дзвіна і Дняпро). Асн. рэкі Бярозаўка з Дабрылаўкай Мнюта, Авута, Шоша з Чысцянкай. У раёне 57 азёр агульнай пл. 33,9 км² (2% тэр. раёна), найб. азёры: Шо, Пліса, Доўгае (самае глыбокае на Беларусі, глыб. 53,6 м), Царкавішча. Глебы: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя. Пад балотамі 26,4 тыс. га, асн. балотныя масівы — Асовіны, Скураты, Кур’янава, Барысаўка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: гідралагічныя Белае і Доўгае, ландшафтна-геал.-геамарфалагічныя — лагчынныя катлавіны азёр Доўгае і Псуя, Аўцкая ледавіковая лагчына і Сетаўская сешча. Заказнікі мясц. значэння ландшафтныя: Пліскі камавы масіў і Малінаўшчынскія пагоркі. Дзярж. геал. і геамарфалагічныя помнікі прыроды: Вялікі камень Бортніцкі, Вялікі камень Пліскі (2), Вялікі камень Пліскі (3), Вялікі камень Старынаўскі, Габрусёў камень Шунеўскі, Галубінскае пінга, Горкінскі оз, Камень з рыбкамі Багушэвіцкі, Мосарскі камоід, Чортаў камень Вялецкі. Помнікі прыроды мясц. значэння: Вялікі камень Давідкаўскі, Вялікі камень Пліскі з групай валуноў, Гарвацкі кам, Дэндралагічны сад (1,5 км ад г. Глыбокае), Зябкінскі пагорак, Кавалёўская гара, Камень Галубіцкі, Камень Прошкаўскі, Камень Прыпернаўскі, Мядзведкаўскі оз.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,6 тыс. га, з іх асушаных 27,3 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 21 калгас, 6 саўгасаў, 56 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці, першаснай перапрацоўкі лёну; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Полацк, Крулеўшчына—Варапаева, аўтадарогі Полацк—Вільня (Літва), Докшыцы—Глыбокае—Шаркаўшчына, Глыбокае—Дзісна і інш. У раёне 21 сярэдняя, 18 базавых і 5 пач. школ, школа мастацтваў, 29 дашкольных устаноў, 45 клубаў, 65 б-к, 5 бальніц, 26 фельч.-ак. пунктаў, 7 амбулаторый, паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Азерцы, царква Іаана Прадцечы (канец 19 ст.) у в. Бабруйшчына, Міхайлаўская царква (1916) у в. Верхняе, царква (18 ст.) у в. Вялец, касцёл (19 ст.) у в. Дзеркаўшчына, Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Забор’е, касцёл Багародзіцы Міласцівай (1910) у в. Задарожжа, сядзіба (19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (1760) у в. Залессе, Успенская царква (1748) са званіцай (1774) у в. Кавалі, каменны крыж на «галодным могільніку» (18 ст.) у в. Кішы, царква (18 ст., да 1866 касцёл) у в. Мамаі, касцёл Ганны (1792) у в. Мосар, царква Ушэсця (1863) у в. Парэчча, царква св. Параскевы (1880) у в. Пліса, касцёл Маці Божай (1907) і Петрапаўлаўская царква (1909) у в. Празарокі, касцёл Іаана (канец 19 ст.) у в. Прошкава, касцёл францысканцаў (1740) у в. Удзела, царква Параскевы (1887) у в. Чарневічы. Выдаецца газ. «Веснік Глыбоччыны».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. работнікам сельскай гаспадаркі, у т. л. работнікам фермерскіх гаспадарак, органаў дзярж. кіравання, н.-д. устаноў, прадпрыемстваў, арг-цый і аб’яднанняў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку і працуюць у галіне сельскай гаспадаркі не менш як 15 гадоў, за заслугі ў павелічэнні вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі, забеспячэнні паспяховага функцыянавання с.-г. прадпрыемстваў. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1971 існавала званне засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі Беларускай ССР

1972. І.В.Піліпенка.

1973. І.Л.Бабіцкі, К.Дз.Балай, У.Р.Барысаў, Дз.П.Белавусаў, Н.Я.Бяляўская, Б.В.Венядзіктаў, У.П.Гаўрыленка, М.Дз.Грачышкін, В.А.Грыгор’еў, Г.Л.Дзмітровіч, М.М.Дземідзенка, І.Дз.Дульскі, І.Б.Жалток, П.І.Жукоўская, А.Г.Жураўлёў, В.У.Загароўская, Т.Дз.Кавалёва, А.Я.Каліноўскі, А.У.Караткевіч, П.Я.Карпенка, Ф.А.Касько, Н.Л.Касяновіч, У.Г.Кобрын, А.Т.Корхава, Е.Дз.Косцік, Б.І.Кулінчык, Л.І.Лявонаў, А.А.Маскоўскі, А.І.Мялешка, Н.І.Ніканава, А.Ц.Новікаў, М.Ц.Пашкоў, Л.М.Пунтус, У.Т.Самалётаў, У.Ц.Самойленка, Н.М.Сарока, М.І.Сачыўка, М.К.Светлік, В.С.Свянціцкі, А.Т.Седукова, А.Ц.Сідарэнка, А.І.Сілаева, І.А.Сініла, У.А.Сцепчапка, А.Л.Трапкоў, А.П.Удавенкаў, П.Я.Уцянаў, Н.Я.Цімафеенкава, У.І.Шаблюк, Р.І.Шавякоў, К.І.Шаплыка, З.М.Шчэрбіч, Ф.А.Яроцкі, І.П.Яршоў.

1974. І.Л.Асколкін, А.П.Бандарэнка, Дз.І.Бярозкін, М.В.Бялясаў, А.А.Гламазда, І.Д.Жаваранкаў, С.С.Сяліцкі, А.С.Осіпава, Я.Б.Фрыдлянд.

1975. А.А.Акуловіч, У.А.Амельяновіч, М.З.Асмыковіч, А.Т.Ахраменя, М.В.Баркевіч, Р.М.Басалыга, П.Р.Баярчук, С.І.Белавус, В.І.Бранавец, В.М.Будніцкая, К.П.Буснюк, М.М.Буцько, В.А.Валанцэвіч, П.Т.Валатковіч, І.А.Вараб’ёў, Г.Р.Васілеўскі, І.К.Вятушка, У.Дз.Гамеза, І.В.Ганчароў, Ф.А.Гармаш, І.І.Герасімаў, В.І.Грыдзюшка, А.В.Гурло, А.І.Дамарацкі, П.В.Дзяменцьеў, К.М.Дзям’янаў, Дз.М.Дзяржаўцаў, В.І.Жук, М.С.Жукоўскі, В.А.Зазноба, М.Д.Захараў, А.В.Змушко, І.П.Зуйкевіч, М.І.Іваноў, С.С.Каваленка, Я.М.Казлоў, М.П.Каланчук, С.Ф.Канавалаў, С.А.Карняевец, Р.Р.Касмін, І.І.Каян, А.А.Кніга, Л.П.Козел, Я.І.Козін, С.А.Комлеў, У.Ф.Коўзік, Д.А.Крыцук, К.А.Кузьміч, М.М.Купрацэвіч, Л.І.Курлючэнка, І.С.Лазовік, В.П.Лазука, Р.М.Ланец, І.Д.Лебедзеў, А.І.Ліс, К.В.Лукашэвіч, М.М.Лупееў, В.М.Лучкоўскі, У.Я.Максіменка, І.Т.Малаеў, В.А.Мацецкі, С.І.Мяжуеў, І.А.Панамар, А.В.Папок, А.І.Петрукевіч, А.Ф.Пілецкі, В.І.Пішчулін, С.С.Працько, С.П.Пыжык, І.П.Рай, І.У.Рудзько, В.С.Рулніцкі, І.П.Рудніцкі, Ю.С.Рымковіч, М.В.Сапановіч, Д.І.Сапліцкі, Л.А.Сачыўка, І.А.Спадабаеў, І.С.Сурта, В.Л.Талочка, Ф.С.Трус, В.І.Урбановіч, І.Я.Халаеў, Р.М.Халам’еў, М.Н.Храменкаў, В.І.Цагельнік, С.Я.Целяпнёў, У.Я.Цуба, А.С.Чагін, У.Ц.Чарвякоўскі, М.М.Чаркесаў, В.С.Чарнякоў, А.В.Часнакоў, К.Ф.Чыркоў, М.С.Шумчык, Н.С.Шынкароў, Р.С.Якуш, М.К.Ярошаў.

1977. С.Т.Анісаў, В.Г.Анісенка, А.А.Архіпаўскі, М.Т.Арыстава, Л С.Астаноўка, Я.В.Баранаў, К.Ф.Барысавец, М.П.Брацянкоў, З.І.Бычкова, Р.А.Варабей, Т.І.Галіца, У.С.Грынюк, І.М.Дайнека, М.І.Данілкаў, С.М.Жуковіч, М.У.Знак, В.С.Кадушкіна, Л.І.Казырын, А.Дз.Канаплянікаў, Г.М.Катляроў, Я.І.Кімстач, Ф.Я.Красінская, М.А.Крысіна, Д.І.Кудравец, І.І.Курзянкоў, А.В.Марцынкевіч, В.Р.Масюткін, М.М.Мельнік, В.С.Мілеўскі, К.П.Місюк, К.І.Пазняк, П.С.Палто, А.Ф.Рапецкая, Б.М.Сак, Л.В.Сакоўскі, І.П.Салёнаў, І.М.Саўко, В.А.Сідаровіч, Н.С.Скамарохава, В.І.Снапкова, Л.І.Сыса, А.К.Усава, Б.М.Фунцікаў, А.М.Ходас, А.М.Шаўчурка, А.П.Шугкін, А.П.Шыбека.

1978. А.Т.Анішчанка, Л.Ц.Батвінёнак, І.С.Гатоўскі, І.В.Грынашкевіч, А.М.Дудук, Б.М.Жураўль, М.Дз.Іванова, Г.К.Іваноў, Ф.Б.Ненартовіч, М.П.Пазднякова, А.А.Патапікін, У.П.Самсонаў, В.К.Старавойтаў, Л.Ф.Сычова, У.І.Урбан, Ф.І.Чэрнікаў.

1979. В.С.Ждановіч, В.Ф.Карманаў, В.П.Махлай, А.В.Пятрова, І.І.Савенка, Р.А.Сініцына, У.Ф.Скрыцкі, М.К.Снегіроў, Л.І.Хітрун, В.П.Цімашэнка.

1980. А.А.Валадзько. А.П.Жыбуль, М.П.Жыдаль, І.І.Лазарчук, І.Е.Мядзведзеў, Я.У.Рудэнка, У.М.Рэпкін, Л.І.Сарокіна.

1981. А.С.Гераскін, Л.Я.Падымака, І.І.Сяргееў.

1982. М.К.Андрасюк, М.А.Германовіч, К.К.Кавалёва, Т.І.Капчонкава, В.І.Каравай, Н.К.Лапука, Г.Ц.Новікаў, А.А.Пакала, Р.С.Самцова, А.К.Халенкава.

1983. Н.І.Барадаценка, М.Ф.Дзехцярова, К.А.Карабко, У.У.Конан, Я.Ф.Кульгавеня, Э.Я.Ляшнеўскі, Ф.У.Мірачыцкі, А.К.Петрушкевіч, М.І.Сідарэнка, Ф.А.Скудная, Н.В.Тарасевіч. 1984. М.А.Магучы.

1985. В.І.Арцюшэўская, Н.М.Бакун, Н.У.Бутрымовіч, А.М.Бухаўка, І.Я.Бяспалых, А.Я.Васільеў, А.К.Віцкоўскі, В.А.Галінская, П.І.Гамза, Ю.І.Гурыновіч, У.А.Давыдаў, І.К.Даніловіч, М.У.Жук, С.А.Жукоўская, П.А.Жушма, С.П.Зяневіч, Л.І.Кадлубовіч, Л.М.Казакова, Г.У.Казляк, М.М.Кандаулаў, В.М.Каравай, Я.П.Каспяровіч, У.М.Клімовіч, М.А.Кляпец, І.С.Ключынскі, А.Т.Кобрусеў, В.Я.Лапушынскі, А.В.Ляснічы, А.В.Майсевіч, С.М.Мурашкін, У.І.Мядзведзеў, Г.У.Налівайка, М.І.Ніканчык, М.П.Панасенка, У.І.Панкратаў, Н.А.Панцялеева, Н.А.Пархоменка, М.У.Раманчык, Г.І.Расолава, М.А.Рэмізанава, К.С.Савановіч, М.П.Смаляк, Б.І.Таракан, С.В.Тарасава, М.І.Уласік, Т.С.Федасенка, Т.А.Шаўчэнка, Р.К.Шпакаў, М.С.Шыракапыт, М.Л.Яркевіч.

1986. І.С.Барыскін, В.У.Барысюк, А.М.Беза, Э.І.Бербаш, М.Дз.Варабей, І.І.Дзяміда, З.У.Дубінка, Я.М.Дудкевіч, Ю.І.Жураўская, В.Б.Жаўнова, А.Р.Зарэмскі, В.С.Кавалёва. Р.Я.Капчыкава, У.П.Кемежук, У.М.Коршунаў, Я.І.Кудзінаў, А.М.Ладзюкоў, Я.І.Лявіцкая, Ф.М.Мардухай, Ф.І.Маскаленка. Я.В.Машарскі, Н.А.Мельнікава, Л.П.Новік, Н.В.Паўлючкова, В.С.Прэнза, А.У.Пяхота, В.І.Развадоўскі, А.Ф.Раманюк, А.І.Русак, В.І.Савіцкі, М.В.Саленік, В.М.Сваток, Ф.А.Сякацкі, С.В.Трусевіч. І.Я.Харашкевіч, І.Г.Хільмановіч, Л.П.Цэд, Я.С.Чарняўская, Г.Р.Шантаровіч, М.Е.Шчарбіна, Л.А.Шыдлоўская, В.К.Шынкевіч.

1987. У.А.Баум, Дз.С.Ляшук, В.Я.Расянкова.

1988. В.І.Бабушкіна, П.В.Галадко, Н.А.Гладышава, А.М.Зінкевіч, Т.В.Конан, М.М.Міндзюкевіч, Г.І.Няфёдава, Н.І.Сянчыла.

1989. А.В.Караткевіч, В.М.Котаў, Ф.А.Наркевіч, В.А.Тарасюк, А.Л.Фрыдман.

1990. У.А.Быкаў, Р.Р.Гарашчэня, Л.А.Дазорцаў, У.С.Кітаеў, Я.С.Ліўшыц, І.З.Майдзін, І.Ф.Новікаў, В.А.Папкоў, Э.А.Пятровіч, П.М.Шарснёў.

1991. Р.П.Бараноўскі, І.В.Геведзе, А.П.Герасімаў, У.І.Дубоўскі, М.Н.Кананчук, М.Дз.Лянкевіч, Ч.І.Рынкевіч, М.І.Рэдказубаў, М.У.Саўчык, М.Ц.Славашэвіч, Ф.П.Цыганоў, А.А.Яроменка.

1992. П.М.Бацяноўскі, З.Д.Гільман, П.С.Жукава, В.А.Матусевіч, І.І.Мікановіч, В.М.Шарэшык.

1993. М.С.Герасімук, П.М.Заяц, Н.І.Мілановіч, А.І.Паўлоўскі, А.С.Скакун.

1994. А.І.Антановіч, А.А.Багушэвіч, Л.І.Бярдзічавец, Г.І.Віяленцій, Я.М.Вырко, В.П.Груша, А.М.Жук, А.К.Захарэвіч, М.А.Канстанцінаў, М.А.Карчміт, М.А.Мароз, М.У.Нячаеў, М.С.Пронька, К.У.Рахатка, У.В.Савашынскі, М.Т.Смалянка, В.П.Яцкевіч.

1995. В.С.Кашуй, К.К.Курыловіч, Л.П.Навуменка, І.І.Плаўскі, М.А.Расолька, У.І.Урбан, Б.М.Шапіра.

1996. Я.А.Бухавецкі, І.А.Голуб, У.І.Крамко, Л.С.Майсееў, У.В.Рудзянок. У.Ч.Серахан, К.С.Шкраба.

1997. С.У.Сабко, Дз.І.Самусік, Г.Ф.Скакун, Я.П.Разнічэнка.

т. 6, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН.

На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал.19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁРСКІ РАЁН.

На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 33,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Міёры. Уключае г. Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах. ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р. Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Сгрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 84,3 тыс. га, з іх асушаных 33,5 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».

Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс. км². Нас. 37,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр.г. Мядзел. Уключае г.п. Крывічы і Свір, курортны пас. Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн. ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс. га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял.Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 72,9 тыс. га, з іх асушаных 22,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц. т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Н.М.Мацюшонак, Г.С.Смалякоў.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ РАЁН.

Размешчаны на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,7 тыс. км². Нас. 58 тыс. чал. (2000), гарадскога 55%. Сярэдняя шчыльн. 34 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Навагрудак. Уключае г.п. Любча, 215 сельскіх населеных пунктаў, Любчанскі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Асташынскі, Ацмінаўскі, Бенінскі, Валеўскі, Ваўковіцкі, Вераскаўскі, Гарадзечанскі, Кашалёўскі, Ладзеніцкі, Нягневіцкі, Пятрэвіцкі, Уселюбскі, Шчорсаўскі, Ятраўскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана на Навагрудскім узвышшы, уздоўж р. Нёман — Верхнянёманская нізіна. Паверхня буйнаўзгорыстая і платопадобная, пераважна на выш. 150—250 м, найвыш. пункт 323 м (Замкавая гара). Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пяскі, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 706 мм за год (макс. на Беларусі). Вегетац. перыяд каля 190 сут. Найб. р. Нёман з прытокамі Валоўка, Пліса, Крамушаўка, Ізва; на Пд р. Нёўда (прыток Сэрвачы). Возера Свіцязь. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (56,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (12,2%), тарфяна-балотныя (10,6%) дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,4%). Пад лесам 38,6% тэр. раёна. Найб. лясныя масівы на З па даліне р. Нёман (ч. Нёманскіх лясоў), на У часткі Налібоцкіх лясоў і Графскай пушчы. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 3,4 тыс. га. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Навагрудскі і Свіцязянскі, частка біял. заказніка Налібоцкі; біял. заказнік мясц. значэння Бярозаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Уселюбскі парк, дуб-трайнік і дуб, які зросся з хвояй, у Свіцязянскім лясніцтве; Пуцэвіцкая гара, геал. разрэз Камарышкі каля в. Уселюб, Запольскія 2 камлыгі, Літоўскі вял. камень са знакамі, Пліскія 3 вял. камяні, Святы камень Сянежыцкі, валун ва Уселюбскім парку; мясц. значэння: гара Капліца, Ятраўская гара, Кашалёўскія пагоркі, пагорак Старыя Лагадкі, 2 валуны Лукінскія, дуб Адама Міцкевіча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 69,3 тыс. га (42%), з іх асушаных 18,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, калект. сял. гаспадарка «Уселюб», с.-г. прадпрыемства «Камунар», аграпрадпрыемства імя А.Міцкевіча, аграгандлёвае прадпрыемства «Свіцязь», 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, ільнаводстве, бульбаводстве. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (натуральнамалочныя прадукты, масла, сыр, віно, піва, спірт, рыбныя прадукты і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы), металаапр. (метал. сетка, шафы, цвікі), швейнай і валюшна-лямцавай прам-сці; Навагрудскі завод газавай апаратуры, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Баранавічы—Навагрудак—Іўе, Нясвіж—Навагрудак—Ліда, Навагрудак—Наваельня, Любча—Навагрудак—Дзятлава; адгалінаванне газаправода Бярозаўка—Навагрудак. У раёне 23 сярэднія, 12 базавых, 4 пачатковыя, 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. (5 філіялаў) школы, школа-сад, школа-інтэрнат, спецшкола для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы; цэнтры: пазашкольнай работы, тэхн. творчасці, экалогіі і біялогіі, турызму і краязнаўства, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; дзярж. гандл.-эканам. каледж, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 49 б-к, 8 бальніц, скурвендыспансер, 2 паліклінікі, 31 фельч.-ак. пункт. На тэр. раёна размешчаны рэсп. псіханеўралагічная бальніца (в. Гірдаўка), рэсп. Дом дзіцяці для дзяцей з парушэннямі цэнтр. нерв. сістэмы (г.п. Любча), Дом-інтэрнат (абласны) для ветэранаў вайны і працы (в. Карнышы). Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей, Валеўскі народны гіст.-краязнаўчы музей, музей Любчанскага краю, музей партызанскай славы (у в. Чарэшля). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (18 ст.) у в. Валеўка, жылы дом і царква (19 ст.) у в. Дзяляцічы, царква (1877) у в. Загор’е-Сенненскае, Успенская царква (1768) у в. Лаўрышава, Мікалаеўская царква (1861) у в. Нягневічы, царква (1895) у в. Поўбераг, парк (18 ст.) у в. Уселюб, Дзмітрыеўская царква (1776) і сядзіба (2-я пал. 18—19 ст.) у в. Шчорсы. Выдаецца газ. «Новае жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

П.В.Мікульчык, Г.С.Смалякоў.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,

становішча (сітуацыя) на пэўнай тэрыторыі, якое склалася (узнікла) у выніку надзвычай неспрыяльных прыродных, тэхнагенных, экалагічных і інш. фактараў. Характарызуецца рэзкім адхіленнем ад нормы з’яў і працэсаў, аказвае значнае ўздзеянне на жыццядзейнасць людзей, эканоміку, сац. сферу і прыроднае асяроддзе. Н.с. падзяляюцца на аварыі (пашкоджанне станкоў, установак, энергасістэм, трансп. сродкаў, будынкаў, памяшканняў без чалавечых ахвяр), катастрофы (падзеі з трагічнымі вынікамі, буйныя аварыі з людскімі ахвярамі), стыхійныя бедствы (небяспечныя працэсы геафіз., геал., гідралагічнага, атм. паходжання, якія прыводзяць да катастроф).

У гісторыі чалавецтва вядомы шматлікія глабальныя, рэгіянальныя і аб’ектавыя катастрофы. Захаваліся легенды пра Сусветны патоп, знікненне Атлантыды ў водах акіяна. Вывяржэнне Везувія ў 79 н.э. знішчыла г. Пампеі. У час эпідэміі чумы ў 1340—60 загінула больш за 100 млн. чал., пры землетрасеннях у Кітаі (правінцыя Шаньсі) ў 1556—830 тыс. чал., у 1976 (Таншан-Фэнань) — каля 700 тыс. Найб. значныя тэхнагенныя катастрофы: у 1984, у Бхопале (Індыя), дзе таксічным газам атручана больш як 17 тыс. чал.; радыяцыйнае забруджванне ў выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986. Катастрофы на транспарце: гібель «Тытаніка» ў 1912 (загінула больш за 1500 чал.), «Індыгіркі» ў 1939 (1500 чал.), «Адмірала Нахімава» ў 1986 (больш за 400 чал.), «Эстоніі» ў 1994 (больш за 900 чал.). У авіякатастрофах 20 ст. загінула каля 100 тыс. чал. У дачыненні да Н.с. выключнае значэнне маюць прадухіленне і ліквідацыя. Прадухіленне Н.с. уключае комплекс прававых, арганізацыйных, эканам., інж.-тэхн., прыродаахоўных і інш. спец. мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне ці максімальна магчымае змяншэнне рызыкі іх узнікнення, на захаванне здароўя людзей, зніжэнне памераў страт у эканоміцы і маёмасці грамадзян, шкоды навакольнаму асяроддзю. Звядзенне да мінімуму імавернасці ўзнікнення Н.с. дасягаецца: забеспячэннем тэхнал. надзейнасці сістэм бяспекі ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, сельскай гаспадарцы; неабходнымі даследаваннямі ў сферы забеспячэння жыццядзейнасці, абмежаваннем выкарыстання выбухова-, пажара-, хімічна, радыяцыйна, біялагічна небяспечных рэчываў і тэхналогій; увядзеннем новых бяспечных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, супрацьаварыйнай аховы тэхн. аб’ектаў; аддаленнем патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў ад жылых зон і сістэм іх жыццезабеспячэння; кантролем і наглядам за станам патэнцыяльна небяспечных вытв-сцей і аб’ектаў; стварэннем рэзерваў, неабходных для ліквідацыі Н.с. Ліквідацыя Н.с. уключае: разведку (агульную і спецыяльную — біял., інж., мед., хім., пажарную, радыяцыйную, сан.-эпідэміялагічную) з мэтай высвятлення віду Н.С.; выяўлення крыніц небяспекі. вызначэнне маштабу і межаў Н.с.; назіранне за зменай становішча ў зоне Н.с.; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ; ліквідацыю Н.с., жыццезабеспячэнне насельніцтва і сіл ліквідацыі Н.с. Першачарговыя дзеянні пры аварыях, выбухах, пажарах і інш. Н.с. — пошук і выратаванне пацярпелых, тушэнне пажару, лакалізацыя і падаўленне небяспечных фактараў, а таксама выратаванне матэрыяльных і культ. каштоўнасцей, ахова прыроднага асяроддзя, аказанне пацярпеламу насельніцтву мед. і інш. дапамогі, стварэнне ўмоў, мінімальна неабходных для захавання жыцця і здароўя людзей, падтрыманне іх працаздольнасці. Аварыйна-выратавальныя і інш. неадкладныя работы вядуцца ў небяспечных умовах і патрабуюць спец. падрыхтоўкі спецыялістаў, іх адпаведнай экіпіроўкі і аснашчэння.

Для Беларусі найб. імаверныя Н.с.: аварыі і пажары з выкідам моцнадзейных атрутных рэчываў на хімічна небяспечных аб’ектах (іх у краіне больш за 370), аварыі на АЭС, што знаходзяцца каля межаў рэспублікі (Ігналінская, Літва; Смаленская, Расія; Чарнобыльская і Ровенская, Украіна); аварыі на магістральных нафта-, прадукта- і газаправодах. Магчымы таксама небяспечныя і разбуральныя прыродныя з’явы: паводкі, ураганы, смерчы, лясныя пажары, тарфяныя пажары, моцныя замаразкі. Для арганізацыі дзярж. мер па прадухіленні і ліквідацыі Н.с. прыроднага і тэхнагеннага характару створана Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (1999).

Літ.:

Жалковский В.И., Ковалевич З.С. Защита населения в чрезвычайных ситуациях. Мн., 1998;

Ионина Н., Кубеев М. 100 великих катастроф. М., 1999;

Катастрофа и человек. Кн. 1. Российский опыт противодействия чрезвычайным ситуациям. М., 1997.

В.І.Якаўчук, А.П.Герасімчык, А.В.Урублеўскі.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)