По́сял ’чалавек, які ходзіць па сяле без справы’ (барыс., лях., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад сяло. па сяле, аналагічна пахату́ха ’тс’ ад хата, па хатах (Янк., 1: Сцяц., Афікс. наз., 243; Панюціч, 106). Параўн. віц. пайшоў на сяло ’пайшоў у госці да суседа’ (Непакупны, Связи. 82–84). Гл. пасялда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДРАБО́ТКІ,

форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДО́ЛЬШЧЫНА,

від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад ​1/4 да ​2/3 ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.

В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАВЫ́ ПАСРЭ́ДНІК,

пасада, уведзеная ў Рас. імперыі паводле «Палажэнняў» 19.2.(3.3).1861 аб адмене прыгоннага права для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861. Прызначаўся Сенатам па рэкамендацыі губ. улад з мясц. дваран-памешчыкаў (спачатку на 3-гадовы тэрмін, пазней — бестэрмінова). У межах свайго ўчастка (на Беларусі звычайна 5—7 валасцей) М.п. займаўся размежаваннем сял. і панскай зямлі, разбіраў спрэчныя пытанні паміж сялянамі і памешчыкамі, правяраў, зацвярджаў і ўводзіў у дзеянне ўстаўныя граматы, ствараў і кантраляваў органы сял. самакіравання, ажыццяўляў абмежаваную суд. (да ўвядзення міравых судоў) і паліцэйскую ўладу над сялянамі. Інстытут М.п. скасаваны (за выключэннем Закаўказзя і зах. губерняў, у т. л. беларускіх) у 1874, у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. — у 1878, у Віленскай і Гродзенскай — у 1904.

В.​П.​Панюціч.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́шлы ’растаропны’ (Мат. Гом.); ’знаходлівы, хітры’ (Цых.). Хутчэй за ўсё запазычана з рус. ушлый ’пранырлівы’, дзеепрыметнік ад уйти ’пайсці’, раней таксама ’пазбегнуць’; параўн. утвораныя ад таго ж кораня по́шлы ’моцны, дужы’, няпо́шлы ’нямоглы’ (Панюціч, Лексіка, 81), нядо́шлы ’тс’ і пад. Сюды ж, відаць, і ву́жлы ’праворны, спрытны’ (Яўс.) праз народна-этымалагічнае збліжэнне з вуж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́братдзеці ‘траюрадныя браты або сёстры’ (дзісн., Бел. дыял. 3). Слова, запісанае Я. Драздовічам у 20‑х гадах XX ст., спалучае лічэбнік тры (гл.) і вядомае ў смаленскіх гаворках словазлучэнне брат‑дети (брад‑дети) ‘дваюрадныя браты і сёстры’ (ССГ), параўн. збратдзетны ‘дваюрадны’ ў адносінах да дзяцей дзядзькі або цёткі (Панюціч, Лексіка, 35), гл. збратдзеці. Агульнае значэнне слова — ‘браты і сёстры ў трэцяй стрэчы’, гл. стрэча2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДРЭ́ЗКІ,

у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял. надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв. даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.

На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч. тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРНАЖЫ́ЦКІ (Канстанцін Іванавіч) (8.10.1902, в. Выдранка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.2.1942),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1934). Скончыў БДУ (1926). З 1930 працаваў у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Даследаваў агр. гісторыю Беларусі познефеад. і капіталіст. эпох, эвалюцыю феад. спосабу вытв-сці ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. і гісторыю генезісу капіталізму. Займаўся пытаннямі распаду феад.-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеад. перыяду на Беларусі. Разам з Дз.А.Дудковым абгрунтаваў капіталіст. характар агр. ладу Беларусі пасля сял. рэформы 1861 пры адначасовым захаванні значных перажыткаў прыгонніцтва. Адзін са складальнікаў зб. дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936). У 1937 арыштаваны, у 1939 асуджаны па 8 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча з XVII да паловы XIX ст. Мн., 1931;

Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Мн., 1932.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лайтру́га ушац. ’вялікі гультай’, паўд.-усх. ’распуснік’ (КЭС), рус. лотрыга, лотыга ’гулянка’, лантрыга ’тс’, ланстры́га ’нягоднік’, ’абадранец’. Да ст.-бел. лотръ ’бандыт’, якое праз ст.-польск. łotr — са ст.-чэш. lotr < ст.-в.-ням. loter, lotter ’лайдак, нікчэмны чалавек’, ’блазан’ (Слаўскі, 5, 221; Фасмер, 2, 458, 523; Панюціч, 102) і экспрэсіўнага суф. ‑уга. Аб устаўным (другасным) ‑й‑ гл. Карскі, 1, 304–306. Не выключаны, аднак, уплыў лексемы лайдак (гл.). Гл. таксама латру́га, лотра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЫХО́ДНІЦТВА,

часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр. прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс. чал. Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)