пан, ‑а, м.

1. Уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). Быў у адным маёнтку такі ліхі пан.. Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго на смерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў. Якімовіч.

2. Асоба, якая належыць да прывілеяваных (чыноўных, арыстакратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі. Сюды, на ўлонне бароў і палян, Калісь прыязджаў з-за паўсвету Красой любавацца вяльможнейшы пан. Арочка. І я ўявіў і спевака, і сцэну, і залу, дзе не знатныя паны сабраліся, а людзі, што сумленна жадаюць жыць, без крыўды, без маны. А. Вольскі.

3. Асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей. Выходзяць на поле плугі, Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

4. Разм. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану. [Бацька:] — Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Навуменка.

5. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме пане). Разм. Форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прывілеяваных слаёў грамадства. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў. [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч. // У наш час — форма ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян іншых краін. Паважаныя дамы і паны!

•••

Сам сабе пан гл. сам.

[Чэшск. pan.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страявы́ ​1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да строю (у 1 знач.), звязаны з дзеяннямі войска ў страі. — Чаго ж вы ўрэшце хочаце? — недаўменна перапытваў .. [Соміка] Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў гэтым зборным лагеры. Лынькоў. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. [Гогаберыдзе] прайшоў па стр[аі], раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой. Мележ. // Характэрны для строю, такі, які бывае ў страі. На стадыёне ваеннага гарадка чулася бадзёрая страявая песня. Алешка. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. Бывала, байцы засумуюць, А я ад душы зацягну Вясёлую — эх! — страявую — І роту, як лес, скалыхну. Прыходзька.

2. Прызначаны для непасрэднага вядзення баявых дзеянняў (пра часці войска). Яны часта на конях або на матацыкле з каляскай, які выдатна вадзіў палітрук, выязджалі ў страявыя часці дывізіі, і Міхась на практыцы вучыўся авалодваць справай, якая яго чакала. Машара. // Які служыць у такіх часцях, абслугоўвае такія часці. [Саўчанку] суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Лупсякоў.

•••

Страявы крок гл. крок (у 2 знач.).

страявы́ ​2, ‑ая, ‑ое.

1. Высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва (пра дрэвы). Страявы лес.

2. Які ідзе на пабудовы (пра будаўнічы матэрыял). Страявы матэрыял.

•••

Страявы лес гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́ча, ‑ы, ж.

1. Спатканне з кім‑, чым‑н. пры руху з розных бакоў. І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Бядуля. Сумеўся, бо часта ўспамінаў [Юра] выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў. Карпаў. // Сход, сумеснае знаходжанне дзе‑н. для абгаварэння чаго‑н. або ў сувязі з прыездам, прыходам каго‑н. Сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. □ Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданьскімі пісьменнікамі. Пестрак. // Спартыўнае спаборніцтва. Таварыскія сустрэчы па хакею. □ [Вадзім:] — Шкада, што цябе не было на сустрэчы. Паглядзеў бы, як я два мячы забіў, пад самую перакладзіну. Асіпенка. Абвясціў свісток суддзі, Што канец сустрэчы. Гілевіч. // Паядынак, бітва. На месцы .. сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар. Колас.

2. Спатканне, часцей умоўленае, дзвюх або некалькіх асоб. Назначылі час сустрэчы [дзед Талаш і Папас] і разышліся. Колас. Паўлік ішоў павольна, бо дома яго чакала таксама сустрэча не з радасных. Краўчанка. Наступная сустрэча адбылася праз тыдзень, на .. кватэры [Наташы]. Шчарбатаў.

3. Падрыхтаваны прыём каго‑, чаго‑н.; урачыстасць з прычыны надыходу, прыбыцця каго‑, чаго‑н. У канцы пералічваліся абавязкі, якія бярэ на сябе атрад, рыхтуючыся да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Якімовіч.

•••

Да сустрэчы — да спаткання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.

2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.

3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».

4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.

•••

Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.

2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.

3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́паць 1 ’падымацца ўверх і апускацца ўніз (пра ніты)’ (петр., Шат.), ри́па ’деталь самопрялки, соединяющая верхнюю часть с подставкою’ (Влад.). Ад ры́паць 2 (гл.), параўн. серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’.

Ры́паць 2 ’скрабсці’, ’скрыпець’ (Др.), ’скрыпець’ (Гарэц.), ’няўмела іграць на гармоніку, скрыпцы’ (Мядзв.), ры́паць ’рыпець, скрыпець, скрыгаць; дрэнна іграць; поркацца, кешкацца’ (ТС), ры́пацца ’рыпець, выдаваць гукі пры трэнні’ (ТС), ’незадаволена бурчаць’ (Яўс.), ры́палка ’дрэнны гармонік’, ’няўмелы гарманіст’ (Янк. 2, Жд. 3), рус. ры́пать, ры́пнуть, руск. дыял. ры́пать ’скрыпець’, укр. ри́пати ’скрыпець’, рипатися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’удараць’, ’грымець’, ’рыпець’, в.-луж. rypać ’калупаць’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rýpati ’калупаць’, ’тыкаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rýpati se ’калупацца’, rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’)’, серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’. Прасл. *rypati для якога можна меркаваць першаснае значэнне ’рыць’, ’капаць’, ’рваць’ (польск. дыял. rypać ’стукаць, адбіваць’, ’есці’, ’капаць’, ’крышыць’, чэш. rypati ’капаць, рыць’) і другаснае ’непакоіцца’ (рус. рыпаться, в.-луж. rypać ’чапляцца, назаляць’, балг. ри́пам ’мітусіцца, кідацца’), было растлумачана Брукнерам як вытворнае яд *ryp (утварэнне ад *ryti з суфіксальным ‑p‑) (Брукнер, 472). Аднак наяўнасць славянскіх слоў з тым жа ‑p‑ і іншай агласоўкай кораня тыпу *rupa ’яма’ (укр. рупа, славен. rupa, серб.-харв. rupa, балг. ру́па) і *rupiti sę ’непакоіцца’ (> бел. ру́піцца), што сведчыць аб прыналежнасці ‑p‑ да зыходнай дзеяслоўнай асновы (імаверна вытворнай у сваю чаргу ад і.-е. *reu‑, які даў і прасл. *ryti). Таму больш дакладным падаецца тлумачэнне Махэка, які мяркуе, што слав. *rypati з’яўляецца ітэратывам ад незахаванага дзеяслова *rupiti, якой адпавядаў бы літ. raũpiti (Махэк, 2, 527). Аднак мяркуемы зыходны дзеяслоў прапаноўваецца рэканструяваць у форме *rъpati (*rup‑: *rъp‑: *ryp‑), паколькі захаваліся укр. по́рпати ’капацца, разграбаць, выграбаць (пра курэй)’, ’рыцца ў чым-небудзь’, польск. дыял. parpać ’рыцца, капацца’, балг. дыял. ръ́пам, ръ́пна ’рэзаць тупымі, вышчарбленымі нажніцамі або сярпом’, ’рэзаць дрэнна, няроўна’ (Варбот, Этимология 1971, 6–7; Куркіна, Этимология–1984, 111). Гл. таксама рыпе́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́паць ’прымушаць падаць што-небудзь сыпкае ці дробнае’, ’трусіць, церушыць’, ’ісці, падаць (пра снег, дождж)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Растарг.), ’пасыпаць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, наліваць’ (брагін., мін., Цыхун, вусн. паведамл.; Растарг.): сып воду (КСП), ’ставіць сетку’ (калінк., Арх. ГУ), ’страляць’ (гарад., Нар. ск.), сы́пацца ’падаць уніз (пра што-небудзь дробнае)’, ’здыхаць, прападаць’ (ТС), ’ліцца (пра слёзы)’ (Ян.), ’часта нараджацца’ (Юрч. Вытв.), сыпаце́ць ’ляцець; шугаць’ (Сл. ПЗБ). Укр. си́пати ’сыпаць; ліць’, рус. сы́пать ’сыпаць’, ц.-слав. сыпати, польск. sypać ’сыпаць’, дыял. ’ліць’, в.-луж. sypać, н.-луж. sypaś, чэш. sypati, славац. sypať, серб.-харв. си̏пати ’сыпаць, ліць’, славен. sípati ’сыпаць’, балг. си́пвам ’сыпаць, ліць’, макед. сипе ’тс’, ст.-слав. сыпати ’сыпаць’. Прасл. *sypati ’сыпаць’; іншая ступень чаргавання: стараж.-рус. сути, съпу ’сыпаць’, ст.-слав. соути, съпѫ ’тс’. Славянскае слова роднаснае літ. sùpti, supù ’калыхаць, люляць’, ітэратыў sūpúoti, ст.-прус. suppis ’насып’, лац. supō, ‑āre ’кідаць’ (гл. Траўтман, 293; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1124; Фасмер, 3, 818; Шустар-Шэўц, 1400–1401; Махэк₂, 543; ЕСУМ, 5, 240–241. Борысь (590) *sypati разглядае як мнагакратны дзеяслоў ад прасл. *suti, *sъpǫ ’сыпаць’, параўн. яшчэ ст.-польск. suć, suję, каш. sëc, sëją ’сыпаць’, ст.-чэш. souti, suji ’тс’, славен. súti, spém ’тс’, якія сумесна з пазаславянскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да і.-е. *su̯ep‑ з магчымым першасным значэннем ’рухацца туды і назад, трэсці’, адкуль у семантыцы славянскага слова рэшткі гэтага значэння ’хутка бегчы, ісці, рухацца’; гл. таксама Бязлай, 3, 344; SEK, 4, 261. Аб’яднанне значэнняў ’сыпаць’ і ’ліць’ трактуецца як іншамоўны ўплыў, параўн., напрыклад, Зінкявічус (Балта-слав. иссл. 1983, 28) адносна польск. дыял. sypać ’сыпаць’ і ’ліць’ пры літ. pílti, якое мае абодва значэнні (гл. яшчэ раней Кудзіноўскі, ABSl, 1, 225); параўн. таксама літ. seikė́ti ’вымяраць сыпкія і вадкія рэчывы’ (Буга, Rinkt., 2, 562). Больш падрабязна гл. Бланар, Зб. Дорулі, 76–83 (тут побач з іншамоўным уплывам дапускаецца і ўнутрымоўнае семантычнае развіццё).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.​Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.​Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.​Босх, П.​Брэйгель, Ж.​Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.​Гоі, А.​Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.​Мунк, М.​Шагал), сюррэалізму (С.​Далі, П.​Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.​Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.​Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.​Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.​Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.​Бахматовіча, Я.​Горыда, Я.​Драздовіча, К.​Кукевіча, М.​Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.​Вішнеўскі, А.​Волкаў, Р.​Грамыка, В.​Губараў, М.​Гурло, А.​Карповіч, М.​Пушкар, С.​Раманаў, В.​Славук, В.​Ціхановіч, Л.​Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.​Я.​Адамовіч (гратэск у літаратуры).

Да арт. Гратэск. Ф.​Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.
Да арт. Гратэск. В.​Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,

частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;

Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;

Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4;

Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1996. № 10;

Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;

Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.

Ю.​М.​Бохан.

Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра візура*); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.
Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)