род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЦЭ́ЛІЯ (Phacelia),
род кветкавых раслін сям. вадаліснікавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі як пустазелле ў пасевах і на сенажацях трапляецца Ф. піжмалістая (Ph. tanacetifolia).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—70(80) см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, густаапушаныя белаватымі валаскамі. Лісце на кароткіх чаранках, перыстарассечанае або непарнаперыстае. Сіне-фіялетавыя шматлікія кветкі сабраны ў густыя коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯКА́ЧКА, стафілея (Staphylea),
род кветкавых раслін сям. клякачкавых. 11 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.: гімалайская (S. emodi), перыстая (S. pinnata), трохлістая (S. trifolia).
Дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце няпарнаперыстае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя або жаўтаватыя, у мяцёлках.
Плод 2—8-гнездавая каробачка. Бутоны ўжываюць як прыправу, квашаныя, марынаваныя, салёныя, насенне — ласунак, з яго вырабляюць пацеркі, ружанцы. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУНІ́ЦА, шчамяліца (Pulmonaria),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 3 віды М.: вузкалістая (P. angustifolia), мяканькая (P. mollissima), няясная, або цёмная (P. obscura). Трапляюцца пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы апушаныя простымі і залозістымі валаскамі. Кветкі 5-членныя, бэзавыя, ружовыя, сінія, фіялетавыя, у верхавінкавым суквецці завіток. Плод — арэшак. Трава М. мае дубільныя рэчывы. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТВІЦА (Lotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАКРО́ТКА, маргарытка (Bellis),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 6—7 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Міжземнамор’і. На Беларусі 1 від — С. шматгадовая (B. perennis). Трапляецца на вільготных лугах, узлесках. Культывуецца, мае махрыстыя формы і сарты з розным колерам кветак.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны выш. 3—25 см. Шматлікае лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае, часта па краі зубчастае. Кветкі, сабраныя ў суквецце кошык на прамастойных бязлістых кветаносах, чырв., ружовыя, белыя. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУ́ШКА (Nigella),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і Пярэдняй Азіі. На Беларусі 1 від — Ч. палявая (N. arvensis); заносная, зрэдку трапляецца ў зах. і паўд. раёнах. Як дэкар. расліна культывуецца Ч. дамаская (N. damascena), як прыпраўная — Ч. пасяўная (N. sativa).
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см. Сцябло простае або галінастае. Лісце вузкае, перыста- ці пальчата-рассечанае. Кветкі адзіночныя, жоўтыя ці блакітныя. Плод — шматлістоўка. Вострапрыпраўныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧОРНАГАЛО́ВІК, чорнагалоў (Prunella),
род кветкавых расл ш сям. ясноткавых. 5—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Ч.: буйнакветны (P. grandiflora) і звычайны, або гарлянка (P. vulgaris). Трапляюцца ў лясах, хмызняках, па берагах рэк, каля жылля.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі карэнішчамі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, часам галінастыя. Лісце супраціўнае, ад суцэльнага да перыстараздзельнага. Кветкі ў несапраўдных кальчаках, што ўтвараюць густое коласападобнае верхавінкавае суквецце. Плод — арэшак. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.