падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.
Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАРАПНЫ́Я (Acrania),
падтып хордавых жывёл. 1 клас — галавахордавыя, 2 роды — ланцэтнікі і Asymmetron (уключае 13 відаў дробных жывёл). Найб. прымітыўныя з сучасных хордавых. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Індыйскага, Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Жывуць на вял. глыбінях. Найб. вядомы ланцэтнік, які трапляецца і ў Чорным м.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 7,5 см. У адрозненне ад чарапных (гл.Пазваночныя) усё цела падзелена на сегменты, галаўны аддзел не адасоблены, чэрапа няма (адсюль назва), органы пачуццяў развіты слаба, сэрца адсутнічае (ёсць пульсуючы брушны сасуд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАПТАЛІ́ТЫ (Graptolithina),
падтып вымерлых марскіх каланіяльных жывёл тыпу паўхордавых, 2 класы: стэрэасталанаты (Stereostolonata) і грапталаідэі (Graptoloidea). Каля 180 родаў. Бентасныя, планктонныя або псеўдапланктонныя (прымацаваныя да водарасцей) арганізмы. Існавалі ад сярэдняга кембрыю да карбону, росквіт у ардовіку — сілуры і ніжнім дэвоне. На Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку і сілуру ў паўн.-зах. і паўд.-зах. раёнах.
Шкілет хіцінавы, мелі галінастую, сеткападобную і інш. будову, з цвёрдымі сталонамі або без іх. Планктонныя грапталіты мелі пнеўматафор (паплавок з газам) для падтрымання ў тоўшчы вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),
падтыпнайб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Абалоннікі (падтып марскіх жывёл) 1/12—13; 9/336; 11/74
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),
тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн.г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.
Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
туніка́ты
(лац. tunicatus = які мае абалонку)
падтып марскіх жывёл тыпу хордавых, цела якіх пакрыта тунікай 3 (апендыкулярыі, асцыдыі, пірасомы, сальпы і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойнымі і мяшанымі лясамі з мохавым, мохава-кусцікавым і мохава-травяным покрывам ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму і перыяд. ўвільгатнення. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны ў паўн. раёнах умераных шырот Еўропы, Зах. Сібіры, Д. Усходу, Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі, найб. плошчы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Вылучаюць уласна падзолістыя глебы ў лясах і акультураны падтып на ворных землях. Марфал. глебавы профіль складаецца з некалькіх гарызонтаў: пад спрадвечнымі лясамі вылучаюць лясны подсціл таўшчынёй да 10 см, далей падзолісты гарызонт папяліста-бялявага колеру (да 7 см), падзоліста-ілювіяльны гарызонт жаўтавата-бялявага колеру (15—20 см) і ілювіяльны гарызонт бурага, палевага, светла-жоўтага колераў, які пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. П.г. характарызуюцца кіслай рэакцыяй асяроддзя, невял. колькасцю гумусу і пажыўных элементаў, вільгаці. Для павышэння ўрадлівасці П.г. праводзяць арашэнне, вапнаванне глебы, уносяць арган. і мінер. ўгнаенні. Гл. таксама Глеба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКАВЫЯ, жгуціканосцы (Mastigophora),
падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, па інш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.
Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),
падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн.г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн.г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.
Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.