БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.
Створаны ў г. Баранавічы ў 1940 як прамкамбінат. З 1968 хім. камбінат, з 1979 з-д быт. хіміі. Спецыялізуецца на выпуску мыйных сродкаў. Працуюць участкі: мыйных парашкоў, электродны, лакафарбавы, клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя парашкі і сінт. мыйныя сродкі, лакі і фарбы, электроды зварачныя, эмалі, грунтоўкі і шпаклёўкі на полімерызацыйных смолах, тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння.
т. 2, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫ ў хіміі,
тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл. Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.
Літ.:
Ермилов П.И., Индейкин Е.А., Толмачев И.А. Пигменты и пигментированные лакокрасочные материалы. Л., 1987.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАПЛА́СТЫ,
пластмасы на аснове амінаальдэгідных смол. Вырабляюцца ў выглядзе прэс-парашкоў, слаістых пластыкаў ці сітаватых матэрыялаў. Прэс-парашкі маюць у якасці напаўняльнікаў драўнінную і кварцавую муку, каалін; слаістыя пластыкі — ніткі, жгуты, тканыя і нятканыя палотны, азбест, паперу. Не маюць паху, стойкія да дзеяння слабых кіслот і шчолачаў, ацэтону, спірту, цепла-, святло- і водаўстойлівыя, дыэлектрыкі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці электратэхн. вырабаў (карпусы прылад, ізаляцыйныя матэрыялы), пластыкаў для мэблі і інтэр’ераў, драўнінна-стружкавых пліт, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
асфальтэ́ны
(ад асфальт)
састаўныя часткі асфальту, высокамалекулярныя рэчывы, выдзеленыя з нафты, якія ўяўляюць сабой парашкі цёмна-бурага або чорнага колеру.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дыспергава́ць
(лац. dispergere = рассейваць, рассыпаць)
раздрабняць цвёрдыя або вадкія целы ў якім-н. асяроддзі, у выніку чаго ўтвараюцца парашкі, суспензіі, эмульсіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЫНАМО́НЫ,
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.
З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.
т. 6, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.
Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.
На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.
Літ.:
Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;
Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.
А.Ф.Бубліеўскі.
т. 12, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэцэ́пт, -а, М -пце, мн. -ы, -аў, м.
1. Прадпісанне ўрача аб саставе лякарства, яго прыгатаванні і спосабе прымянення.
Выпісаць р. на парашкі.
Водпуск лякарстваў па рэцэптах.
Р. на акуляры.
2. Спосаб прыгатавання чаго-н.
Кулінарныя рэцэпты.
Р. варкі грыбоў.
3. перан. Настаўленне, парада, як дзейнічаць у тым ці іншым выпадку.
Цяжка даць р. на ўсе выпадкі жыцця.
|| прым. рэцэ́птавы, -ая, -ае (да 1 знач.), рэцэ́птны, -ая, -ае (да 1 знач.) і рэцэпту́рны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Рэцэптавы або рэцэптны бланк.
Рэцэптурны аддзел (у аптэцы).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ДЫСПЕРГАВА́ННЕ (ад лац. dispergo рассейваю, рассыпаю),
тонкае здрабненне цвёрдых цел або вадкасцей, у выніку якога ўтвараюцца дысперсныя сістэмы (парашкі, суспензіі, эмульсіі, аэразолі). Д. вадкасці ў газавым асяроддзі (паветры) звычайна называецца распыленнем, у іншай вадкасці (якая не змешваецца з першай) — эмульгаваннем.
Д. цвёрдых цел робяць з дапамогай млыноў тонкага здрабнення (шаравых, вібрацыйных, калоідных, струменных і інш.), гукавых і ультрагукавых ваганняў; пры Д. вадкасцей выкарыстоўваюць таксама турбулентнае (віхравое) перамешванне, розныя гомагенізатары. Д. больш эфектыўнае ў прысутнасці паверхнева-актыўных рэчываў — дыспергатараў і эмульгатараў Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэментаў, напаўняльнікаў, фарбавальнікаў, пігментаў, харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, пры спальванні вадкага і цвёрдага паліва і інш.
т. 6, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТНЫЯ ФА́РБЫ,
суспензіі пігментаў, напаўняльнікаў і інш. дабавак у водным растворы сілікатаў шчолачных металаў (шкле вадкім). Для атрымання С.ф. звычайна выкарыстоўваюць каліевае вадкае шкло K2O∙mSiO2∙nH2O∙(m ≥ 3, n = 2—5), шчолача- і святлоўстойлівыя пігменты і напаўняльнікі, пераважна аксіды, гідраксіды і карбанаты цынку, жалеза, алюмінію і тытану, метал. парашкі. Наносяць С.ф. на паверхню пры дапамозе распыляльніка, пэндзля або валіка ў 2—3 слоі. Утвараюць даўгавечныя вогнезасцерагальныя пакрыцці. Выкарыстоўваюць у буд-ве для вонкавых і ўнутр. работ, некат., т. зв. пратэктарныя, С.ф. для засцярогі ад карозіі метал. вырабаў (труб гарачага і халоднага водазабеспячэння, падводнай часткі карпусоў марскіх суднаў і інш.).
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)