ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),
расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.
т. 1, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАЗДЗЕ́ЦКІЯ, Праздзецкія,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Рох III» у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Карысталіся графскім тытулам, які ў 1843 зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:
Мікалай Уладзіслаў (каля 1620—11.10.1683), сын Пятра Паўла. Стольнік упіцкі ў 1658—66, ашмянскі стольнік у 1666—67, харунжы ў 1667—70 і маршалак з 1670, падваявода віленскі ў 1668—69, кашталян навагрудскі з 1677. Пасол на соймы 1665—76, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1683. Аляксандр (каля 1665 — каля 1734), сын Крыштофа. Мазырскі стольнік у 1691—94 і харунжы ў 1694—1726, мечнік ВКЛ у 1707—09, кашталян інфлянцкі з 1726. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Антоні Тадэвуш (5.9.1718, г. Трокі — 28.3.1772), сын Аляксандра. Вял. пісар ВКЛ у 1739—50, вял. падчашы ў 1750—52, рэферэндары ў 1752—64, падканцлер з 1764. Пасол на соймы 1740—64, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1739. Рэгіментар (палкоўнік) Бел. дывізіі (1764), фактычны кіраўнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Міхал (1.5.1747, г. Заслаўе — 1799), сын Антонія Тадэвуша. Вял. пісар ВКЛ з 1777. Староста пінскі ў 1772—77, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Кароль-Дамінік (1780 або 1781, Чорны Востраў — крас. 1832), сын Міхала. У 1812 абраны маршалкам Завілейскага пав. У вайну 1812 падтрымаў Напалеона, прызначаны камандзірам 18-га Нясвіжскага палка уланаў. Удзельнічаў у бітвах пад Койданавам 15.11.1812, Лейпцыгам 19.10.1813, у 1816 выйшаў у адстаўку з войска Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 абраны камандуючым узбр. сіламі Ашмянскага пав., у Смаргоні сфарміраваў конны і пешы паўстанцкія атрады. 29.4.1831 яго войскі разбіты, перайшоў у штаб А.Гелгуда. Аляксандр (27.7.1814, Чорны Востраў — 26.12.1871), сын Канстанціна, унук Міхала. У 1832—34 вучыўся ў Берлінскім ун-це. Аўтар гіст. прац «Падолле, Валынь, Украіна: Карціны мясцін і часоў» (т. 1—2, 1841), «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы ...» (1854), «Польскія Ягелонкі ў XVI ст.» (т. 1—5, 1868—78). Разам з М.Грабоўскім і М.Маліноўскім падрыхтаваў зб-кі дакументаў «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 1—2, 1843—44), дзе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі.
У.М.Вяроўкін-Шзлюта.
т. 13, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПІ́Н-ШУ́ЙСКІ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1586—3.5.1610),
рускі дзярж. і ваен. дзеяч, князь. У 1604 стольнік пры цару Барысе Гадунове. З прыходам да ўлады свайго сваяка Васіля Іванавіча Шуйскага ў 1606 прызначаны ваяводаю. Удзельнік задушэння Балотнікава паўстання 1606—07. У 1608 вёў перагаворы са шведамі аб саюзе супраць Ілжэдзмітрыя II, які аблажыў Маскву. У 1609—10 на чале рус.-швед. войска атрымаў шэраг перамог над войскам Ілжэдзмітрыя II, зняў аблогу Масквы і пераможцам увайшоў у сталіцу.
...СКАПІЯ (ад грэч. skopeō назіраю, разглядваю), другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да назірання, візуальнага даследавання чаго-н. (напр., рэнтгенаскапія, эндаскапія).
т. 14, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Ян Уладзіслаў) (26.6.1640—23.5.1703),
вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.
Тв.:
Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.
т. 12, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,
шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).
Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:
Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.
т. 1, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НСКІЯ,
княжацкі род у Расіі і ВКЛ. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:
Іван Уладзіміравіч (? — каля 1430), уладальнік Пронска. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя ВКЛ Вітаўта. Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча, намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча, ваявода кіеўскі з 1544. Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550 — каля 1595), сын Сямёна Глебавіча, стольнік ВКЛ у 1576—88, староста луцкі з 1580, кашталян трокскі з 1591. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. На яго сынах род П. у ВКЛ згас.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст. Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
В.С.Пазднякоў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,
княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:
Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.В.Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)