ДАЛГАРУ́КАЎ (Пётр Уладзіміравіч) (8.1.1817, Масква — 18.8.1868),
расійскі гісторык і публіцыст. Князь, з роду Далгарукіх. Скончыў Пажскі корпус (1834). Займаўся генеалогіяй: апублікаваў «Паданне пра род князёў Далгарукавых» (1840), «Расійскі радаслоўны зборнік» (кн. 1—4, 1840—41), «Расійскую радаслоўную кнігу» (ч. 1—4, 1854—57). Выдаў у Парыжы на франц. мове ў 1842 «Нататку пра галоўныя фаміліі Расіі», накіраваную супраць дынастыі Раманавых, за што быў сасланы (1843—44), у 1860 кн. «Праўда пра Расію», дзе крытыкаваў урад і праграму ліберальна-канстытуцыйных рэформаў. Адмовіўся вярнуцца ў Расію і быў завочна прыгавораны Сенатам да пазбаўлення тытула, усіх маёмасных правоў і вечнага выгнання (1861). Выпускаў газ. канстытуцыйнага кірунку «Будущность», «Правдивый», «Листок» і інш.
Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.І.Герцэна. Аўтар мемуараў (1867).
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герцен против самодержавия: Секретная полит. история России XVIII—XIX вв. и Вольная печать. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),
польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКА́РБНІЦА ГРА́МАТ»,
«Скарбніца грамат папскіх, імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх, нацыянальных ухвал, пастаноў розных улад і ўрадаў, якія служаць крытычнаму высвятленню гісторыі Літвы, Літоўскай Русі і суседніх краін» («Skarbiec dyplomatów...»), зборнікгіст. крыніц па гісторыі Літвы і ВКЛ са стараж. часоў да Люблінскай уніі 1569. Складзены І.М.Даніловічам на польскай мове, выдадзены пасмяротна Я.Сідаровічам пры ўдзеле М.Круповіча ў 2 тамах у Вільні ў 1860—62. У ёй змешчаны 2383 дакументы з 824 г. да 1569 у асноўным у выглядзе рэгестаў (кароткі пераказ зместу), сярод іх лісты і граматы рымскіх пап, імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», каралёў, вял. князёў ВКЛ, магістраў, комтураў і інш. службовых асоб Нямецкага і Інфлянцкага ордэнаў. Пераважаюць дакументы паліт. характару, дыпламат. перапіска, ёсць даравальныя граматы, граматы гарадам на магдэбургскае права, агульназемскія прывілеі, мірныя дагаворы, акты дзярж. уній ВКЛ і Польшчы, асобныя паведамленні з летапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),
бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.Вільчынскага (1850) і Ю.Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».
Літ.:
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́КАЎ ((Bukov) Эміліян Несцеравіч) (8.8.1909, г. Кілія Адэскай вобл., Украіна — 20.10.1984),
малдаўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1936). Першы паэт.зборнік — «Праца кіпіць» (1932). Творы 1930—40-х г. (зб. «Мова сонца», 1937) накіраваны супраць каланіяльнага рэжыму баярскай Румыніі. У кнігах паэзіі «Я бачу цябе, Малдавія» (1942), «Дзень сённяшні — дзень заўтрашні» (1965, Дзярж. прэмія Малдавіі 1966), «Дрэва жыцця» (1974), раманах «Горад Рэут» (1956), «Магістраль» (1969) і інш. — узнёсласць чалавечых пачуццяў, патрабавальнасць да чалавека, адказнасць перад сабой і народам. Пераклаў на малд. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову творы Букава пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, Я.Семяжон і інш. (у кн. «Малдаўскія апавяданні», 1958; «Паэты сонечнай Малдовы», 1960).
Тв.:
Бел.пер. — Нараджэнне першай зоркі. Мн., 1980.
Літ.:
Чиботару С.С. Писатель и время: Исслед. творчества Е.Букова: Пер. с молд. Кишинев, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,
лацінскі зборнік 2-й пал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняя гіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС лінгвістычны атлас, сістэматызаваны зборнік дыялекталагічных карт пэўнай тэрыторыі, якія паказваюць пашырэнне асобных дыялектных асаблівасцей адной мовы ці комплексу моў. Падзяляюцца на некалькі тыпаў. Д.а. адной мовы, або нацыянальныя: «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (1928), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97). Д.а. рэгіянальныя, якія ахопліваюць частку тэрыторыі, адной або некалькіх моў: «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—5, 1980—95; выд. працягваецца), «Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе—Мазоўша)» І.Тарнацкага (1939), «Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці» Т.В.Назаравай (1985) і інш. Д.а. групы роднасных моў: Агульнаславянскі лінгвістычны атлас (АЛА; выходзіць у серыях — лексікасловаўтваральнай і фанетыка-граматычнай; вып. 1—2, 1988—90; выд. працягваецца). Д.а. тэрыторый, на якіх бытуюць гаворкі як роднасных, так і рознасістэмных моў: Лінгвістычны атлас Еўропы (ЛАЕ, вып. 1—6, 1983—97; выд. працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЛЯКСЕ́Я, ЧАЛАВЕ́КА БО́ЖАГА»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры канца 15 ст. Змешчана ў рукапісным зб-ку разам з «Страсцямі Хрыстовымі» і «Аповесцю пра трох каралёў». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем чэш. крыніц. Шырока адлюстроўвае рысы бел.нар. гаворкі свайго часу.
«Жыціе...» апавядае пра Аляксея, які ў імя веры пакінуў багатых бацькоў і жонку і стаў хрысціянскім падзвіжнікам. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом пад выглядам жабрака і жыў так 17 гадоў. Толькі пасля яго смерці бацькі даведаліся, што гэта быў іх сын. Аповесць вядома ў чэш. і польскім перакладах, у празаічным, вершаваным і драматургічным варыянтах. Зборнік зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Адрианова В.П. Житие Алексея, человека божия, в древней русской литературе и народной словесности. Пг., 1917.