бушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.
1. Бурна, імкліва выяўляць сваю сілу (пераважна разбуральную). А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам. Якімовіч. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра. Колас. // Інтэнсіўна развівацца, расці. І адразу [Вольцы] прыснілася: бушавала цяжкім буйным коласам жыта... Васілевіч. // перан. Выяўляцца, развівацца з незвычайнай сілай (пра пачуцці). У ім [Адаме], відаць, бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць. Дамашэвіч. [Аміля] крычала доўга, ужо не бачачы перад сабою Хурса. Само сабою пайшло бушаваць і рваць яе абурэнне, агіда і роспач. Чорны.
2. Разм. Бурна выказваць сваё незадавальненне, гнеў і пад.; буяніць. [Хлапчук] бушаваў добрых хвілін дзесяць. Потым, відаць, замарыўся — сціх. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак., чаго, з дадан. сказам і без дап.
Настойлівымі намаганнямі дамагчыся чаго‑н. Дабіцца выдатных поспехаў. □ Загад адзін, адно заданне — Дабіцца працай перамог. Чарот. Чым больш уставала .. перашкод, тым больш, расло ў Сценкі ўпартае жаданне дабіцца свайго. Колас. // Распытваючы, даведацца, дапытацца аб чым‑н. ад каго‑н. Мужчыны ніяк не маглі дабіцца ад.. [жанчыны], што ж там такое магло стаць: пажар, смерць ці яшчэ якое няшчасце? Дамашэвіч. Настаўнік болей нічога не дабіўся ад Ліды. Яна ўстала з-за стала і выбегла з хаты. Колас. // Дабрацца, з цяжкасцю дайсці куды‑н., да каго‑н. — Я парадкі ведаю, я дабіўся ў адрасны стол. Чорны. У пакой канцылярыі дабіцца было цяжка. Нікановіч.
•••
Дабіцца да ручкі — тое, што і дайсці да ручкі (гл. дайсці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адраджэ́нне, ‑я, н.
1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.
2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.
2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыёмнік, ‑а, м.
1. Апарат для прыёму сігналаў, мовы, музыкі, адбіткаў, які выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыётэхніцы, тэлемеханіцы. Прыёмнік электрамагнітных хваль. Шумавы прыёмнік. // Апарат для прыёму радыёвяшчальных перадач; радыёпрыёмнік. Транзістарны прыёмнік. □ Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік. Шамякін. [Надзя:] — У яе няма ніякага радыё. Дык Міколка аддае свой старэнькі прыёмнік. Хомчанка.
2. Прыстасаванне для прыёму, збірання чаго‑н. Прыёмнік для сцёкавых вод. □ Праз нейкі час пачалі балець плечы, лёгкая драўляная лапата рабілася ўсё цяжэйшай і цяжэйшай, а ў прыёмнік транспарцёра ішоў ужо не такі густы струмень. Дамашэвіч.
3. Установа, якая часова прымае каго‑н. для далейшага размеркавання. Дзіцячы прыёмнік. Вайсковы прыёмнік. □ — Ізаляваць хіба яго [Андрэя Андрэевіча], адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Лынькоў.
•••
Дэтэктарны прыёмнік — самы просты радыёпрыёмнік, звычайна з крышталічным дэтэктарам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
Дайсці да крайняй ступені праяўлення чаго‑н., раз’юшыцца. Дзед Нупрэй так усхадзіўся з нажом, што нечакана аж перарэзаў грабільна і, плюнуўшы злосна, кінуў яго за плот. Лынькоў. — Гэта ж пяць вёрст да тае школы, а зімою без ботаў і кажуха хлопец замерзне. А дзе я іх вазьму яму? — усхадзілася бабка. Каліна. У засценку ўсхадзіліся пеўні, спявалі без пары, — напэўна, на перамену надвор’я. Чарнышэвіч. // Пачаць дурэць, сваволіць. Усхадзіліся дзеці — не суняць. // Пачаць бушаваць, разбушавацца (пра з’явы прыроды). Усхадзіўся вецер. □ Усхадзіўся лес шумлівы, — Вые воўк. Конь спаткнуўся палахлівы. Стой, яздок! Чарот. [Дзяўчына:] — Мароз страшэнны, завіруха ўсхадзілася такая, што, здаецца, машыну перакуліць. Марціновіч. // Абвастрыцца (пра хваробы). Калі ўсходзіцца радыкуліт, можна грэлку прыкласці. Гроднеў. Той дзень.. [жанчына] ледзь дабыла да вечара — усхадзіўся жывот, ламала паясніцу, паднялася гарачка. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філасо́фскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да філасофіі (у 1 знач.). Вялікі рускі рэвалюцыйны дэмакрат В. Р. Бялінскі з’яўляецца класікам нашай матэрыялістычнай філасофскай думкі 40‑х гадоў мінулага стагоддзя. «Беларусь». У.. [апавяданнях] адчуваецца імкненне маладога пісьменніка [Чорнага] ставіць значныя грамадскія і філасофскія пытанні. Луфераў.
2. Кніжн. У аснову якога пакладзена глыбокая ідэя. Філасофскі раман. □ У творах Ф. Багушэвіча асветлены грамадска-палітычныя пытанні, якія маюць вялікі філасофскі змест. Лушчыцкі.
3. Разм. Тэарэтычны, абстрактны, глыбакадумны. Размысловіч — непаваротлівы, павольны ў гутарцы, схільны да філасофскай развагі. Дамашэвіч. Размаўляючы,.. [Сяргей і Наталля Пятроўна] міжвольна і непрыкметна пераходзілі ад адной тэмы на другую, ад абмеркавання простай і яснай жыццёвай падзеі да абстрактных філасофскіх разважанняў, часам даволі туманных. Шамякін.
4. Разм. Уласцівы філосафу (у 2 знач.), чалавеку, які разумна, спакойна разважае аб чым‑н.
•••
Філасофскі камень гл. камень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́жка,
1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.
3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.
4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.
•••
Цяжка сказаць гл. сказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабы́, ‑ая, ‑ое.
1. Не адной масці, пярэсты. Рабая свіння. □ Рабы .. [сабака] Пірат ляжыць побач са мною, выцягнуўшы да вогнішча дзве чыстыя лапы. Карамазаў. // Не аднаго колеру, пярэсты, з плямамі іншага колеру. Рабая посцілка. □ У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Справа на ўзгорку стаяў рабы ад ваеннай маскіроўкі будынак, глухі і пануры. Асіпенка.
2. З рабаціннем. Нос востры і ўвесь твар — адно рабацінне. Нават на руках рабацінне, — от да чаго [Лявон] быў рабы! Чарнышэвіч. Выглядаў .. [Верас] непрывабна: высокі, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Дамашэвіч. / у знач. наз. рабы́, ‑ога, м.; раба́я, ‑ой, ж. Назаўтра на рэчку я не пайшоў. Не хацелася болей сустракацца з рабым. Якімовіч.
3. З рабаціннем, дробным хваляваннем (пра паверхню вады). Дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.
•••
Абое рабое гл. абое.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».
2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.
3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)