трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.

1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.

2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.

3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял.раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылу́дзіць ‘трызніць’, ‘хлусіць’ (Касп.), трылю́дзіць ‘балбатаць, пустазвоніць’ (Юрч.), трілю́дзіцца ‘пустазвоніць’, ‘здавацца, невыразна ўяўляцца’ (Юрч. Вытв.), турлю́дзіць ‘гаварыць лухту’ (Мат. Маг.); сюды ж трілю́да ‘бязлуздзіца, лухта’ (Юрч., Юрч. СНЛ), ‘бяссэнсіца відавочная’ (Юрч. Сін.), трілю́дзішча ‘тс’, ‘пустамеля’ (Юрч. Вытв.), трілю́дзіна ‘бязглуздзіца, лухта’ (Юрч. СНЛ), ‘пустамеля’ (Юрч.), трілю́джыньнік, трілюдзіньнік, трілюднік ‘балбатун, пустаслоў’, трілю́джыньня, трілюдзіння, трілю́дзіца ‘пустазвонства; бязглуздзіца’ (там жа). Пры параўнанні загалоўнага слова з лу́дзіць (гл.) у значэнні ‘кпіць, жартаваць, смяяцца’ (Нас.), ‘трызніць’ (Касп.), ‘маніць’ (мядз., Нар. словатв.), лудзі́ць ‘марнатравіць час’ (Шат.), ‘сварыцца’ (Сл. ПЗБ), несумненна, выяўляецца генетычная і тыпалагічная тоеснасць з другой часткай слова, што дае падставы суаднесці яе з укр. луди́ти ‘заманьваць’, рус. дыял. лу́ди́ть ‘красці плады і гародніну ў садах’, польск. łudzić ‘падмазваць’, чэш. louditi ‘выманьваць, выпрошваць’, славен. lúditi ‘маніць, дурачыць’; ‘праводзіць час’ і інш., што выводзяцца з прасл. *ludъ (ЭССЯ, 16, 167, 169). Палаталізаваныя варыянты слоў, прадстаўленыя на Магілёўшчыне і ў рус. дыял. трелю́дить ‘сваволіць, гарэзнічаць’, трелю́диться ‘жартаваць’, ‘здзекавацца’ і інш., могуць быць патлумачаны другасным збліжэннем з коранем люд‑, параўн. рус. дыял. трелю́дник — ‘аб пераборлівым, капрызным человеку’ (СРНГ). Спроба Мяркулавай (Этимология–1983, 60) вывесці іх з *trь‑juditi (j > l) падаецца менш прымальнай. Параўнанне з укр. трою́дитираз’ятрываць, раздражняць’ выклікае фармальныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі пачатковага тро‑ з узмацняльнай прыстаўкай тре‑ < ц.-слав. трь‑ для перадачы траічнасці і вышэйшай ступені якасці (ЕСУМ, 5, 653), якая выступае ў пачатку рускіх слоў і якой у беларускай мове адпавядае тры‑ (трі‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)