спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); відразьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл.Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст.геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл.Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл.Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.Няхай, М.Свірачкоў, М.Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.Супрунчык, А.Маголін, І.Лізура, А.Лавор, Ф.Максімаў, М.Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл.гл. таксама да арт.Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;
Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.Да арт.Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.Да арт.Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́НЫ (польскае ułan ад тур. oĝlan хлопец, слуга),
1) прадстаўнікі знаці Залатой Арды, якія вялі свой радавод ад нашчадкаў Чынгісхана, што не атрымалі трон. Сярод татар ВКЛ першымі У. былі князі Асанчуковічы, якія, верагодна, паходзілі ад аднаго з нашчадкаў Джучы-хана, кн. Асанчука. У войску ВКЛ У. складалі асобную харугву, якая ў 1631 налічвала 179 дымоў. У 16—18 ст. У. ў ВКЛ разгалінаваліся на некалькі родаў; валодалі маёнткамі, неслі вайсковую службу ў конніцы, вызваляліся ад падаткаў, мелі многія правы шляхты. З 2-й пал. 17 ст. племянныя адрозненні ў татар ВКЛ паступова зніклі, і У. перасталі істотна вылучацца сярод інш.ваен.-служылых родаў, захаваўшы ў асобных выпадках назву «У.» ў прозвішчах (напр., Малюшыцкія-У.).
2) Від лёгкай кавалерыі. Упершыню У. з’явіліся ў 13—14 ст. у манг.-тат. войску як часці конніцы, узброенай коп’ямі з флюгерамі, узначальваліся членамі ханскай сям’і. Першыя ў Еўропе уланскія часці з’явіліся ў 16 ст. ў Польшчы і ВКЛ Яны фарміраваліся з аселых тут татар-У. Напачатку мелі выключна татарскае адзенне, потым ад яго захаваўся толькі галаўны ўбор з квадратным верхам — уланка. У 18 ст. У. як від кавалерыі з’явіліся ў Аўстрыі і Прусіі, у пач. 19 ст. — у Францыі. На ўзбраенні ў іх былі пікі з флюгерамі, пазней пісталеты, з сярэдзіны 19 ст. — карабіны. У Рас. імперыі ў 1797 указам імператара Паўла I з ураджэнцаў б.ВКЛ сфарміраваны 2 кав. палкі, узброеныя шаблямі і пікамі: Конна-польскі таварыскі і Літоўска-татарскі, але назвы «У.» яны не мелі. У 1803 сфарміраваны лейб-гвардыі уланскі полк. У 1803—12 сфарміраваны або пераўтвораны з драгунскіх больш як 10 уланскіх палкоў, у т. л. Літоўскі уланскі і Татарскі уланскі палкі. У 1812 уланскія палкі сфарміраваны ў Літоўскіх войсках 1812 (на баку Францыі). Пасля вайны 1812 у рас. арміі ствараліся новыя уланскія палкі, у т. л. лейб-гвардыі Уланскі цэсарэвіча (з ураджэнцаў бел. і літ. губерняў; 1817). Да 1830 існавалі 2 гвардзейскія і 21 армейскі уланскія палкі. У 1882 уланскія палкі (акрамя 2 гвардзейскіх) перафарміраваны ў драгунскія, у 1907 адноўлены. У 1914 рас. кавалерыя мела 2 гвардзейскія і 17 армейскіх уланскіх палкоў. У. ліквідаваны ў пач. 1918. У Войску Польскім у міжваенны перыяд (1920—39) існавалі 27 палкоў У.
Літ.:
Грыцкевіч А.П. З гісторыі паселішчаў татар у Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 6;
Канапацкі І.Б., Смолік А.І. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мн., 2000;
Охлябинин С.Д. Из истории российского мундира. М., 1996. С. 64—74;
Валькович А. На поле чести // Родина. 2000. № 11;
Dumin S. Herbarz rodzin tatarskich Wielkiego Księstwa Litewskiego. Gdańsk, 1999.
І.Б.Канапацкі, А.М.Лукашэвіч.
Да арт.Уланы. Радавы Польскага уланскага палка. Канец 18 ст.Да арт.Уланы. Сутычка кавалерыстаў на пісталетах у эпоху напалеонаўскіх войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫМАЛО́ГІЯ (грэч. etymologia ад etymon ісціна, сапраўднае значэнне слова + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне значымых адзінак мовы (слоў, марфем, устойлівых спалучэнняў, выразаў) шляхам узнаўлення першапачатковых фармальных і семантычных сувязей паміж імі, страчаных або аслабленых у працэсе развіцця асобных моў. Гэта дасягаецца праз ідэнтыфікацыю (атаясамліванне) моўных адзінак ці іх частак пры параўнанні на падставе параўнальна-гіст. метаду. Пры ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць фанет., словаўтваральны, семантычны, культ.-гіст. і інш. крытэрыі. Фанет. крытэрый грунтуецца на веданні дакладных гукавых адпаведнікаў у роднасных мовах (гл.Роднасць моў), што дазваляе атаясамліваць знешне непадобныя моўныя адзінкі, напр., бел. «бераг» і польск brzeg. Словаўтваральны ўстанаўлівае вытворную аснову этымалагічна няяснага слова шляхам уключэння яго ў вядомы словаўтваральны рад (мадэль), напр., паходжанне тэрміна «бі́ла» (язык звана, дэталь у кроснах і інш.) ад «біць» пацвярджаецца радам утварэнняў: «шы́ла» (ад «шыць»), мы́ла (ад «мыць») і г.д. Семантычны ўлічвае тыповыя змены значэнняў унутры адной ці ў розных мовах, параўн., бел. «гара» і балг. гора́ (лес, звычайна на гарах). Звесткі з этнаграфіі, гісторыі, міфалогіі выкарыстоўваюцца ў якасці культ.-гіст. крытэрыя пры этымалагізацыі асобных слоў, устойлівых выразаў, моўных клішэ, рытуальных формул і інш.Напр., дыялектнае слова «ластавінне» (вяснушкі) паходзіць са стараж. уяўленняў, згодна з якімі разбурэнне гнязда ластаўкі прыводзіла да з’яўлення вяснушак на твары таго, хто гэта зрабіў. Пры этымалагізацыі ў залежнасці ад старажытнасці слова ў якасці параўнальнага матэрыялу прыцягваюцца факты адной мовы (найб. каштоўнасць маюць паказанні дыялектаў, паколькі ў іх часцей, чым у літ. мове, захоўваюцца архаічныя формы і значэнні), групы ці ўсёй сям’і роднасных моў, а таксама факты няроднасных моў (для вызначэння крыніц запазычанняў, калек і тыпалагічных паралелей). Пры ігнараванні ці няведанні навук. крытэрыяў этымалагізацыі паходжанне моўных адзінак тлумачыцца на падставе іх выпадковага знешняга падабенства [напр., дыялектнае слова «не́лень» (від дуба, які позна распускаецца) звязваюць з паняццем «лянівы» (параўн.інш. назву — лянівы дуб), на самай справе паходзіць ад «ліняць», пра што сведчыць інш. дыялектная назва «не́лін» (від дуба, на якім доўга трымаецца лісце); гл.Народная этымалогія].
На ранніх этапах развіцця Э. для выяўлення першапачатковага значэння дапускаліся адвольныя збліжэнні падобных слоў. Навук. характар Э. набыла толькі ў межах параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. асабліва калі з’явіліся першыя этымалагічныя слоўнікі. У этымалагічных слоўніках часта прыводзяцца толькі гіпатэтычныя меркаванні (паколькі для ўстанаўлення паходжання пэўных слоў і выразаў не заўсёды ёсць гістарычна засведчаныя факты). У асобных выпадках такіх этымалагічных версій можа быць некалькі. пры поўнай іх адсутнасці канстатуецца няяснасць паходжання слова. У галіне бел. Э. працавалі Я.Ф.Карскі, Р.А.Ільінскі. М.О.Коген. Л.М.Цвяткоў. П.А.Бузук і інш. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі і ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Булахаў М.Г. З этымалагічных назіранняў Я.Ф.Карскага // Весн. БДУ. Сер. 4. 1971. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
журналі́стыка
(фр. journalistique = газетны, журналісцкі)
1) від творчай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак праз сродкі масавай інфармацыі;
2) навука аб ролі і месцы сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, аб формах і метадах журналісцкай дзейнасці.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ВІЁЛЫ (італьян. viola),
сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c1, e1, a1, d2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн.від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d1; вялікая басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.
Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш.тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.
Літ.:
Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ, пелоідатэрапія, пелатэрапія,
выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш.курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; відфізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).
Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.Лібрайха, К.Гродэля, Ш.Дзюран-Фардэля, Ч.Фругоні, Л.Дэвота, М.А.Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.
Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСНІ́ЦЫ (Rhodococcum vitis-idaea),
від кветкавых раслін сям. верасовых. Пашыраны ў халодных і ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.
Шматгадовазялёная кусцікавая расліна выш. 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Мае эндатрофную мікарызу. Лісце дробнае, шчыльнае, скурыстае, бліскучае, суцэльнае і суцэльнакрайняе, эліпсоіднае. Кветкі званочкавыя, бледна-ружовыя, са слабым пахам, сабраныя ў густыя кароткія паніклыя гронкі на канцах леташніх парасткаў. Плады — шарападобныя ярка-чырвоныя або бела-ружовыя ягады, ядомыя, з прыемным кісла-салодкім смакам (ураджайнасць 150—200 кг/га). Каштоўная харч., кармавая (для звяроў і птушак), дубільная, меданосная, дэкар. і лек. (мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак) расліна, мае бялкі, вугляводы, арган. к-ты (бензойная, яблычная, лімонная, воцатная, мурашыная, шчаўевая і інш.), цукры (цукроза, фруктоза, глюкоза), пекціны, мінер. і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны С, B9, РР, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і інш. З лек. мэтай ужываюць лісце і спелыя ягады. Ягады спажываюць свежыя і мочаныя, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, для квашання капусты, як гарнір да мясных страў, з іх гатуюць варэнне, джэм, павідла, марынады, кісель, сок, сіроп, морс, бруснічную ваду, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,
гастраподы (Gastropoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),
жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл.т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.