тата́рник бот. бадзя́к, -ку́ м., чартапало́х, -ху м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛІПЧУ́К Пётр Аляксеевіч (19.1.1914, с. Леніна Жытомірскай вобл., Украіна — 5.11.1979),

украінскі паэт, публіцыст, перакладчык. Засл. работнік культуры Украіны (1974). Працаваў на рудніках Данбаса, настаўнічаў. Аўтар сатыр. і гумарыстычных зб-каў «Байкі» (1944), «Людаеды» (1945), «Калоссе і Чартапалох» (1957), «За і супраць» (1963), «Размаляваны слуп» (1964), «Юшка з перцам» (1967), «Смехам па ліху» (1970). На ўкр. мову пераклаў некат. вершы і байкі Я.​Купалы. На бел. мову асобныя байкі С. пераклалі У.​Паўлаў і Э.​Валасевіч.

т. 15, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТА́РНІК (Onopordum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Т. калючы (O. acanthium), нар. назвы чартапалох, чортавы пазуры. Трапляецца ўздоўж дарог, каля жылля, на пустках.

Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 150—170 см. Сцёблы прамастойныя, голыя або павуціністыя, з шырокімі калючымі крыламі. Лісце буйное, перыста-лопасцевае ці зубчастае, з калючкамі. Кветкі ружовыя, радзей белыя або жоўтыя, сабраныя ў буйныя адзіночныя кошыкі. Плод — сямянка. Меданосныя, лек., дэкар. расліны, часам пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Татарнік калючы.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

oset, ostu

м. бат. чартапалох (Carduus L.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Dístel f -, -n бат.

1) чартапало́х, бадзя́к, дзядо́ўнік

2) асо́т

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Тата́рак ’бадзяк, пустазелле’ (Сцяшк.), сюды ж, магчыма, тата́рнік ’Garduus tomentasus’ (?) (“близ дорог”, Меер Крыч.). Укр. тата́рни́к ’чартапалох’, дыял. ’бадзяк палявы’, рус. тата́рин, тата́рник ’чартапалох; асот’. Ад тата́рын, тата́ры (гл.) з матывацыяй ’небяспечны’, ’шкодны’, ’непрыемны’, што адлюстроўвае калючасць раслін. У аснове намінацыі этнонім з пераносным значэннем ’не свой, чужы’, гл. Беразовіч, Язык и трад. культура, 409. Параўн. таксама ЕСУМ, 5, 527.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кардо́ўнік ’аер’ (Касп., Мат. Маг.), ’рагоз, пухоўка шыракалістая, Typha latifolia Г (Кіс.), ’плюшч галінасты, Sparganium ramosum Hads’ (Кіс.). Магчыма, ад лац. carduus ’чартапалох’ (назва калючай расліны).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярдва́ ’татары’ (лях., Сл. ПЗБ). Да этноніма мардви < і рус. мордай (Фасмер, 2, 653). Параўн. бел. мардва ’дзеці’ (гл.) і смал. мордвин ’свавольнік’, а таксама рус. мордвин і татарин ’дзядоўнік’, ’чартапалох’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Растро́п ’чартапалох, Carduus L.’ (Нас., Гарэц.), ’дурнап’ян, Datura L.’ (Гарэц., Касп.), параўн. укр. ростро́пша ’мардоўнік, Echinops sphaerocephalus L.’. Магчыма, да трапаць ’біць’ (гл.), паколькі расліна выкарыстоўваецца для магічных дзеянняў (гл. Мяркулава, Очерки, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)