сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл.Яўрэйскае пісьмо).
І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
семі́ты
(ад гр. Sem, ад ст.-яўр. Sem = імя аднаго з сыноў біблейскага Ноя)
тэрмін, які прымяняецца ў адносінах да народаў, што размаўляюць на семіцкіх мовах (арабаў, сірыйцаў, яўрэяў і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРА́БСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.
Літ.:
Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БАў мовазнаўстве,
катэгорыя дзеяслова, якая паказвае адносіны вытворцы дзеяння да таго, хто гаворыць. Вызначаюць 3 асобы і адпаведна ім 3 асабовыя дзеяслоўныя формы адзіночнага і множнага ліку. Формамі 1-й асобы абазначаюць дзеянне (стан) таго, хто гаворыць («чытаю, чытаем»); формамі 2-й асобы — дзеянне (стан) таго, да каго звяртаюцца ў гаворцы («чытаеш, чытаеце»); формамі 3-й асобы — дзеянне (стан) таго, пра каго (пра што) гавораць («чытае, чытаюць»).
Сродкі афармлення катэгорыі асобы ў розных мовах розныя: у германскіх і раманскіх — адначасова асабовыя займеннікі і канчаткі, у семіцкіх — асабовыя канчаткі, займеннікі і прыстаўкі. У слав. мовах, у т. л. і беларускай, асабовыя формы дзеяслова перадаюцца праз канчаткі (у цяперашнім і будучым часе: «чыта-ю, прачыта-ю; чыта-ем, прачыта-ем; чыта-еш, прачыта-еш, чыта-еце, прачыта-еце; чыта-е, прачыта-е; чыта-юць, прачыта-юць»), асабовымі займеннікамі разам з асабовымі канчаткамі («я чыта-ю, я прачыта-ю; ты чыта-еш, ты прачыта-еш» і гэтак далей) ці асабовымі займеннікамі і назоўнікамі (у прошлым часе: «ён чытаў, вучань чытаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бальза́м (параўн. ст.-бел.балсам; Булыка, Запазыч.). Рус.бальза́м, укр.бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням.Balsam (< лац.balsamum < грэч.βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус.валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,
веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж.семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл.Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.
А.У.Верашчагіна.
Да арт.Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.
галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл.Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл.Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.С.Глушак, Р.М.Казловай, Р.В.Краўчуком, В.У.Мартынавым, А.Я.Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр.М., 1954;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;
Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ А́ФРЫКІ У Афрыцы жыве каля 760 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998). У расавых адносінах насельніцтва неаднароднае Прадстаўнікі негроіднай расы (каля 55% усяго нас.) жывуць на Пд ад Сахары. Блізкія да негроідаў маларослыя плямёны трапічных лясоў — пігмеі (каля 400 тыс.чал.). На Пд кантынента ў самастойную расавую групу вылучаюць бушменаў (сан) і гатэнтотаў (кой-каін; разам каля 175 тыс.чал.). Да еўрапеоіднай расы (каля 25% нас. Афрыкі) адносяцца арабскія і берберскія народы на Пн, якія ўваходзяць у паўд. адгалінаванне гэтай расы, і нашчадкі эмігрантаў з Еўропы (найб. у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, ПАР; каля 15% яе нас.). На ПнУ, у зоне кантактаў паміж негроідамі і паўд. еўрапеоідамі, яшчэ ў старажытнасці склаўся эфіопскі расавы тып; мяшаныя формы (т.зв. пераходныя і мяшаныя групы Судана) характэрныя і некаторым інш. народам на паўд. межах Сахары (фульбе, тубу, кануры і інш.). У выніку змяшання ў 17—19 ст. на Пд Афрыкі афрыканераў (бураў) і англічан з карэннымі жыхарамі ўтварыліся т.зв. каляровыя (больш за 3 млн.чал.). Усяго мяшанага еўрапеоідна-негроіднага насельніцтва каля 20%. Мальгашы на в-ве Мадагаскар належаць да паўд. адгалінавання мангалоіднай расы.
Афрыку насяляе больш за 1 тыс. народаў і буйных плямён. У канцы 20 ст. ў многіх раёнах кантынента сфарміраваліся і фарміруюцца новыя народнасці і нацыі з родаплемянных і лакальных этн. груп. 198 народаў налічваюць больш за 500 тыс.чал. кожны, іх агульная колькасць 664,7 млн.чал., або 87,5% усяго насельніцтва Афрыкі. З іх 6 народаў больш за 20 млн.чал. (егіпецкія арабы, або егіпцяне, — 54,2, хаўса — 30,8, іаруба — 26,2, фульбе — 23, ігба — 21,6, алж. арабы, або алжырцы, — 21,2) і 21 народ большы за 5 млн.чал. (мараканскія арабы, або мараканцы, — 19,4, арома, або гала, — 19, суданскія арабы, або суданцы, — 15, малагасійцы — 12,8, берберы Магрыба — 12, самалі — 10,3, малаві — 9,4, конга — 9,2, шона — 8,7, макуа — 8,5, руанда — 8,3, зулу — 8,2, коса — 7,4, луба — 7,2, рундзі — 7,2, ібібіо — 6,8, туніскія арабы, або тунісцы, — 6,3, луа — 6,1, кікую — 6, тыграі — 6, тсонга — 5,3). Найб. разнастайны этн. склад у Судане, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Танзаніі, Кеніі, ПАР, Камеруне, Эфіопіі, Гане і Угандзе. Большая частка насельніцтва Афрыкі (каля 690 млн.чал., або 91%) належыць да дзвюх моўных сем’яў: семіта-хаміцкіх моў (афразійскіх моў) і нігера-кардафанскіх моў (конга-кардафанскіх моў). Народы семіта-хаміцкай моўнай сям’і (уваходзяць семіцкая, кушыцкая, чадская і берберская групы) расселены пераважна на Пн, ПнУ і часткова на З Афрыкі (каля 290 млн.чал., 38% нас. Афрыкі). На арабскай мове (належыць да семіцкіх моў) гавораць егіп., алжырскія, мараканскія, суданскія, туніскія і лівійскія арабы, маўры Зах. Сахары і інш. (усяго каля 137 млн.чал.), на інш.семіцкіх мовах — амхара, тыграі, гураге, тыгрэ (разам 30,8 млн.чал., усе — аснова эфіопскай нацыі, жывуць часткова ў Эрытрэі і Судане). Народы кушыцкай групы (больш за 35 млн.чал.) — арома, самалі, беджа, камбата, афар жывуць пераважна на У Эфіопіі і ў Самалі, асобныя невял. народы — у Судане, Эрытрэі, Кеніі, Танзаніі. Народы чадскай групы, якую раней па найб. народзе называлі групай хаўса (больш за 35 млн.чал. — хаўса, бура, мандара, бадэ і інш.), расселены на Пн Нігерыі, у Нігеры, у раёнах на Пд і У ад воз. Чад. Берберамоўнае насельніцтва (каля 27 млн.чал. — берберы разам з кабіламі, рыфамі, шавія і інш., а таксама туарэгі), якое раней было пашырана ў Паўн. Афрыцы, цяпер жыве ў горных раёнах Марока, Алжыра і Туніса, у асобных раёнах Сахары. Амаль уся трапічная Афрыка на Пд ад Сахары і пояса саваннаў, у т. л.Цэнтр., Усх. і Паўд., заселена народамі нігера-кардафанскай моўнай сям’і (каля 400 млн.чал., 53% насельніцтва кантынента). Падзяляецца на 2 групы: нігер-конга і кардафанскую. У моўную групу нігер-конга ўваходзіць больш за 99% носьбітаў моў гэтай сям’і, яна падзяляецца на 6 падгруп: бенуэ-конга, ква, зах.-атлантычная, гур, мандэ, адамаўа-ўсходняя. Пераважная частка трапічнай і Паўд. Афрыкі населена народамі падгрупы бенуэ-конга. Каля 90% іх колькасці на Пд ад 6°паўн. ш. прыпадае на народы банту (больш за 200 млн.чал.). Найб. народы малаві, конга, шона, макуа, руанда, зулу, коса, рундзі, кікую, тсонга, тсвана, лух’я, монга, ньямвезі, суто, ганда, авімбунду, фанг, камба. На У Афрыкі разам з інш. мовамі банту вельмі пашырана ў якасці мовы міжнац. зносін мова суахілі, якой акрамя народа суахілі (2,4 млн.чал.) карыстаецца каля 60 млн.чал. У прыморскіх раёнах Зах. Афрыкі ад Ліберыі да Нігерыі пашыраны мовы падгрупы ква (больш за 92 млн.чал.), найб. народы — іаруба, ігба, ашанці, біні, эве, фон, бетэ, іджа, фанці, аньі, бауле, нупе і інш. У Зах. Афрыцы на Пн ад народаў падгрупы ква насельніцтва гаворыць пераважна на мовах зах.-атл. падгрупы (каля 36 млн.чал.), падгрупы гур, або вальтыйскай (каля 15 млн.чал.) і падгрупы мандэ (каля 16 млн.чал.). Найб. народы зах.-атл. падгрупы — фульбе і валоф, падгрупы гур — мосі, сенуфа, гурма; падгрупы мандэ — малінке, бамбара, мендэ, санінке, сусу. Пераважна ў Цэнтральнаафр. Рэспубліцы і на ПнДэмакр. Рэспублікі Конга жывуць народы адамаўа-ўсходняй падгрупы (каля 8,5 млн.чал.) — зандэ, банда, гбайя і інш. На Пд Сахары, ва Усх. Судане, у басейне верхняга цячэння р. Ніл, часткова ў Кеніі, Танзаніі і Угандзе жывуць народы ніла-сахарскай сям’і (каля 38,5 млн.чал., 5% нас. Афрыкі). Вылучаюць 6 моўных груп, найб. колькасць мае шары-нільская група (больш за 28 млн.чал.); найб. народы — луа, дзінка, календжын, нубійцы, тэса, нуэр, ланга, мору-мангбету, сара. З інш. груп гэтай моўнай сям’і вылучаюцца народы кануры і сангай. Востраў Мадагаскар і суседнія астравы насяляюць мальгашы — прадстаўнікі зах.-аўстранезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў. Пустыню Калахары і суседнія раёны насяляюць гатэнтоты (кой-каін) і бушмены (сан), іх мовы складаюць кайсанскую сям’ю моў. Насельніцтва еўрап. паходжання — афрыканераў (бураў), англаафрыканцаў, англічан, іспанцаў, партугальцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў і інш. каля 12 млн.чал. (1,6% нас. кантынента). Найбольш іх у ПАР. Там жывуць і групы еўрап.-афр. метысаў (т.зв. каляровыя), якія гавораць на афрыканерскай і англ. мовах. Іх крыху больш за 3 млн.чал. На Канарскіх а-вах жывуць іспанцы (каля 1,5 млн.чал.), на в-ве Мадэйра — партугальцы (каля 0,3 млн.чал.). На Пд і У Афрыкі жывуць групы выхадцаў з Індыі і Пакістана. Ураджэнцы Еўропы і п-ва Індастан складаюць большасць насельніцтва Маскарэнскіх і некаторых інш. дробных астравоў. У Афрыцы ёсць невял. групы выхадцаў з Кітая, Інданезіі, араб. краін Азіі.
Больш за 41% вернікаў у Афрыцы вызнаюць іслам, 48% — хрысціянства, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Мусульмане-суніты складаюць абсалютную большасць насельніцтва (больш за 85%) у 12 краінах пераважна на Пн Афрыкі: у араб. краінах, Маўрытаніі, Малі, Нігеры, Самалі, Гамбіі, Джыбуці. Каля 30—50% насельніцтва — мусульмане, жывуць у Нігерыі, Эфіопіі, Танзаніі, Кот-д’Івуары, Буркіна-Фасо, Чадзе, Сьера-Леоне. У 26 краінах Зах., Цэнтр., Усх. і Паўд. Афрыкі большасць вернікаў — хрысціяне. Яшчэ ў 11 краінах іх ад 20 да 50%. Больш за 85% насельніцтва хрысціян у Рэспубліцы Каба-Вердэ, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Лесота, Экватарыяльнай Гвінеі, Бурундзі, Намібіі, Габоне, Рэспубліцы Конга, Анголе. У Нігерыі 50% насельніцтва — хрысціяне, пераважаюць на Пд, у Эфіопіі — 58%, пераважна монафісіты, жывуць на З і Пн, у ПАР 73%. Сярод хрысціян прыкладна па 40% католікаў і пратэстантаў, астатнія монафісіты і праваслаўныя, а таксама прыхільнікі незалежных хрысц.афр. цэркваў і сектаў. Традыц. вераванні пашыраны сярод значнай часткі карэннага насельніцтва на Пд ад Сахары, асабліва ў Ліберыі, Буркіна-Фасо, Цэнтр.-Афр. Рэспубліцы, Конга, Зімбабве, Замбіі. У Афрыцы жыве каля 1,5 млн. індуістаў, ёсць групы будыстаў, канфуцыянцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ А́ЗІІ У Азіі жыве каля 3630 млн.чал.
(ацэнка на пач. 1998). У антрапал. і моўных адносінах гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў зямнога шара. Людзі засялілі асн. раёны Пярэдняй, Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі на ранніх этапах гісторыі чалавецтва. У Паўд.-Зах. Азіі, магчыма, адбывалася фарміраванне чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens). У перыяд верхняга палеаліту людзі рассяліліся на большай ч. Азіі. Праз яе тэрыторыю яны праніклі ў Амерыку, Аўстралію, Акіянію. Найстараж. цывілізацыі ўзніклі ў Месапатаміі, далінах Інда і Хуанхэ. У Азіі ёсць прадстаўнікі ўсіх 3 вял.рас. Да мангалоіднай расы належыць амаль усё насельніцтва Усх., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі, невял. групы насельніцтва Паўн., Паўд. і Пярэдняй Азіі. Яны падзяляюцца на 2 асн. групы — усходнюю (каля 1270 млн.) і паўднёвую (каля 1100 млн.). Да еўрапеоіднай расы (каля 980 млн.) адносяцца розныя тыпы яе паўд. адгалінавання (пярэднеазіяцкі, або арменоідны, індаафганскі і інш.),
народы Паўн. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Індыі. Прадстаўнікі аўстралоіднай расы (каля 10 млн.) жывуць у горных раёнах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У зоне стараж. кантактаў паміж еўрапеоідамі і аўстралоідамі ўтварыўся паўд.-індыйскі расавы тып (каля 280 млн.).
Азію насяляе больш за 1 тыс. народаў, якія знаходзяцца на розных ступенях этн. развіцця. 122 народы налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, іх агульная колькасць 3325 млн.чал., або 92% усяго насельніцтва Азіі, з іх 5 народаў налічваюць больш за 100 млн.чал. (кітайцы 1120, хіндустанцы -244, бенгальцы 190, японцы 124, панджабцы 100) і 38 народаў — больш за 10 млн.чал. [біхарцы 97,6, тамілы 91,1, яванцы 89, тэлугу 75, тай 70, карэйцы 69,7, маратхі 66,5, в’етнамцы 61,5, туркі 50, гуджаратцы 47, малаялі 35, каннара 35, м’янма 33,3, орыя 33,3, афганцы 30,5, бісая 26,8, персы (іранцы) 25,5, рускія 25, сунды 24,5, малайцы 21, курды 18, лао 18, узбекі 18, раджастханцы 17,4, азербайджанцы 17, сіндхі 16,7, чжуан 16, асамцы 15,8, йеменцы 15, іракцы 14,5, тагалы 13,4, непальцы 13,3, сінгалы 12,7, мадурцы 10,8, саудаўцы 10,3, сірыйцы 10,1, кхмеры 10, маньчжуры 10). Краіны Азіі пераважна шматнацыянальныя. Аднародныя ў нац. адносінах Японія, Бангладэш, Карэя, Арменія, Манголія і большасць араб. краін. Народы, якія гавораць на кітайска-тыбецкіх, тайскіх, в’етнамскай, мяо-яоскіх, мон-кхмерскіх, мунда і дравідыйскіх мовах, жывуць толькі ў Азіі. Вялікія групы народаў гавораць на індаеўрапейскіх, семіцкіх, алтайскіх і інданезійскіх мовах. Ізаляванае становішча ў сістэме моўнай класіфікацыі займаюць японцы і карэйцы (зрэдку адносяць да алтайскай макрасям’і), айны, андаманцы, бурышы, кеты, ніўхі, юкагіры. Азіяцкія народы, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, адносяць да індыйскай (індаарыйскай), іранскай і інш. моўных груп. Народы інд. групы (каля 920 млн.чал.) — хіндустанцы, бенгальцы, маратхі, біхарцы, панджабцы, гуджаратцы, орыя, раджастханцы, сінгалы, сіндхі, асамцы, непальцы, кашмірцы і інш. — жывуць пераважна ў паўн. і цэнтр.ч. Індастана; народы іранскай групы (каля 95 млн.) — персы, таджыкі, гілянцы, луры, афганцы, курды, белуджы, хазарэйцы, асеціны і інш. — насяляюць большую ч. Ірана, і Афганістана, шэраг раёнаў у Турцыі, Пакістане, на Каўказе.
3 індаеўрап. моўнай сям’і ў Азіі жывуць рускія — прадстаўнікі ўсх.-слав. падгрупы (Урал, Сібір, Д. Усход, Паўн. Казахстан і інш.); разам з імі ў меншай колькасці — украінцы і беларусы. Да індаеўрап. моўнай сям’і належаць таксама грэкі (Кіпр), армяне (Арменія), немцы (Зах. Сібір, Паўн. Казахстан). У семіцкую групу (гавораць на афраазійскіх, або семіта-хаміцкіх мовах; каля 75 млн.) уваходзяць арабы, асірыйцы і яўрэі Ізраіля. На алтайскіх мовах гавораць народы: цюркамоўныя (120 млн.) — туркі, азербайджанцы, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, каракалпакі, татары, башкіры, тувінцы, хакасы, якуты, уйгуры, цюркскія плямёны Ірана і інш. — жывуць на большай ч. Турцыі, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, на Урале і ў Сібіры, у паўн.ч. Ірана і Афганістана; манголамоўныя (каля 10 млн.) — манголы Манголіі і Кітая, бураты; тунгуса-маньчжурскія (каля 11 млн., у т. л. 10 млн. уласна маньчжуры, якія гавораць пераважна на кіт. мове) — у Паўн.-Усх. Кітаі, а таксама ў Сібіры і на Д. Усходзе Расіі (эвенкі, эвены, нанайцы, ульчы і інш). З гэтымі народамі некат. даследчыкі збліжаюць карэйцаў і японцаў (генет. сувязі моў не высветлены).
Кітайская і тыбета-бірманская групы складаюць кітайска-тыбецкую сям’ю народаў (гл.Кітайска-тыбецкія мовы). У першую (1130 млн.) уваходзяць кітайцы і хуэй, жывуць пераважна на У Кітая, у другую (каля 75 млн.) — тыбетцы, м’янма (бірманцы), іцзу, карэны, розныя гімалайскія народы і інш., жывуць на ПдЗ Кітая, у Непале, на ПнУ Індыі, у М’янме. У Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі вылучаюць сям’ю аўстраазіяцкіх моў (каля 150 млн.), якая падзяляецца на 8 моўных груп. Найбольшыя народы — в’етнамцы, кхмеры, санталы, мунда, мяо. Там жывуць і народы паратайскай сям’і (каля 130 млн.) — тай (сіямцы), лао, чжуан, шан, буі і інш. Народы сям’і дравідыйскіх моў (каля 340 млн.) насяляюць Паўд. Індыю, найб. з іх тамілы, малаялі, каннара, тэлугу, гонды.
Астравы Паўд.-Усх. Азіі (Малайскі архіпелаг і Філіпінскія) і п-аў Малаку насяляюць народы інданезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў, гавораць на інданез. мовах (каля 300 млн. — яванцы, сунды, мадурцы, балійцы, бугі, макасары, бісая, тагалы, ілокі, мінангкабау, батакі, бікол, балійцы, малайцы Малайзіі і Інданезіі, банджары і інш.). На ПнЗ Азіі, у сярэдняй ч.бас.р. Об жывуць ханты і мансі — прадстаўнікі угорскай групы угра-фінскай моўнай сям’і. На Пн ад іх жывуць ненцы, нганасаны, селькупы, энцы, якія складаюць самадзійскую моўную сям’ю. На Каўказе жывуць народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах, у Паўн.Усх. Азіі — чукоцка-камчацкай і эскімоса-алеуцкай сем’яў, на У Інданезіі — папуаскіх сем’яў. У канцы 20 ст. ў Азіі паскорыліся працэсы нац. кансалідацыі, аб’яднання дробных этн. супольнасцей у вял. групы, плямён і племянных груп — у народнасці, ператварэння гэтых народнасцей у нацыі. У Азіі ўзніклі ўсе т.зв.сусв. рэлігіі. Іслам вызнае большасць насельніцтва Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Пакістана, Бангладэш, Інданезіі, Малайзіі. Ёсць мусульмане ў Індыі (99 млн.), Кітаі (27 млн.), на Філіпінах (5 млн.), у азіяцкай ч. Расіі (2 млн.), Тайландзе (2 млн.), Шры-Ланцы (1,5 млн.) і інш. Усяго ў краінах Азіі жыве каля 800 млн. мусульман. Будызм (каля 320 млн. вернікаў), які раней быў пашыраны ва ўсёй Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, пануе толькі ў М’янме, В’етнаме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы і ў Шры-Ланцы, пашыраны ў Кітаі (у тыбетцаў і манголаў у форме ламаізму) і Японіі (разам з сінтаізмам). У Кітаі распаўсюджаны таксама даасізм і канфуцыянства. У Індыі большасць насельніцтва вызнае індуізм (каля 80% насельніцтва краіны). Індуісты ёсць таксама ў Непале (17 млн.), Бангладэш (15 млн.), Шры-Ланцы (2,5 млн.), Інданезіі (4 млн.) і інш. Прыхільнікі хрысціянства пераважаюць ў Арменіі, Грузіі, Расіі, на Кіпры і Філіпінах, у Ізраілі — прыхільнікі іудаізму. У некат. народаў Азіі зберагліся свае племянныя рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САУ́ДАЎСКАЯ АРА́ВІЯ, Каралеўства Саудаўская Аравія (араб. Аль-Мамляка аль-Арабія ас-Саудыя),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе на Пн з Іарданіяй, Іракам, Кувейтам, на ПдУ з Катарам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, на Пд з Йеменам і Аманам. На ПдЗ абмываецца Чырвоным м., на ПнУ — Персідскім зал. Пл. 2,24 млн.км² (паводле інш. звестак ад 1,6 млн.км² да 2,4 млн.км²; межы С.А. праходзяць па пустынях і дакладна не вызначаны). Нас. 22 023 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Эр-Рыяд. Краіна падзяляецца на 13 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння каралеўства (23 вер.).
Дзяржаўны лад. С.А. — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы і духоўны кіраўнік — кароль, які адначасова з’яўляецца прэм’ер-міністрам, галоўнакамандуючым узбр. сіламі і вярх. суддзёй. Выканаўчы орган — Савет Міністраў, членаў якога назначае кароль. Дзейнічае Кансультатыўны савет (90 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады), які выпрацоўвае рэкамендацыі ўраду па пытаннях сац.-эканам. развіцця краіны, дае заключэнні па прававых актах і міжнар. пагадненнях.
Прырода. Большую частку краіны займае пласкагор’е выш. ад 200—300 м на У да 1000—1300 м на З, складзена з крышт. парод. Уздоўж Чырвонага м. горы Асіра і Хіджаза з г. Джабаль-Сауда (3353 м), прыбярэжная раўніна Тыхама.
Каля Персідскага зал. нізіна Эль-Хаса. Ва ўнутр. раёнах пустыні Вялікі Нефуд, Малы Нефуд, Руб-эль-Халі. Вял. запасы нафты — 35,8 млрд.т (25% сусв. запасаў, 1-е месца ў свеце) і прыроднага газу (5-е месца ў свеце) на У, каля ўзбярэжжа і на шэльфе Персідскага зал. Ёсць жал., свінцова-цынкавыя, медныя, залатыя і сярэбраныя руды, каменная соль і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны. Лета гарачае, сухое, зіма цёплая. Сярэдняя т-растудз. 10—20 °C, ліп. 30—35 °C. Ападкаў каля 100 мм за год, у гарах да 400 мм. Бываюць пясчаныя буры (самумы). Рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Гасп. значэнне маюць падземныя воды. Расліннасць пустынная і паўпустынная, разрэджаная. Характэрны паўхмызнякі (палын, астрагал) і травы; у аазісах — дрэвавая расліннасць (аравійская акацыя, міра, фінікавая пальма, фруктовыя дрэвы і інш). Для жывёльнага свету характэрны грызуны, змеі, яшчаркі, драпежныя птушкі. Сустракаюцца антылопы, газелі, дзікі асёл, гепарды, шакалы, гіены. Ёсць ачагі саранчы. Нац. парк Асір.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць арабы, у т. л. каля 82% — саудаўскія арабы, каля 13% — арабы з Йемена, Амана, Іарданіі і інш. Жывуць таксама іранцы, афрыканцы, выхадцы з Пакістана і Індыі, групы еўрапейцаў і амерыканцаў. Карэннае насельніцтва падзяляецца на плямёны, ёсць качэўнікі-бедуіны і паўкачэўнікі. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 10 чал. на 1 км², у аазісах і прамысл. раёнах да 50—100 чал на 1 км², у пустынях каля 1 чал. на 1 км². У гарадах 85% насельніцтва. Найб. гарады (млн.ж., 1998): Эр-Рыяд — 2,6, Мекка — 1,5, Джыда — 1,5, Медына — 0,5. У прам-сці, буд-ве і здабычы нафты занята 25% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у кіраванні —40%, у абслуговых галінах —30%. У краіне працуе некалькі мільёнаў замежных рабочых.
Гісторыя. Аравійскі п-аў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі стараж.-араб. плямёны. У 1-м тыс. да н.э. тут складаліся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У 4—6 ст.н.э. ў Аравіі фарміравалася адзіная араб. народнасць адначасова з узвышэннем вобл. Хіджаз на З Аравіі. У пач. 7 ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць араб. плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў створана вял. дзяржава — Арабскі халіфат (гл. Халіфат) са сталіцай у Медыне. Каля 660 халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы. У пач. 16 ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над зах. р-намі Аравіі — Хіджазам і ч. Асіра, а ў 19 ст. англічане падпарадкавалі паўд. і ўсх. ўзбярэжжа. Але цэнтр. вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пач. 18 ст. ў Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую засн. Сауд (п. 1725). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 падтрымаў рэліг. рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль-Вахаба, заснавальніка рэліг.-паліт. руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі б.ч. Аравіі. У 1811—18 войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 Саўдыды аднавілі свой эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891). У 1902 адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда [1902—53]. У 1906 ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913), Асір (1920) і Хіджаз (1925). У 1932 усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам С.А. З 1938 амер. кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусв. вайны асновай эканам. росквіту С.А. Потым каралеўствам кіравалі сыны Ібн Сауда: Сауд [1953—64], Фейсал [1964—75], Халед [1975—82] і Фахд [з 1982].
З 1964 пры Фейсале пераважная ўвага аддавалася развіццю нафтавай прам-сці, будаўніцтву інфраструктуры і г.д., усталяваны кантроль над здабычай нафты; пазіцыі С.А. ўзмацніліся ва ўсім мусульм. свеце. Яе ўрад аказвае вял.фін. дапамогу інш.мусульм. краінам. Ірана-іракская вайна 1980—88 падштурхнула Саўдыдаў да пошуку і замацавання сувязей з княствамі Перс. заліва. Яны сталі ініцыятарамі стварэння ў 1981 Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва, які аказваў дапамогу Іраку ў вайне з Іранам. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 С.А. выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнац. кааліцыі супраць Ірака. У знешняй палітыцы С.А. арыентуецца на ЗША і зах. краіны. С.А. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945), Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва (з 1981). Дыпламат. адносіны паміж С.А. і Рэспублікай Беларусь усталяваны 6.6.1997.
Гаспадарка. С.А. — індустр.-агр. краіна. Эканоміка змешанага тыпу, з важнай роляй і дзярж., і прыватнага сектараў. Гал.прамысл. кампаніі ў сумесным уладанні дзяржавы і замежных карпарацый. З 1970 краіна развіваецца па пяцігадовых планах. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 186 млрд.дол., па 8500 дол. на чал. Структура ВУП: прам-сць 47%, сельская гаспадарка 6%, сфера паслуг 47%. Аснову эканомікі складае нафтагазавая прам-сць. У 1998 здабыта 443 млн.т нафты (3-е месца пасля ЗША і Расіі; больш за 10% сусв. здабычы). Здабыча нафты эфектыўная, яна залягае неглыбока (да 2—3 тыс.м), маласярністая, свідравіны высокадэбітныя. Асн. радовішчы: Гавар, Абкайк, Сафанія, Маніфа і інш. на У краіны. Большая ч. прыроднага газу здабываецца на радовішчах Гавар, Сафанія, Зулуф. Працуюць 8 нафтаперапр. з-даў у Рас-Тануры, Рас-Хафджы, Джыдзе, Дахране, Эр-Рыядзе, Янбу, прадпрыемствы па звадкаванні газу на экспарт у Рас-Тануры, Абкайку, Янбу. Пераважная ч. нафты і прыроднага газу здабываецца дзярж. кампаніяй «Арамка» з удзелам амер. капіталу, кантроль над ёй ажыццяўляе дзярж.арг-цыя «Петрамін». Здабычу нафты вядуць таксама япона-араб. нафтавая кампанія АОС і амер. кампанія «Тэксака». На базе нафтагазавай сыравіны развіваецца вытв-сць аміяку, мачавіны, серы, полівінілхларыдаў, хім. угнаенняў, змазачных маслаў у Дамаме, Янбу, Джыдзе, Абкайку, Эль-Джубайлі. Вядзецца здабыча (пераважна замежнымі кампаніямі) золата, серабра, медзі, цынку, свінцу, кам. солі і інш.Вытв-сць электраэнергіі 110,1 млрд.кВт∙гадз (1998). Буйныя электрастанцыі ў Джыдзе, Эр-Рыядзе, Дамаме, Дахране, Мецы, Эт-Таіфе і інш. Электраэнергія шырока выкарыстоўваецца для апраснення марской і мінер. падземнай вады. З інш. галін прам-сці найб. развіты: металургічная (металург. камбінат у Эль-Джубайлі, сталеплавільны з-д у Дамаме, вытв-сць пракату ў гарадах на У краіны, алюмінію ў Янбу і Дамаме), машынабуд. і металаапр. (зборка грузавых і легкавых аўтамабіляў у Джыдзе і Эр-Рыядзе, вытв-сць кабелю і акумулятараў у Эр-Рыядзе, суднабудаванне ў Дамаме), цэм. (Джыда, Хуфуф, Эр-Рыяд, Янбу), тэкст. (вытв-сць свяшчэнных пакрывал для паломнікаў-мусульман, трыкатажу, швейных вырабаў; Джыда, Дамам), папяровая (Джыда, Дамам, Эр-Рыяд), буд. матэрыялаў, ваен., шкляная, запалкавая. У харч. прам-сці вылучаюцца малочная, мясная, кандытарская, алейная, вытв-сць безалкагольных напіткаў, перапрацоўка фінікаў. Саматужная і паўсаматужная вытв-сць адзення і абутку, шарсцяных тканін, сярэбраных і залатых упрыгожанняў, прадметаў рэліг. культу. Марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 54,1 тыс.т рыбы), здабыча крабаў, крэветак, жэмчугу, каралаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 130 млн.га зямлі, у т. л. каля 4,5 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля палавіны арашаецца), каля 125,5 млн.га пад пашай (паўпустыні і пустыні). Багарнае земляробства магчыма толькі ў гарах, найб. на ПдЗ (правінцыя Асір). Пануе буйное землеўладанне, якое спалучаецца з дробным землекарыстаннем. Гал. культура — пшаніца, валавы збор у 1998 2,4 млн.т, ураджайнасць 40,9 ц з 1 га. Вырошчваюць таксама ячмень, проса і сорга, кукурузу, люцэрну (на корм жывёле), агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, гранаты, міндаль, інжыр, персікі і інш.), вінаградарства, вырошчванне фінікавых пальмаў (штогадовы збор фінікаў каля 400 тыс.т) і кававых дрэў. Жывёлагадоўля пашавая, пераважна качавая і паўкачавая; у асн. гадуюць буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў, авечак, коз. У 1999 пагалоўе склала (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 0,3, авечак 8, коз 4,4, вярблюдаў 0,4. Птушкагадоўля (у 1999—125 млн. курэй). У 1998 С.А. пакрывала свае патрэбы ў харч. прадуктах за кошт уласнай вытв-сці на 70%, у т. л. пшаніцай, фінікамі, мясам птушкі на 100%, інш. збожжавымі на 50%, агароднінай на 83%, фруктамі на 66%, малочнымі прадуктамі на 55%, мясам на 48%. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 162 тыс.км, у т. л. 69,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; чыгунак 1390 км, магістральных нафтаправодаў 6,4 тыс.км, газаправодаў 2,2 тыс.км. У краіне 1,7 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,2 млн. грузавых і аўтобусаў, 72 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнар. (Эр-Рыяд, Джыда, Дахран). Гал. парты: Дамам, Эль-Джубайль, Дуба, Джыда, Джызан, Рас-Танура, Янбу. Экспарт у 1999 склаў 48 млрд.дол., імпарт 28 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (90%) і звадкаваны газ (каля 9%), у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, хімікаты, трансп. сродкі, тэкстыль. Гал.гандл. партнёры: ЗША (15% экспарту, 21% імпарту), Японія (адпаведна 17% і 9%), Францыя (4% і 5%), Рэспубліка Карэя (11% экспарту), Вялікабрытанія (9% імпарту), Германія, Сінгапур, Індыя, Італія і інш. Колькасць турыстаў у 1998 больш за 3,8 млн.чал., у т. л. больш за 2 млн. паломнікаў па святых месцах ісламу (Мекка і Медына), даход ад турызму 1,46 млрд. долараў. С.А. — краіна-донар. Яна аказвае эканам. дапамогу многім слабаразвітым краінам (пераважна мусульманскім), удзельнічае ў фінансаванні міжнар. фондаў развіцця. Грашовая адзінка — саудаўскі рыял.
Літ.:
Васильев А.М. История Саудовской Аравии (1975 г. — конец XX в.). 2 изд. М., 1999;
Holden D, Richard G. The House of Saud. New York, 1981;
Zacey R. The Kingdom: Arabia and the House of Saud. New York, 1981.
У.С.Кошалеў (гісторыя), П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Саудаўскай Аравіі.Да арт.Саудаўская Аравія. Горад Эль-Катыф.Да арт.Саудаўская Аравія. Аўтадарога Мекка—Таіф.