ФЕНАМЕНАЛО́ГІЯ (ад феномен + ...логія),
у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне пра з’явы свядомасці; у вузкім — кірунак у філасофіі 20—пач. 21 ст., прадстаўнікі якога імкнуцца Вызваліць філас. свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філас. аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.
У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак: як навука пра прадметы вопыту (І.Кант, І.Г.Ламберт), вучэнне пра канкрэтныя выяўленні абсалютнага духу, якія ў гіст. развіцці паслядоўна змяняюць адно аднаго (Г.Гегель). У 19 ст. пад Ф. таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстр. філосафы і псіхолагі Ф.Брэнтана, К.Штумпф, А.Мейнанг распрацавалі метадалагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў. Узнікненне Ф. як самаст. ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э.Гусерля, які прапанаваў разглядаць Ф. як метад даследавання «чыстай» свядомасці і іманентных, апрыёрных структур чалавечага існавання.
Гал. ўвага ў Ф. звяртаецца на пазавопытныя, пазагіст. структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхал. перажываннях. Ф. дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб’ектаў і інш. форм пазнання. Ф. выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай ці сац. сферы, а суб’ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сац. і псіхафізіял. істоту. У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг структурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў; прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з Ф., прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб’ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхал. свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс. Ф. значна паўплывала на гуманіт. думку 20 ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер), увайшлі ў склад філас. герменеўтыкі (Г.Г.Гадамер) і аксіялогіі (М.Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р.Інгардэн), правазнаўстве (Х.Конрад-Марціус), сацыялогіі (М.Натансон, А.Шуц, А.Фіркант) і інш.
Літ.:
Мотрошилова Н.В. Принципы и противоречия феноменологической философии. М., 1968;
Гуссерль Э. Философия как строгая наука: Пер. с нем. Новочеркасск, 1994;
Антология феноменологической философии в России. Т. 1—2. М., 1998—2000;
Хайдеггер М. Основные проблемы феноменологии: Пер. с нем. СПб., 2001;
Сартр Ж.П. Бытие и ничто: Пер. с фр. М., 2002.
В.І.Боўш.
т. 16, с. 352