Трэ́пля (тре́пля) ‘трапанне лёну, канапель’ (слаўг., Нар. словатв.). Дэвербатыў, узыходзіць да *trep‑ja > *trep‑ati > трапа́ць2 (гл.). Сюды ж трэ́пля ‘пустая гаворка, балбатня’ (Мат. Маг., Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ВО́ЎНЫ,

комплекс тэхнал. працэсаў па падрыхтоўцы воўны-сыравіны да далейшай перапрацоўкі. Адбываецца на спец. прадпрыемствах воўнаапрацоўчай прам-сці — фабрыках па П.а.в. (на Беларусі ў пас. Ільіч Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.). Асн. этапы: сартаванне, трапанне, мыццё, высушванне.

Пры сартаванні атрымліваюць аднародныя па тэхн. якасцях партыі воўны. Сартаваная воўна на трапальных агрэгатах разрыхляецца, і пазбаўляецца мех. прымесей. Мыюць воўну ў мыйных агрэгатах цёплым (40—48 °C) мыльна-содавым растворам, выдаляюць тлушчапот, мінер. прымесі, адціскаюць, разрыхляюць і высушваюць пры т-ры 50—60 °C. Пры парушэннях рэжымаў П.а.в. ўзнікаюць заганы воўны: зніжэнне трываласці, пругкасці, эластычнасці, страта бляску.

Л.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адтрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак.

1. Трэплючы, ачысціць ад кастрыцы. Змяла ў мяльніцы я лён, Адтрапала лён траплом, — Засвяціў, як цудны сон, Лён шаўковым валакном. Купала.

2. Перастаць займацца трапаннем; скончыць трапанне. — Ай, дзеткі, — сказала [Стэфа]. — Я ўжо сваё і адцерла і адтрапала. Чарнышэвіч.

3. Разм. Прайсці пехатою. Адтрапаць трыццаць кіламетраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАДЗЕ́ННЕ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.

Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл. Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст. найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл. Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трепа́ние

1. развява́нне, -ння ср.; рва́нне, -ння ср.; матля́нне, -ння ср.; трасе́нне, -ння ср.; тармашэ́нне, -ння ср.; ту́занне, -ння ср.; перабіра́нне, -ння ср.; кудла́чанне, -ння ср.; цяга́нне, -ння ср.;

2. трапа́нне, -ння ср., дра́нне, -ння ср., бузава́нне, -ння ср.;

3. ля́панне, -ння ср., паля́пванне, -ння ср.;

4. трапа́нне, -ння ср.;

5. бузава́нне, -ння ср.; см. трепа́ть 1, 2, 4—6.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трапло́1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).

Трапло́2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трёпка ж.

1. (действие) трапа́нне, -ння ср., дра́нне, -ння ср.; бузава́нне, -ння ср.; ля́панне, -ння ср., паля́пванне, -ння ср.; см. трепа́ть 2, 4, 5, 6;

2. (побои) разг. лупцо́ўка, -кі ж., біццё, -цця́ ср.; (нагоняй) наганя́й, -ня́ю м.; чос, род. чо́су м., дыхт, род. ды́хту м.;

зада́ть (дать) трёпку (кому-л.) даць ды́хту (чо́су) (каму-небудзь);

трёпка не́рвов ту́занне не́рваў; ад’яда́нне вантро́баў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Трапа́ць1 (трыпа́ць, трэпа́ць) ’ачышчаць валакно ад кастрыцы пасля апрацоўкі на церніцы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Юрч., Ян., Сл. ПЗБ, ПСл, ТС), ’біць кісцю рукі’ (Нас., Байк. і Некр.), ’тузаць, гайдаць (пра вецер)’ (ТСБМ), ’ісці вялікую адлегласць’ (ТСБМ, Сцяц.), ’хутка ісці’ (Шат., Сцяшк., Адм.; зэльв., Нар. словатв.), ’хутка ўцякаць (ад пчол)’ (Ян.), ’ісці (пра дождж)’ (Ян.), ’танцаваць, скакаць’, ’імчаць, несці, б’ючы капытамі ў перадок’ (Юрч.), трапаць ногі ’хадзіць пехатой у далёкую краіну’ (Юрч. Фраз.), тръпаць ’марудна ісці, ледзь рухацца’ (мёрск., Нар. лекс.), трэпа́ты ’ачышчаць валакно’ (Сл. Брэс.), Укр. тре́паты ’трэсці’, ’ісці’, ’прагна есці’, трі́пати ’трэсці, вытрэсваць’, ’трапятацца на ветры’, ’матляцца’, ’дрыжэць’, ’ляскаць, лопаць (крыламі, хвастом)’, ’трэсці галавой, адмаўляючы што-небудзь’, ’бегчы’, рус. трепа́ть ’перабіраць, тузаць, тармасіць, торгаць, мяць, скубсці, ірваць, драць, бузаваць’, польск. trzepać ’штурхаць, біць, лупіць, махаць, трэсці чым-небудзь з размаху’, ’выбіваць пыл з адзежы, дываноў’, ’трэсці’, ’трапаць лён’, ’выганяць мёд з сотаў’, ст.-польск. trzepać konie ’чысціць коней’, каш. třepać ’брудзіць’, ’біць’, ’карыстацца анучкай’, н.-луж. tśepaś, tśapaś ’выбіваць’, ’грукаць’, ’махаць’, ’пастукваць’, ’сцябаць каго-небудзь’, в.-луж. třepać ’махаць’, чэш. třepat ’узмахваць крыламі’, ’ляпаць, ляскаць’, ’узбоўтваць’, ’трэсці будзячы’, мар. ’трапаць лён, каноплі’, славац. trepať ’махаць, размахваць’, ’стукаць’, ’трапаць лён’, ’біць, разбіваць (талеркі)’, славен. trepáti ’міргаць вачыма’, ’трапаць’, ’біць’, ’вытрэсваць, чысціць махаючы’, ’грукаць’, ’гнаць’, ’круціць’, ’пацепваць па плячы’, ’апладзіраваць’, ст.-славен. ’злёгку ўдараць’, харв. trȇpiti ’дрыжаць’, ’трапятацца, матляцца’, ’баяцца’, trȅnuti (< trepnuti), trȅpnut ’недасыпаць’, ’заплюшчваць вочы’, na‑trepati ’страсаць, скідаць’, ’уздрыгнуцца’, старое trepati ’біць’, балг. трѐпкам ’уздрыгваць’, ’міргатаць’, трѐпам ’забіваць’, трепвам ’дрыжэць’. Прасл. *trepati ’хутка ўдараць, біць’, ’рваць, раздзіраць’, ’пырхаць’, ’лётаць’, ’трэсці’, якое генетычна звязана з прасл. *trepetъ ’трапятанне, дрыжанне’, *tropa ’дарога’ (ЕСУМ, 5, 644) і роднаснае літ. trepsė́ti, trepénti ’тупаць нагамі’, trepinė́ti, trepsénti ’патупваць, таптацца, таўчыся’, ст.-прус. ert‑reppa ’пераступаць’, trapt ’ступаць’, гоц. þrabōn ’бегчы рыссю’, лац. trepidus ’неспакойны, які часта перабірае нагамі’, trepidāre ’тупаць нагамі’, ’бегаць туды-сюды’, ’кідацца’, ст.-грэч. τρέπω ’паварочваю, адхіляю, зменьваю’, τραπέω ’нагамі выціскаю віно з вінаграду’, алб. shtyp ’лаўлю, сціскаю’, ст.-інд. tṛprá‑, tṛpala‑ ’нясталы, рухомы’, афг. drabəl ’трэсці, сыпаць, націскаць’ (Фасмер, 4, 98–99; Сной₂, 781; Чарных, 2, 261; Брукнер, 581; Махэк, 657; Скок, 3, 496–497), якія ўзводзяцца да і.-е. *trep‑ ’таптацца, дробненька тупацець’ — гукаперайманне (Борысь, 649). Анаматапеічнае значэнне больш уласціва славянскім мовам, у той час як балтыйскім і іншым індаеўрапейскім мовам характэрна значэнне ’работа ног’ (Скок, 3, 496–497). Сюды ж трапа́ць ’вастрыць касу мянташкай’ (Ян.), трапа́ць ’знясільваць (ад хваробы)’ (Юрч. Вытв.), трапа́цца (перан.) ’цяжка працаваць, трацячы сілы’ (Юрч. СНС), трэпону́ті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое Мацкевіч (там жа, 141) выводзіць з польск. trzepnąć ’тс’, што не абавязкова, бо гэта рэгулярнае ўтварэнне з прасл. суф. *‑nǫ, параўн. трэпну́ць ’стукнуць’ (ТС), трапну́ць ’тс’ (Шат.), трапану́ць ’ударыць’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ); трапа́лка ’дошчачка, якой трэплюць валакно лёну’ (ігн., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Касп.), трапа́ло, трэ́пало ’тс’ (Чэрн.; пруж., Сл. ПЗБ), трэпло́ ’тс’ (Пятк. 1), трапа́чка ’тс’ (Сцяц., АБ, 9; шчуч., З нар. сл.; Скарбы, Сл. ПЗБ), трапы́шка ’тс’ (Бяльк., Юрч.; чач., ЛА, 5; Мат. Гом.; бялын., Янк. 3.), трапа́шка, трапу́шка ’тс’ (Сцяшк., Сцяц.; баран., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.; Жд. 3; Абабур.; Мат. Гом.), трэпа́лка, трэпа́шка ’тс’ (ПСл, ТС), тропа́чка ’тс’ (ТС), трыпа́чка, трэпа́шка ’тс’ (Сл. ПЗБ), трыпа́шка ’тс’ (в.-дзв., віл., воран., Шатал.; лях., Янк. Мат.; Бір. Дзярж.), трапёшка ’тс’ (талач., Шатал.), трэпа́чка, трэ́пач ’падстаўка (калодка з прымацаванай да яе вертыкальнай дошкай), на якой адбываецца трапанне’ (Уладз.; івац., Нар. сл.), трэпа́чка ’тс’ (драг., Выг.; Бес., Дразд.; бяроз., Шатал.), тряпы́шка ’тс’ (Юрч.; чэрык., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), трапло ’тс’ (Дразд., Сцяшк.), стряпы́шка ’тс’ (касцюк., ЛА, 4), трэпа́чка (пін., ЛА, 5), трапаві́ла ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.). Сюды ж трапа́льніца ’жанчына, якая трэпле лён’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; брэсц., гродз., мін., маг., віц., добр., ЛА, 3), трапа́нніца (Сцяц., ЛА, 3, Мат. Гом.), трапа́льшчыца ’тс’ (шальч., калінк., Сл. ПЗБ; аг.-бел. (без зах.-палес.), ЛА, 3), тріпа́ньніца ’тс’ (Юрч.), трэпа́льніца ’тс’ (Выг.), трэпа́лъныца ’тс’ (Сл. Брэс.), трэпа́лныця, трыпа́льныця ’тс’ (жабін., кам., ЛА, 2), тропа́льніца, трапа́тальніца ’тс’ (кобр., навагр., ЛА, 3), трапа́лка ’тс’ (рагач., чаш., ЛА, 3), трапа́чка ’тс’ (віц., гродз., мін., мазыр., бялын., ЛА, 3), трапло́ ’тс’ (шарк., чавус., ЛА, 3), трапа́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), трапля́ ’тс’ (навагр., ЛА, 3), трапа́ха ’тс’ (валож., ЛА, 3), трэпа́ло ’тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), тряпе́ц ’трапальшчык ільну’ (беш., шуміл., ЛА, 3; шуміл., Сл. ПЗБ; беш., Нар. сл.), тріпа́ньнік ’тс’ (Юрч.), трэпа́ч ’тс’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), трэпа́льніца ’драўляная падстаўка для трапання лёну’ (пін., Шатал.), трэ́пало ’тс’ (пін., ЛА, 5), трапа́шка ’тс’ (стаўб., чырв., З нар. сл.; навагр., Жыв. сл.); трапа́чка ’церніца’ (шчуч., ЛА, 4), трапа́лка, трапальня ’тс’ (зах.-гом., Трух.), трыпа́льня ’тс’ (драг., ЛА, 4); трапа́чка ’мухабойка’ (астрав., Ск. нар. мовы); тро́панка ’дзве жмені цёртага лёну, якія браліся для трапання’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; ст.-дар., капыл., Сл. ПЗБ), тре́панка, трэ́панка, тро́панка ’мера вытрапанага лёну’ (петрык., мазыр., слуц., глус., ЛА, 4), трэ́пач ’жменя трапанага лёну’ (лун., Шатал.), трапа́шка ’звязка кудзелі’ (жытк., Мат. Гом.).

Трапа́ць2 ’балбатаць, малоць языком’ (Шат., Юрч.; бых., ЛА, 2), ’гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), трапа́ць языко́м ’гаварыць лухту’ (Шат.), трапа́цца (разм.) ’гаварыць лухту, бязглуздзіцу, няпраўду; гаварыць несупынна’, ’расказваць, прагаварыцца аб чым-небудзь’ (ТСБМ), ’кепска сябе паводзіць’ (Касп.), трапану́ць ’сказаць не падумаўшы’ (Юрч. Сін.), трапа́цца языком ’пустасловіць, балбатаць’ (Растарг., Юрч. Фраз.), трапатну́ць, трапану́ць ’тс’ (Юрч. СНЛ). Сюды ж тръпа́чка ’балаболка’ (мёрск., Шатал.), трэпа́лка, трэпло́ ’балбатуха’ (Растарг.), ’балбатун’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом.; бых., ЛА, 2; глус., Янк. Мат.); трэпло́ ’тс’ (ТС), тряпло́ (шуміл., ЛА, 2), трапло́ ’рот’ (Мат. Гом.), трапло́ ’языкаты, балбатлівы’ (Сцяшк.), трапатанік, трапач, трапа́ннік ’балбатун’ (Юрч. СНЛ), трапа́к ’балбатун, лапатун’ (шальч., Сл. ПЗБ), трапа́ч ’пустамалот’ (Скарбы), трэ́пля ’пустая гутарка’ (Бяльк.), трапані́ца, трапня́, трапа́нне ’балбатня’ (Юрч. Вытв.), траплі́вы ’балбатлівы’ (Юрч. СНЛ), тряплі́высць ’балбатлівасць’ (Юрч. СНЛ), трапатня́ ’тс’ (там жа), трапу́шка, тряпышка ’той, хто многа, без толку гаворыць’ (Мат. Маг. 2), трапу́н, трапату́н ’балбатун’, трапу́ньня, трапу́ха, трапату́ння, трапату́ха ’балбатуха’ (Юрч., Вытв.), троп ’балбатня’ (мсцісл., Нар. ск.). Рус. трепа́ть ’малоць языком’, трепа́ться ’балбатаць’, польск. trzepać ’балбатаць, лапатаць, малоць языком’, чэш. třepatí ’гаварыць бязглуздзіцу, пустасловіць’, славац. trepať ’тс’. Познепраславянская семантычная інавацыя паводле падабенства дзеяння з дзеясловам трапа́ць1 (< прасл. *trepati) (гл.), параўн. асабліва значэнне ’трапаць языком’. Не выключаны пераход значэння ’грукаць, таптаць моцна нагамі, хадзіць з грукатам’ (гл. тропаць ’тс’) > ’балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)