Тахта́ ’шырокая канапа без спінкі’ (ТСБМ). Новае запазычанне праз рус. тахта́ ’тс’, што, відаць, з каўказскіх моў (Чарных, 2, 230). Не выключана і непасрэднае знаёмства са словам праз мясцовае татарскае насельніцтва, параўн. тур. tahta ’ўзвышэнне’ ў турэцка-польскім слоўніку з кітаба Хасяневіча 1840 г., гл. Мішкінене, Orientas, 116. Першакрыніцай можа быць перс. тӓхт ’трон; кушэтка; ложак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.

1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.

2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.

3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.

[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арда́татарскае войска’, ’саюз плямён, дзяржава ў старажытных усходніх народаў’, ’шумны, неарганізаваны тлум’ (БРС), ’дружына жаніха, што едзе за нявестай’ (таксама ірда — Нікольскі, 55), арду тварыць суматоха, дзіцячыя гульні’ (Нас. Сб.; Янкоўскі, докт. дыс., 1, 333). Старажытнарускае (з 1307) працягваецца ў старабеларускай, дзе таксама горта ’арда’ (Булыка., Запазыч., 228). Рус., укр. орда́ ў розных значэннях. Канчатковая крыніца цюрк. ordu (ortu) ’лагер, стан войска, рэзідэнцыя хана’ ўжо ў старажытнацюркскіх мовах (Др.-тюрк.), вядома ў многіх цюркскіх мовах. Усходнеславянскае слова з цюркскай; ст.-бел. горта (1691) праз польскую з нямецкай (параўн. Брукнер, 381). Фасмер, 3, 150; БМ, 43, Курс суч., 161. Ірда, магчыма, з украінскай. Думка Бугі, 2, 507 (параўн. таксама Жучкевіч, Топон., 159), пра паходжанне бел. арда ’шум, беспарадак’ з літ. ardà ’спрэчка’ малаверагодна: аналагічныя значэнні вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Супрун, Зб. Крымскаму, 126–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́ктатарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІСЛА́М (араб., літар. пакорнасць, адданне сябе волі Бога),

мусульманства, адна з трох сусв. рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у Аравіі ў пач. 7 ст. Заснавальнік — Мухамед. Веравызнанне І. выкладзена ў свяшчэннай кнізе Каран. Яно грунтуецца на 7 догматах веры: у адзінага Бога — Алаха; у анёлаў; ва ўсе кнігі Гасподнія (Тора, Евангелле, Псалмы і Каран); ва ўсіх пасланнікаў Алаха, у т. л. Адама, Майсея (Муса) і Ісуса Хрыста (Іса бен Марыям), якія прызнаюцца папярэднікамі Мухамеда; у прадвызначэнне; у канец свету і судны дзень; уваскрэсенне памерлых. Культ І. абапіраецца на 5 «слупоў веры»; спавяданне веры — абвяшчэнне, што «няма бога акрамя Алаха, і Мухамед — пасланнік божы» (шахада); штодзённая 5-разовая малітва (салят); падатак у суме ​1/40 ад гадавога прыбытку (для асоб, якія валодаюць пэўным мінімумам маёмасці) на карысць бедных (закят); пост саўм (цюрк. — ураза) у месяц рамадан (цюрк. — рамазан); паломніцтва ў свяшчэнны горад Мекку (хадж). Вял. значэнне надаецца рэліг. святам; ід-аль-адха (цюрк. — курбан-байрам), ід-аль-фітр (цюрк. — ураза-байрам) і інш., існуюць шматлікія абрады і рытуалы. Акрамя Карана мусульмане прызнаюць Суну (свяшчэннае паданне, выкладзенае ў апавяданнях пра жыццё і дзеянні прарока Мухамеда). На Каране і Суне грунтуецца шарыят — збор норм мусульманскага права. Сучасны І. падзяляецца на 2 асн. кірункі: сунізм (лічыцца артадаксальным кірункам) і шыізм (у ім Суна прызнаецца толькі часткова). Духавенства ў І. (мулы, імамы, муфтыі і інш.) выбіраецца вернікамі і не мае такой складанай іерархіі, як хрысціянскае, няма пасвячэння і ступеняў свяшчэнства. Паслядоўнікі І. складаюць большую частку насельніцтва многіх краін Азіі і Афрыкі. У краінах СНД І. пашыраны ў народаў Паволжа, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Паводле Ісламскай лігі, І. вызнае больш за 1 млрд. вернікаў. Дзейнічае Арганізацыя Ісламская канферэнцыя (з 1971, аб’ядноўвае 45 краін), створаны Ісламскі банк развіцця. На землях Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва. У канцы 14 ст. з’явіліся ў Беларусі першыя мячэці. У 1591 у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тыс. татар, якія мелі амаль 400 мячэцяў. У 17 ст. мусульмане трапілі пад уплыў каталіцкай царквы, іх колькасць зменшылася да 30 тыс. Працэс адыходу ад І. і асіміляцыі бел. татар працягваўся і ў наступным стагоддзі. Паводле перапісу 1897 у Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ. пражывала 13 877 мусульман. У 1939 у Зах. Беларусі было 17 мячэцяў і 2 малітоўныя дамы. Пасля Вял. Айч. вайны у БССР дзейнічала адзіная мячэць у Іўі. У 1980-я г. пачалося ажыўленне рэліг. і грамадска-культ. дзейнасці сярод татар. У Беларусі дзейнічаюць 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні: Мухтасібат Рэспублікі Беларусь (з 1993) і Муфтыят Рэспублікі Беларусь (з 1994). І. спрыяе захаванню нац. самасвядомасці бел. татар у іншаэтнічным і іншарэліг. асяроддзі.

Літ.:

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;

Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;

Encyclopaedia of Islam. T. 1—7. Leiden, 1956—93 (выд. працягваецца).

Ю.​А.​Крыніцкі.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)