ЗЛАТАЎРА́ЦКІ (Мікалай Мікалаевіч) (26.12.1845, г. Уладзімір, Расія — 23.12.1911),

рускі пісьменнік. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (з 1909). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. Друкаваўся з 1866. Гал. ў творчасці З. — тэма перадрэформеннай вёскі, у адлюстраванні якой выявіўся яго народніцкі светапогляд (аповесці «Сяляне-прысяжныя», 1874—75, «Вясковыя будні», 1879, раман «Асновы», 1878—83). Аповесць «Залатыя сэрцы» (1877) прысвяціў радыкальна настроенай моладзі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. СПб., 1912—13;

Избр. произв. М., 1947;

Устои. М., 1951;

Воспоминания. М., 1956;

Надо торопиться;

Сироты 305 версты. М., 1961.

Літ.:

Семенкин К.Г. Н.Н.Златовратский. Ярославль, 1976.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.

М.Б.Ласінскі.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сацыялі́зм, ‑а, м.

1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.

2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.

3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.

•••

Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.

[Ад лац. socialis — грамадскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),

рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр. ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.

У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.

Тв.:

Собр. соч. и писем. Т. 1—4. М., 1934—35.

В.П.Оргіш.

т. 2, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў ЛІТВЫ ў Вільнюсе.

Утвораны ў 1957 як Цэнтральны дзярж. гіст. архіў Літ. ССР, які разам з інш. захоўваў дакументы Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. З 1990 сучасная назва. Захоўвае каля 900 фондаў, больш за 1,2 млн. спраў (1987). Зберагае крыніцы, якія маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі. Сярод дакументаў фонды Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, Радзівілаўскай камісіі, Таварыства сяброў навукі ў Вільні, упраўлення Віленскай навуч. акругі, калекцыі дакументаў Віленскай рымска-каталіцкай мітрапаліцкай курыі, Віленскай евангелісцка-лютэранскай калегіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віленскага Святадухаўскага манастыра, фамільныя зборы магнацкіх родаў Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. Пераважную частку архіўных збораў складаюць сац.-эканам. і грамадска-паліт. матэрыялы — інвентары, люстрацыі маёнткаў, лясніцтваў, старостваў, дакументы і вопісы актавых кніг земскіх і гродскіх судоў (Брэсцкага, Лідскага, Мінскага), кнігі Гродзенскай эканоміі, следчыя дакументы па справах філаматаў, «Братняга саюза літоўскай моладзі», удзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64, дакументы Віленскага ген.-губернатарства, Літоўскай, Віленскай, часткова Ковенскай, Аўгустоўскай і Сувалкаўскай губ., матэрыялы пра паўстанне 1794, вайну 1812, сял. рэформу 1861, сталыпінскія агр. рэформы, пра народніцкі і с.-д. рух, рэвалюцыю 1905—07, пра бел. газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», дакументы пра жыццё і дзейнасць Я.Чачота, К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Я.Коласа, Я.Купалы, Цёткі, матэрыялы (часам цэлыя асабістыя фонды) даследчыкаў бел. культуры А.Кіркора, Я.Карловіча, Е.Раманава, Я.Карскага і інш. 3 нарматыўных матэрыялаў захоўваюцца старадрукаваныя кнігі, эпісталярная спадчына, зборнікі літ. і публіцыстычна-паліт. твораў 17—18 ст. з рэлігійна-панегірычнымі вершамі. барочнай сатырай, сеймавымі прамовамі і інш.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ,

горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс. ж. (1997).

Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёна БССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.

У.М.Ліўшыц.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел. навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал. нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназія засн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.Н.Касовіч засн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.С.Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.Л.Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.П.Хейфіц засн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.Д.Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.

Літ.:

Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)