БУХТУ́ЕЎ Міхаіл Арцёмавіч

(23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛА́Й-ЛА́МА

[ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],

тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл. Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.

Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)