Зялёны. Рус. зеленый, укр. зеле́ний, польск. zielony, серб.-луж. zeleny, чэш., славац. zelený, славен. zelèn, серб.-харв. зѐлен, балг. зелѐн, макед. зелен. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. зеленъ. Прасл. zelenъ адлюстроўвае суфіксальнае (з прыметнікавым суфіксам ‑en‑) развіццё кораня *zel, прадстаўленага ў зелле, зелкі. І.‑е. корань мае від *gʼhel‑; у іншых і.-е. мовах розныя галосныя элементы (*gʼhlē, як грэч. χλωρός ’жоўта-зялёны’; параўн. χολέρα ’халера’). Форма з ‑e‑ ў балт. словах са знач. ’зелянець’: літ. žélti, лат. zel̂t. Параўн. літ. žãlias, лат. zalʼš, ст.-прус. saligan ’зялёны’, авест. zaranya ’золата’, zairi ’жоўты’, ст.-в.-ням. gluoen ’гарэць’, ням. glühen ’блішчэць’. Таго ж кораня зала́, золата. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 84; БЕР, 1, 632; Скок, 3, 648; Голуб-Копечны, 435; Саднік-Айцэтмюлер, 336; Махэк₂, 714; Траўтман, 364–365; Покарны, 1, 429–430; Сураўцава, ЭИРЯ, 8, 151–152. Параўн. жоўты, жоўкнуць, дзе варыянты гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́жы ’чырвона-жоўты’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’чырвона-чорны’ (воран., віл., шальч., астрав., свісл., Сл. ПЗБ), ’руды’ (ЛА, 4; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), худы (пра мяса) (ст.-дар., Нар. сл.), ’з праслойкамі мяса (пра сала)’ (ст.-дар., чэрв., Сл. ПЗБ), ’рыжы, светла-карычневы’, ’з рабаціннем на твары’ (ТС), ’чырвонашчокі’ (ПСл), ры́жае, рыжо́віна ’нятлустае мяса’ (ЛА, 4), рыжо́віны ’сала з праслойкамі’ (ст.-дар., ЛА, 4), рус. рыжий, укр. ри́жий, польск. rydzy ’рыжы’, славац. rýdzi ’чысты’, ’дабротны’, чэш. ryzí ’рыжаваты’, в.-луж., н.-луж. ryzy ’рыжы’, славен. rȋdž ’буры’, серб.-харв. rȋđ ’рыжы’, балг. ридж ’жоўта-чырвоны’, ст.-слав. рыждь. Прасл. *rydjь (корань *ryd‑: *rъd‑: *rud‑). І.‑е. корань *reudh ’чырвоны’, ’руды’ (Покарны, 1, 872–873). Звязана з руда́, рдзець, іржа, параўн. літ. rudìs ’іржа’, жам. rudéti ’ржавець’, літ. rudýnas, rudijà ’балота з іржавай, жалезістай вадой’, rùdis ’руды конь’ (Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471; Махэк₂, 528; Скок, 3, 138–139; БЕР, 6, 252; Чарных, 2, 130).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́к 1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к 2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к 3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак 2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк 4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к 5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ві́цца, ую́ся, уе́шся, уе́цца; уёмся, уяце́ся, ую́цца і вію́ся, віе́шся, віе́цца; віёмся, віяце́ся, вію́цца; пр. ві́ўся, віла́ся, віло́ся; заг. ві́ся; незак.

1. Абвівацца вакол чаго‑н. Віецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі. // Завівацца (пра валасы). У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Чорны.

2. Рабіць звілістыя рухі целам. Вуж уецца каля ног. // Мець звілісты напрамак. Плямістай жоўта-зялёнай змейкай уецца чыгунка сярод лясных гушчароў. Шынклер. Як ручай дарога ўецца. Зарыцкі. // перан. Круціцца, увівацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай. Віцца каля дзяўчыны.

3. Лётаючы, кружыцца. Каля твару назольна віліся камары. Мележ.

4. Уздымацца лёгкім струменьчыкам. З коміна віўся дымок. Якімовіч.

5. Развявацца (пра флаг, сцяг і пад.). Шум і гоман у сталіцы, Сцяг ля сцяга ўецца. Купала.

6. Зал. да віць.

•••

Віцца вужакай — падлізвацца, падлашчвацца да каго‑н.

Віцца роем — кружыцца, круціцца, чапляцца адно за другое (пра думкі).

Віцца ўюном — выкручвацца, хітрыць, падхалімнічаць.

У трубы віцца — вельмі добра расці (пра расліны).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іржа́ і ржа, ‑ы, ж.

1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. □ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.

2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.

3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́сіца 1, ла́сыца ’драпежная жывёліна з сямейства куніцавых, Mustela nivalis’ (ТСБМ, Янк. I, Сіг.), лас́іцка, ла́січка, ласачка (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ла́ска ’тс’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’гарнастай, Mustela ermina’ (Сіг.). Укр. ласица, ласичка, ласка, ластка ’тс’, ’вавёрка’, рус. ласка, ласица ’ласка’, ст.-рус. ласица (XIII ст.), ластица, ластвица (XVII ст.), польск. łasica, łaska, łasiczka ’тс’, каш. łasëca ’аса’, н.-луж. łasyca, łaska, łacyca, lasyca > в.-луж. łasyca (Шустар-Шэўц, 1, 764), чэш. lasice, ход. hlasice, ган. vlaska, ст.-чэш. vlasicě ’ласка’, ’пранырлівая жанчына’, славац. lasica ’ласка’, ’жанчына з гібкай фігурай’, славен. lásica, podlásica, раней і ulasica, серб.-харв. л̏асица, ulásica, подласица, podlȁska, макед. ласица ’тхор’, балг. ласица, власица, ст.-слав. ласица ’ласка’. Прасл. lasica, якое паходзіць, відаць, ад прым. lasъ, які захаваўся ў бел. ‑ласы, параўн. падла́сы ’белабрухі’, ’светла-карычневы’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Рам., Гарэц.), ’з белымі бакамі і грудзьмі’ (Шат.), ’пярэсты’ (Некр., Федар.), драг. пудла́сыстый ’белабрухі’ (Клім.), падла́сіна ’пярэсціна пад жыватом’ (ТСБМ), ла́сіна, ла́сына ’пярэсціна, якая вылучаецца сваім колерам шэрсці’ (пін., стол., БЛ, 13, 68), а таксама ў рус. ла́са ’светлая, гладкая паласа’, укр. ласі́й ’вол з белым чэравам і хвастом’, ла́ся, ла́сий ’чорная або рыжая жывёліна з белым чэравам і персямі’, підла́сий ’тс’, балг. лас ’конь ці лашак з чорнай бліскучай шэрсцю’, серб.-харв. ла́са ’ласка’, ’каза з колерам поўсці, як у ласкі’, ла́сац ’вол’, ла́сак ’сабака’, ла̏саст ’бялявы, белаваты’, венг. дыял. lászov ’свойская жывёліна бялявага колеру’. Найбольш дакладна прасл. lasъ адпавядае лат. luöss ’жоўта-шэры, бялявы’, lãsaĩns ’рабы, у крапінкі’. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 15–17; Махэк₂, 320–321; Скок, 2, 271; Шустэр–Шэўц, 1, 764–765. Інакш Ціўян (Проблемы слав. этнографии, Л., 1979, 186–193) услед за Трубачовым (ЭИРЯ, 2, 29–32), які адносіць гэту лексему да ласка (гл.), мяркуючы, што гэта табу, утворанае паводле прынцыпу абароны ад драпежнага звярка спробай улашчыць яго.

Ла́сіца 2 ’ласіха’ (Сцяшк.). Улічваючы месца націску і мяркуючы, што ён спрадвечны на ла‑, можна аднесці да ласіца 1 (параўн. аналагічнае серб.-харв. ла́сац ’вол’ і інш.).

Ласі́ца ’ласіха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Да лось (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыве́ц 1 ’жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы’ (ТСБМ). Рус. живе́ц ’жывая насадка (у тым ліку рыбка, чарвяк)’, укр. живе́ць ’насадка ў выглядзе рыбкі’, польск. żywiec ’насадка, жывая рыбка; жывёла, прызначаная для забою; расліна Dentaria’, уст. ’чалавек жывога характару’, ’жывая істота’, славен. žívec ’жывая істота’, ’нерв’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живе́ц ’пульс; цэнтр; завусеніца, мяса пад пазногцем’. Ст.-рус. живецъ ’жывы чалавек’. Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня *živ‑ і суфікса *‑ьcь‑ (як *starьcь), які ўтвараў наз. ад прыметнікавых асноў. Значэнне, відаць, ’істота, прабываючая ў жывым станс’ (у адрозненне ад *mrьtvьcь); першапачаткова магло не быць адрознення розных істот (параўн. *junьcь ’малады бычок; юнак’) з пазнейшай спецыялізацыяй.

Жыве́ц 2 ’прырослая частка пазногця’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żywiec ’частка цела вала, напр., пад хвастом’, балг. дыял. живе́ц ’мяса пад пазногцем’, ’завусеніца’, жувѐц ’белая частка ногця’. Параўн. серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живѐц ’пульс’, славен. žívec ’нерв’, укр. живе́ць ’карэнні, парасткі, з якіх вырастаюць новыя расліны’. Відаць, рэфлекс прасл. *živьcь, маючага значэнне ’частка жывога цела’, ’жывая частка цела (у супрацьпастаўленні пазногцю)’, утворанага ад прыметніка *živъ суфіксам *‑ьcь.

Жыве́ц 3 ’пласт грунту, з якога б’е крыніца’, ’месца, дзе сачыцца вада’ (Яшкін), ’жоўты пясок’, ’мох’ (Бяльк.). Рус. табол., гом., еніс., сіб. живе́ц ’крыніца, каля якой збіраюцца рыбы’, ’незамярзаючая рэчка’, укр. живе́ць ’крыніца’, ’пласт грунту’, польск. дыял. żywiec ’неўражайны пласт грунту’, в.-луж. žiwc ’палявы шпат’, чэш., славац. živec ’тс’, славен. žívec ’палявы шпат’. Магчыма, познепраслав. утварэнне *živ‑ьcь, дзе *živ‑ выступае ў знач. ’ваданосны’ (параўн. жываток, жывавод) для абазначэння ’крыніцы’, ’ваданоснага слою грунту’, адкуль перанос на пароду (пясок), на рэчку, балота (дзе расце мох).

Жыве́ц 4 ’дрэнна вырабленая скура’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ярасл. живе́ц ’жоўта-зялёны слой у скуры ў выніку недастатковага дублення’, укр. живе́ц ’слой у скуры’. Відаць, усх.-слав. ’утварэнне з суф. ‑ьць ад прыметнікавай асновы жив‑ у знач ’не высахлы’.

Жыве́ц 5 ’шнур у ткацкім станку, да якога прывязваюць ніці’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. паўд. живе́ц ’сырамятны рэмень, што прывязваюць да сядла ззаду’, укр. дыял. живе́ць ’раменьчык з драўляным кійком, што замацоўваюць да невада’, ’кальцо ў ярме’, ’раменьчык, вакол якога пляцецца пуга’. Усх.-слав. ці асобнае бел. утварэнне ад асновы жыв‑ы ’рухомы’ з суфіксам ‑ец (‑ьць).

Жыве́ц 6 ’нявыляжалы лён’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. серб.-харв. жѝвѝца ’кастрыца’, рус. ніжнегар. живи́га ’нявыляжалы лён’. Улічваючы іншаслав. суадносныя словы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі, відаць, уласна бел. утварэнне з суф. ‑ец паводле тыпу гнілец, сырэц (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 102). Аснова жыв‑ы бярэцца ў знач ’не засохлы, не завялы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла 1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла 2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла 1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла 3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла 1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла 4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла 1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла 4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла 5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла 1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла 6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла 1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла 1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)