Gedihen n -s

1) рост, развіццё

2) по́спех, працвіта́нне, ро́сквіт

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Blüte f -, -n

1) кра́ска, кве́тка

2) цвіце́нне

3) працвіта́нне, ро́сквіт

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

благоде́нствие ср., уст. даста́так, -тку м., дабрабы́т, -ту м.; (процветание) ро́сквіт, -ту м., працвіта́нне, -ння ср.; (счастливая жизнь) шчаслі́вае жыццё;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,

папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.

У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.​Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),

палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт. арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в. Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв. к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

health [helθ] n.

1. здаро́ўе;

be in good health мець до́брае здаро́ўе

2. пра́ца па забеспячэ́нні медыцы́нскага абслуго́ўвання

3. дабрабы́т, даста́так, працвіта́нне; жыццяздо́льнасць;

the economic health of the country эканамі́чны ро́сквіт краі́ны

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Спарыння́ ‘паразітны грыб на збожжы, Claviceps purpurea Tul. (L.)’ (ТСБМ), спары́ня, спарыня́, спары́ння ‘тс’ (Шчарб.; шчуч., мядз., глыб., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. споринья́ ‘тс’, рус. спорынья́ ‘тс’, ‘поспех, працвітанне, прыбытак’, стараж.-рус. спорыня ‘багацце, лішак; ураджай’. Да спор1. Паводле Трубачова (гл. Фасмер, 3, 738), пераход да значэння ‘спарыння’, мабыць, меў эўфемістычны характар, хутчэй за ўсё, на базе знешняга падабенства зросшыхся каласоў (гл. спор, спарыш) з каласамі, заражанымі Claviceps purpurea.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спех ‘паспешлівасць, спешка’ (ТСБМ, Бяльк., Барад.), ‘поспех, спор’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘хуткасць, поспех’ (ТС). Параўн. укр. спіх, рус. спех, успе́х, польск. śpiech, в.-луж., н.-луж., чэш. spěch, славац. spech, славен. spẹh ‘паспешлівасць; працвітанне’, балг., макед. спех, ст.-слав. спѣхъ ‘паспешлівасць, прага’. Прасл. *spěxъ. Да спець (гл.). Параўн. лац. spēs, мн. л. spērēs ‘чаканне; надзея’. У праславянскай чакалася б *spěs‑; канчатковае ‑x тлумачыцца аналогіяй: *spěxъ: *spěti, як *grěxъ: *grěti; гл. Фасмер, 3, 734 з літ-рай; Сной₁, 700; Шустар-Шэўц, 1138–1139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр. росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус. росторо́пный ’кемлівы’, польск. roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл. *torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’вярцець’, ст.-інд. trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ. tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpàпрацвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ. stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ. stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл. *torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.

Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус. дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ. strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trap ’спех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛpráḥ ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpàпрацвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. strópti ’рабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)