ПЯТРО́ЎСКАЯ Галіна Аляксандраўна (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),
бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1981). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.А.Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.С.Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.В.Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУ́ТА (сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),
бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.
Літ.:
Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ХАВА Ганна Міхайлаўна (4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Мельц М.Я., Митрофанова В.В. Памяти А.М.Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна
(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),
бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел. нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.
Літ.:
Кісялёў Г.В. Падзорная труба Эміліі Плятэр // Кісялёў Г.В. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Zakrzewski B. Emilia Plater // Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Warszawa, 1980.
В.В.Швед.
т. 12, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЧАНКА Зінаіда Фёдараўна (1839, в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на — 18.3.1916),
бел. фалькларыстка і этнограф. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1887). Збірала фальклор у Гомельскім пав. У прадмове да збору 1888 апісала матэрыяльны побыт сялян, абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Купалле, Каляды, карагоды, жніво, талака і інш.). Запісвала бел. нар. мелодыі, прыказкі. Апубл. больш за 700 бел. нар. песень, у т. л. 180 з напевамі. Першая з даследчыкаў 19 ст. адзначыла двухгалоссе ў спевах беларусаў.
Тв.:
Сборник малорусских и белорусских песен Гомельского уезда, записанных для голоса с аккомпанементом фортепиано. Вып. 1. СПб., 1881;
Гомельские народные песни (белорусские и малорусские). Записаны в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилевской губ. Зинаидой Радченко, с приложением 83 местных пословиц. СПб., 1888;
Сборник малорусских и белорусских народных песен Могилевской губ. Гомельского уезда Дятловицкой волости (180 песен). СПб., 1911.
І.У.Саммевіч.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма
(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),
бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.Пруса і Э.Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.
Літ.:
Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;
Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.
У.А.Васілевіч.
т. 18, кн. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ Галіна Аляксандраўна (н. 18.6.1932, Слуцк),
бел. фалькларыстка. Д-р філал. н. (1994). Скончыла БДУ (1956). У 1957—93 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследуе праблемы бел. фалькларыстыкі і нар. педагогікі, дзіцячы, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы сучасны фальклор. Складальнік зб-каў «Песні савецкага часу» (1970), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Ходзіць жораў па таку» (1993) і інш. Адзін са складальнікаў кн. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Веснавыя песні» (1979, аўтар уступу і камет.), «Валачобныя песні» (1980), «Беларускія народныя казкі» (1981, 2-е выд. 1986), «Казкі ў сучасных запісах» (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Беларуская народная творчасць».
Тв.:
Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Сустрэчы з казкай. Мн., 1984 (разам з К.П.Кабашнікавым);
Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляднай маст. асновы замоў. Мн., 1990;
Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА Леаніла Апанасаўна (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з Г.А.Каханоўскім і К.А.Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.С.Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».
Тв.:
Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.К.Бандарчыкам);
Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.С.Аксамітавым).
І.У.Саламевіч.
т. 10, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)