АМІНАПЛА́СТЫ,

пластмасы на аснове амінаальдэгідных смол. Вырабляюцца ў выглядзе прэс-парашкоў, слаістых пластыкаў ці сітаватых матэрыялаў. Прэс-парашкі маюць у якасці напаўняльнікаў драўнінную і кварцавую муку, каалін; слаістыя пластыкі — ніткі, жгуты, тканыя і нятканыя палотны, азбест, паперу. Не маюць паху, стойкія да дзеяння слабых кіслот і шчолачаў, ацэтону, спірту, цепла-, святло- і водаўстойлівыя, дыэлектрыкі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці электратэхн. вырабаў (карпусы прылад, ізаляцыйныя матэрыялы), пластыкаў для мэблі і інтэр’ераў, драўнінна-стружкавых пліт, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)